В Кореличском районе обследуют условия быта престарелых и одиноко проживающих

Павелічэнне колькасці пажылых людзей — тэндэнцыя сусветная, ад якой Беларусь не стаіць у баку. Напрыклад, у Карэліцкім раёне кожны трэці жыхар — пенсіянер. Таму асаблівая ўвага дзяржавы надаецца менавіта пажылым, асабліва адзінокім.

Наша рэйдавая група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і рэдакцыі раённай газеты «Полымя», наведалі адзінокіх пажылых грамадзян і на свае вочы ўбачылі, у якіх умовах яны жывуць і як сябе адчуваюць.

Першая сустрэча

Яўгенія Васільеўна Лейка жыве ў доме пад нумарам 95 па вуліцы Кастрычніцкай у райцэнтры. Дом вялікі і дагледжаны, у ім чатыры пакоі і кухня, праведзена газавае ацяпленне. Устаноўлена святло-гукавое ўстройства, а некалькі гадоў таму за кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы замянілі электраправодку.

Жанчына з ліку адзінокіх. Хаця сябе такой не лічыць: Яўгенію Васільеўну наведвае сацыяльны работнік Вольга Віктараўна Лагута. Прыбірае ў хаце,  дастаўляе прадукты, суправаджае ў райпаліклініку, купляе лекі.  «Вольга, быццам родная, такога чалавека трэба пашукаць», — прызнаецца 87-гадовая жанчына.

У Яўгеніі Васільеўны ёсць агарод. Цвітуць тут і  кветкі з ранняй вясны і да позняй восені, ад пралесак да хрызантэм.

— Жыццё на пенсіі мае сэнс, калі рухаешся і чымсьці займаешся.    Кансервую агуркі і памідоры, раблю салаты, — прызнаецца субяседніца, а сацыяльны работнік дадае: «У Яўгеніі Васільеўны дом адкрытых дзвярэй. Смачна гатуе і стараецца пачаставаць і кавай, і гарбатай. Яна вялікай душы чалавек».

Другая сустрэча

Дом Зінаіды Іванаўны Лежань у вёсцы Аканавічы Цырынскага сельсавета знаходзім адразу. У пакоях вельмі цёпла.

— Печку прапалілі? — цікавімся ў гаспадыні.

— Так, грэюся, — прызнаецца жанчына сталых гадоў.

Прадстаўнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях просіць дазволу абследаваць гарышча. Хутка вяртаецца і паведамляе, што там  парадак.

Зінаіда Іванаўна жыве ў доме з пляменнікам Сяргеем,  інвалідам 2-й групы. Да іх наведваецца сацыяльны работнік Таццяна Іванаўна Манько.

— Цудоўны работнік, — прадаўжае Зінаіда Іванаўна. — Па характары добрая, усё дапаможа, аб чым папрашу.

Зінаіда Іванаўна Лежань усё свядомае жыццё правяла ў працы — шчыравала ў сельскай гаспадарцы паляводам, свінаркай, даяркай. Працоўны стаж складае сорак два гады. Вельмі рада ўвазе мясцовай улады, удзячна за  клопат  старшыні Цырынскага сельвыканкама Аксане Віктараўне Гомза.

Трэцяя сустрэча

У вёсцы Аканавічы Цырынскага сельсавета жыве і Ганна Мікалаеўна Гомза.  Жанчына задаволена, калі да яе хтосьці наведваецца, асабліва — сацыяльнаму работніку Таццяне Іванаўне Манько. Яна дапамагае ў няхітрых справах: прыбярэ ў пакоях, памые адзенне, прынясе лекі.

Ганна Мікалаеўна за прадуктамі да аўтамагазіна  ходзіць сама, бо ён прыпыняецца  недалёка ад дома.  Ды і з вяскоўцамі пагутарыць, пачуе навіны аб тым, што адбываецца ў свеце.

Жанчына  шмат гадоў працавала майстрам на торфапрадпрыемстве «Міранка». Ладзіла з рабочымі. Цяпер таксама жыве па такім жа прынцыпе. Калі суседзі  прыходзяць, каб пацікавіцца здароўем, для яе гэта  важна.

Напрыканцы сустрэчы Ганна Мікалаеўна прызналася, што  любіць  пісаць вершы. Некаторыя з іх прачытала, і на душы стала неяк па-добраму цёпла. Як і  ў хаце гаспадыні, якая імкнецца на пенсіі проста жыць  і рабіць гэта прыгожа, як калісьці ў маладосці. Жыццё прадаўжаецца, і старасць ёй у радасць.

Слова — удзельнікам рэйду

Алена ЧАРТКО,

спецыяліст па сацыяльнай рабоце аддзялення пярвічнага прыёму, аналізу, інфармавання і падтрымкі ў крызіснай сітуацыі ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»:

— Двойчы ў год праводзім абследаванне жыллёва-бытавых умоў і выяўляем, у чым адзінокія пажылыя жыхары раёна маюць патрэбу. Шмат увагі ўдзяляем пытанням супрацьпажарнага стану, рамонту печак, электраправодак, рабоце аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, цікавімся патрэбнасцю паслуг цырульніка і пакосу травы на прысядзібных участках, прадастаўлення паслуг сацыяльнага работніка і сядзелкі, наяўнасці паліва і г. д.

Павел КУПРАС,

старшы інспектар сектара нагляду і прафілактыкі Карэліцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях:

— Кожны тыдзень у складзе назіральных камісій  прадстаўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правяраюць домаўладанні грамадзян пенсійнага ўзросту.  Падчас праверак з кожным з іх  праводзіцца прафілактычная гутарка. У выпадку выяўлення недахопаў выдаюцца рэкамендацыі на іх ліквідацыю. Пасля гэтага праводзіцца паўторнае абследаванне дамоў.

КАМПЕТЭНТНА

Дырэктар ДУ «Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна»

Інэса СЯМІБРАТАВА:

— Па стане на 1 кастрычніка 2023 года, на ўліку ў ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна» налічвалася 360 адзінокіх пажылых, 2994 адзінока пражываючых грамадзян.  Праведзена абследаванне ўсіх домаўладанняў.

За кошт сродкаў дзяржаўнай праграмы «Сацыяльная абарона на 2021-2025 г.г.» 9 чалавекам з гэтай катэгорыі выкананы рамонт пячнога ацяплення, двум — рамонт электраправодкі,  устаноўлена і заменена 42 аўтаномных пажарных апавяшчальніка.

У 2023 годзе за кошт рэзервовага фонду МНС 33 адзінокім, адзінока пражываючым і інвалідам устаноўлены святло-гукавыя ўстройствы.

Галіна СМАЛЯНКА

Фота Сяргея СТОЛЯРА