Педагог в третьем поколении Татьяна Литвинкович из г.п. Мир воспитывает будущих лидеров
За акном — дажджлівае кастрычніцкае неба, а па калідоры школы разносіцца вясёлы дзіцячы смех. Пакуль іду ў кабінет англійскай мовы, неаднаразова адказваю на шчырыя прывітанні вучняў. У кабінеце мяне чакае настаўніца англійскай мовы СШ г.п. Мір імя Г. І. Сташэўскай Таццяна Літвінковіч. Сёлета імя педагога занесена ў Віртуальную кнігу гонару маладых спецыялістаў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці. Таццяна кажа, што цырымонія ўручэння сертыфікатаў, якая прайшла ў пачатку кастрычніку ў Гродне, была вельмі насычанай і ўрачыстай.
Будучая настаўніца скончыла гімназію г. Вілейка Мінскай вобласці. Таццяна выбрала шлях педагога, бо гэта сямейная традыцыя. Бабуля дзяўчыны выкладае матэматыку, мама — інфарматыку, старэйшая стрыечная сястра таксама працуе настаўніцай, паступіла на педагагічны факультэт і малодшая сястра.
— У дзявятым класе я хацела стаць юрыстам, але потым захапілася англійскай мовай, і вырашыла вучыць гэтаму прадмету дзяцей, — расказвае Таццяна.
Каб атрымаць спецыяльнасць, дзяўчына паступіла на факультэт славянскіх і германскіх моў Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Гады, праведзеныя ў вну, яна ўспамінае з цеплынёй:
— Не дарма кажуць, што студэнцкія часы — самыя лепшыя ў жыцці. У БарДУ вельмі добрыя выкладчыкі. Яны імкнуца даць студэнтам не толькі веды, але і зацікавіць іх прадметам. На апошніх курсах бачыш у выкладчыках, асабліва ў тых, хто вядзе ў цябе прадметы з першага курса, сяброў.
Падчас размеркавання дзяўчына вельмі хвалявалася. Прызнаецца, што яе палохала магчымасць трапіць у глухую вёску, дзе няма ніякай інфраструктуры, але сяброўка паклікала з сабою ў Мір.
— Мне вельмі спадабалася ў пасёлку, я проста ў захапленні.
Па-першае, нас вельмі цёпла прынялі ў педагагічным калектыве. У школе створаны ўмовы для самаразвіцця, што таксама вельмі важна. Я магу падысці да калегі па дапамогу, і мне не адмовяць. І сама стараюся дапамагаць, калі трэба.
Па-другое, вабіць замак. Кожны раз, калі падыходжу да гэтых старажытных вежаў, прыхожу ў захапленне. Многія кажуць, што замак ім надакучыў, але мне здаецца, што гэтага не можа быць.
Таццяна кажа, што пажыла ўжо ў трох абласцях краіны: нарадзілася ў Мінскай, вучылася ў Брэсцкай, працуе ў Гродзенскай. У перспектыве наведаць астатнія рэгіёны нашай краіны.
Маладая настаўніца вучыць маленькіх міран англійскай мове ўжо трэці год. Прызнаецца, што выкладаць ёй вельмі падабаецца. На ўроках настаўніца выкарыстоўвае сродкі нагляднасці: прэзентацыі, раздатачны матэрыял, невялікія відэаролікі па тэме:
— Разам з дзецьмі развучваем невялікія англійскія вершыкі, спяваем песенкі. Вельмі падабаюцца рабятам англамоўныя фізкультхвілінкі, ёсць адна, якую любяць выконваць нават адзінаццацікласнікі. Увогуле, ёсць шмат праграм і сайтаў, на якіх можна знайсці нешта новае і цікавае па сваім прадмеце.
Адзін з вучняў, па словах настаўніцы рускай мовы і літаратуры, па-англійску чытае лепш, чым па-руску. Дзяўчыне гэта імпануе: значыць яна змагла прывіць цікавасць да свайго прадмета.
Ужо другі год на выхаванні настаўніцы яе любімы 9 “Б” клас. З ім Таццяна ходзіць у паходы, ладзіць цікавыя мерапрыемствы. Кажа, што школьнікі любяць праводзіць час са сваім класным кіраўніком, а ёй падабаецца быць з імі.
Акрамя выкладання свайго прадмета, Таццяна з’яўляецца настаўнікам дадатковай адукацыі, вядзе гурток у STEAM класе. Разам з вучнямі ствараюць камп’ютарную анімацыю, дзецям падабаецца ўсё новае. Дзяўчыне па душы праца з камп’ютарамі. У планах настаўніцы — стварыць сваю школу англійскай мовы, таму яна запісалася на курсы па праграмаванню.
У мінулым годзе Таццяна прыняла ўдзел у раённым конкурсе маладых спецыялістаў, дзе выступіла разам са сваімі вучнямі. Гэтым летам была валанцёрам на “Музычных вечарах у Мірскім замку”, два гады запар працавала ў летнім лагеры “Вясёлка”. Дзяўчына кажа, калі жыццё прапануе ёй такія эксперыменты, яна з задавальненнем згаджаецца, бо гэта цікава і прыносіць новы вопыт.
Сяргей СТОЛЯР
Фота з архіва Таццяны Літвінковіч