Да 120-годдзя з дня нараджэння акцёра тэатра і кіно Аляксандра Ільінскага з г.п. Мір

Карэліцкі край – гэта той куточак Беларусі, які падараваў нашай краіне і ўсяму свету шмат знакамітых асоб. Сярод іх ёсць і вядомы тэатральны дзеяч, які ўнёс свой вялікі ўклад у культурнае жыццё грамадства.

Аляксандр Ільінскі ў ролі Несцеркі

Ільінскі Аляксандр Канстанцінавіч – беларускі, савецкі акцёр тэатра і кіно. Народны артыст Беларускай ССР (1938 г.). Народны артыст СССР (1953 г.). Лаўрэат Сталінскай прэміі (1946 г.). Ураджэнец г.п. Мір Карэліцкага раёна.

У 2023 годзе адзначаецца 120-годдзе з дня яго нараджэння.

Нарадзіўся 29 кастрычніка (11 лістапада) 1903 г. у сям’і праваслаўнага святара.

Вучыўся ў Мінску (сюды пераехала сям’я) у духоўнай вучэльні. Перайшоў неўзабаве ў палітэхнічную вучэльню, з 2-га курса пакінуў яе дзеля сцэны.

Сцэнічную дзейнасць пачаў у Мінску ў 1919 годзе. У 1919-20 гг. выступаў у спектаклях драматычнай секцыі Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва, створанага Беларускай вучнёўскай грамадой у Мінску. Затым – на сцэне Беларускага дзяржаўнага тэатра (1920-21 гг.). Вучыўся ў Беларускай тэатральнай студыі ў Маскве (1921-26 гг.).

З 1926 г. – акцёр 2-га Беларускага Дзяржаўнага драматычнага тэатра (цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, размешчаны ў Віцебску). Да апошніх дзён жыцця, нягледзячы на тое, што яго неаднаразова запрашалі на іншыя сцэны вядомых тэатраў, быў бясконца адданы гэтаму тэатру, у якім па праву займаў становішча вядучага акцёра. У 1941-46 гг. – мастацкі кіраўнік гэтага тэатра.

Выступаў як пастаноўшчык шэрагу спектакляў: “Віцмундзір” П. Каратыгіна, “Бяда ад пяшчотнага сэрца” У. Салагуба, “Домік на ўскраіне” А. Арбузава і інш.

Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва вызначалася камедыйным талентам, самабытнасцю, віртуознай акцёрскай тэхнікай. Вострае пачуццё гумару, творчая імправізацыя, гратэскавыя прыёмы спалучаліся з тонкім аналізам і псіхалагічнай глыбінёй. Шматгранныя мастацкія вобразы з сакавітай моўнай характарыстыкай стварыў у беларускім рэпертуары: Дзед Талаш («У пушчах Палесся» Я. Коласа), Дзяменя («Вайна вайне» Я. Коласа), Кручкоў («Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча), Харкевіч («Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка). У 1946 годзе атрымаў Сталінскую прэмію за выкананне галоўнай ролі фальклорнага героя Несцеркі (у спектаклі «Несцерка» В. Ф. Вольскага). Менавіта у гэтай ролі, якая стала вяршыняй творчасці акцёра і ўсёй беларускай сцэны, Ільінскі бліскуча выявіў свой невычарпальны камедыйны талент. Ён выконваў яе больш за 20 гадоў.

Сярод роляў класічнага рэпертуару: Шчасліўцаў («Лес» А. Астроўскага), Расплюеў («Вяселле Крачынскага» А. Сухава-Кабыліна), Хлестакоў («Рэвізор» М. Гогаля), Палоній і Першы далакоп («Гамлет» У. Шэкспіра), Сганарэль («Лекар паняволі» Ж. Мальера) і шмат іншых.

Аляксандр Ільінскі валодаў вялікай сцэнічнай прывабнасцю, выразнай мімікай. Як акцёр-імправізатар, ён выкарыстоўваў у сваёй творчасці ўсё багацце творчай фантазіі і разнастайныя выразныя сродкі.

У кіно Аляксандр Канстанцінавіч здымаўся рэдка.

За творчыя дасягненні на сцэне артыст быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знакам Пашаны” і медалямі.

Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі з’яўляўся дэпутатам Вярхоўнага савета Беларускай ССР 4-5 скліканняў.

Жонкай Аляксандра Канстанцінавіча была Лагоўская Алена Іванаўна, Заслужаная артыстка БССР.

У 1966 годзе пра Ільінскага быў зняты дакументальны фільм «Жыццё на сцэне» (Беларусьфільм, рэжысёр С. Сплашноў).

У 1967 годзе ў Віцебску ў яго гонар вуліцу Верхненабярэжную перайменавалі ў вуліцу Ільінскага.

У Віцебску па вуліцы Суворава на доме № 23, дзе ён жыў (1952-1967 гг.), у 1979 годзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

Мемарыяльная дошка ў г.п. Мір знаходзіцца на будынку Дома культуры.

Памёр Аляксандр Канстанцінавіч Ільінскі  28 сакавіка 1967 года ў Віцебску. У 1974 годзе на яго магіле ўсталявана стэла. Яна ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Віцебска.

Алена МАКАРЧЫК, бібліёграф аддзела абслугоўвання і інфармацыі ДУК «Карэліцкая раённая бібліятэка»

Па матэрыялах адкрытых інтэрнэт-крыніц