Как живет Кореличское дорожное ремонтно-строительное управление № 158

У апошнюю нядзелю кастрычніка сваё прафесійнае свята адзначаюць  работнікі дарожнай гаспадаркі. А хто такія дарожныя рабочыя? Гэта вадзіцелі, праекціроўшчыкі, рабочыя і механізатары, а прасцей кажучы, усе тыя, хто ў няпростых умовах, у спякоту і мароз, у дождж або снег займаюцца правядзеннем рамонтных работ, ачысткай і іх добраўпарадкаваннем. Гэта людзі, якія ўтрымліваюць, рамантуюць і будуюць нашы дарогі.

Напярэдадні  свята галоўны інжынер Карэліцкага ДРБУ-158 Юрый Бабанскі падзяліўся, якімі клопатамі напоўнены працоўныя будні работнікаў дарожна-будаўнічай сферы Карэліччыны.

–  За дзевяць месяцаў бягучага  года  асвоена 4,005 млн рублёў, у тым ліку  на дарожную галіну — 3,173 млн  рублёў. Сюды ўваходзіць бягучы   рамонт і ўтрыманне аўтамабільных дарог.  Бягучы рамонт праведзены на 10,4 км  мясцовых дарог: адрамантавана пакрыццё ў в. Бабонеўка і  в. Альшаны  (Цырынскі с/с), агр. Малюшычы (Малюшыцкі с/с), пад’езды да в. Кожава (Жухавіцкі с/с), а таксама ўчасткі дарог Карэлічы-Валеўка-Наваельня, Райца-Цырын-Навасёлкі, Мір-Жухавічы, зроблена асфальтабетоннае пакрыццё на дзвюх вуліцах в. Лясок (Красненскі с\с).

На 836 тыс. рублёў выканана работ па прамых дагаворах.

Так, за кошт сродкаў заказчыкаў і бюджэту праведзены рамонт асфальтабетоннога пакрыцця на вуліцах 8 Сакавіка, Кастрычніцкая, парковачных месцаў каля інтэрнатаў па вул. Гагарына г.п. Карэлічы, добраўпарадкаванне на МТФ “Востухава” СВК “Маяк-Заполле”, МТФ “Францiшкова” і “Райца”  СВК “Свiцязянка-2003”. Займаемся добраўпарадкаваннем квартала “Зорны”  ў г.п. Мір.

Карэліцкія  дарожнікі шчыруюць і на аб’ектах суседняга Навагрудскага  раёна. Сёлета яны працягваюць работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі   ААТ “Навагрудскі завод газавай апаратуры”. Наша арганізацыя  ў цесным кантакце супрацоўнічае з Карэліцкім РУП ЖКГ  і сельгаспрадпрыемствамі  раёна.

ДРБУ-158 мае сваю падсобную вытворчасць: асфальтабетонны завод каля вёскі Беразавец і драбільна-сартавальную ўстаноўку для прыгатавання ўзбагачанай пяшчана-гравійнай сумесі каля вёскі Баяры для выканання дарожных работ.

Якасць аўтамабільных дарог залежыць не толькі ад наяўнасці сучаснага абсталявання, уласцівасцяў сыравіны, якая выкарыстоўваецца пры кладцы дарожных пакрыццяў і павінна праслужыць доўгія гады, але і ад добрасумленнага стаўлення да сваіх абавязкаў кожнага работніка, які ўдзельнічае ў працэсе будаўніцтва дарог.

Без перабольшвання можна сказаць, што адным з іх з’яўляецца Канстанцін Коўжуць, які ўжо 43 гады  працуе ў арганізацыі  вадзіцелем. Канстанцін Анатольевіч  лічыць, што прафесія яго выбрала сама. З  дзяцінства   ён любіў  тэхніку,  і гэта дапамагло вызначыцца з прафесіяй.

— Мой бацька быў шафёрам. Памятаю, як першы раз сеў за руль аўтамабіля, ён заўсёды падказваў, дапамагаў. Яшчэ ў юнацтве зразумеў, што гэта не проста захапленне, а прафесія, з якой  хачу звязаць сваё жыццё, — адзначыў суразмоўца.

Адразу пасля арміі вярнуўся на малую радзіму.  Давялося працаваць вадзіцелем у розных арганізацыях раёна, а тут   затрымаўся надоўга. Увесь час за рулём, працаваў на розных машынах: ад ЗІЛа да МАЗа.  За ўвесь час  даводзілася і разліваць бітум, і  перавозіць самыя розныя грузы: пясок, друз, асфальт. Ні  цяжкая работа, ні дажджы, ні холад  ніколі яго не палохалі. Галоўнае  – выканаць даручаную справу добрасумленна і ў тэрмін. Складана палічыць аб’екты, зробленыя з яго ўдзелам. А наогул, гаварыць шмат вадзіцель не любіць, за яго кажуць  справы: неаднаразова Канстанцін Анатольевіч адзначаўся  Ганаровымі  граматамі прадпрыемства. Такім спецыялістам ганарыцца  калектыў,  бо чалавек выконвае даручаную справу  якасна, пры гэтым, што немалаважна, заўсёды дзеліцца сваім прафесійным вопытам з маладымі калегамі.

– Ганаруся сваёй працай, бо ўсё тое, што зроблена дарожнікамі, прыносіць карысць і радуе людзей, – сказаў Канстанцін Анатольевіч.

Напярэдадні прафесійнага  свята за шматгадовую добрасумленную працу  ў дарожнай галіне і дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце Ганаровай граматай Карэліцкага раённага выканаўчага камітэта ўзнагароджаны начальнік ДРБУ-158  Мікалай Кадлубай і дыспетчар Наталля Лейка.

Выконваючы задачы дзяржаўнай важнасці, работнікі дарожнай службы ўвесь час паляпшаюць якасць аўтамабільных дарог і ствараюць новыя, якія з’яўляюцца неад’емнай часткай паспяховага сацыяльна-эканамічнага развіцця, робячы жыццё людзей больш камфортным не толькі ў Карэліцкім раёне, але і вобласці ў цэлым. Ёсць дарога – ёсць эканоміка, а значыць ёсць жыццё.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара