Заместитель председателя райисполкома Александр Былич: «Чтобы построить дом, нужен всего один документ»

Пабудаваць ці купіць дом на прыродзе па даступнай цане без бюракратычных паравалочак — гэта ўжо не мара, а рэальнасць. У Карэліцкім раёне ў бягучым годзе заданне па будаўніцтве жылля перавыканана: пры плане 2700 кв. м уведзена ў эксплуатацыю 2730 кв. метраў. І гэта ўсё індывідуальнае жыллё, — падкрэслівае намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Аляксандр Быліч.

27 кастрычніка Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў з рабочай паездкай Мінскі раён. Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з падыходамі ў будаўніцтве індывідуальнага жылля для грамадзян індустрыяльным метадам. Пры гэтым было адзначана галоўнае — усё неабходна рабіць без валакіты і без лішніх затрат.

— Для таго, каб пачаць будаўніцтва дома, грамадзяніну не трэба бегаць па інстанцыях і збіраць стос дакументаў. Неабходны ўсяго толькі адзін дакумент — дазвол, які выдае мясцовы выканкам. Затым будучы навасёл з дапамогай спецыялізаванай арганізацыі стварае праект — і можна ўзводзіць дом. Напрыклад, у квартале жылой забудовы «Зорны» у г.п. Мір, разлічаным на 23 катэджы, ужо падведзены ўсе неабходныя камунікацыі, ідзе працэс афармлення зямельных участкаў. У сельскай мясцовасці яшчэ прасцей — ніякая дазвольная дакументацыя не патрэбна.

У нашай краіне дзейнічае льготнае крэдытаванне на будаўніцтва і пакупку дамоў. Асабліва ахвотна ім карыстаюцца шматдзетныя сем’і. Так, сёлета на Карэліччыне дзве шматдзетныя сем’і з дапамогай дзяржпадтрымкі змаглі набыць жыллё. Яшчэ дзевяць сем’яў скарысталіся льготным крэдытаваннем, каб пабудаваць новае жыллё або палепшыць умовы ва ўласным.

Плануецца, што ў 2024 годзе ў СВК «Свіцязянка-2003» будзе пабудаваны 12-кватэрны жылы дом. Ключы ад новенькіх кватэр стануць выдатным падарункам для работнікаў прадпрыемства, — лічыць Аляксандр Быліч.

Іна ЛЕЙКА