В Кореличском узле почтовой связи проведен День подписчика на районную газету «Полымя»

22 снежня журналісты раённай газеты «Полымя» завіталі ў Карэліцкі раённы вузел паштовай сувязі з нагоды правядзення чарговага Дня падпісчыка. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці карэліччанам, якія ахвотна выпісвалі раённую газету «Полымя» і дзяліліся сваімі меркаваннямі.

Алена ЖУК, былая настаўніца Карэліцкай сярэдняй школы:
— Раённую газету «Полымя» выпісваю пастаянна. Яна з’яўляецца часткай майго жыцця. Цікаўлюся дасягненнямі карэліччан у галіне сельскай гаспадаркі, асабліва прывабліваюць навіны ў адукацыі і поспехі вучняў раёна. Таксама люблю чытаць і навіны культуры раёна, і пра гісторыю мінуўшыны роднай Беларусі. Чакаю раёнку з нецярпеннем і прачытваю з першай да апошняй старонкі. Жадаю супрацоўнікам раённай газеты «Полымя» моцнага здароўя і творчых поспехаў у вельмі патрэбнай справе.

 Святлана ЕРМАКОВІЧ, жыхарка г.п. Карэлічы:
— Я люблю чытаць раённую газету «Полымя», у ёй сустракаю шмат цікавых навін пра Карэліцкі раён. З задавальненнем чытаю выпускі літаратурнай старонкі «Рэчанька» і асабліва вершы Галіны Паўлаўны Калтуновай. Падабаюцца гістарычныя звесткі пра наш край, бо даведваешся шмат новага і цікавага. «Віншавальная паштоўка» таксама прыцягвае ўвагу: у ёй змешчаны шчырыя і пранікнёныя віншаванні родным, блізкім, калегам. Жадаю «Полымя», каб яно і надалей квітнела, а яго промні сагравалі сэрцы чытачоў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Дар’і ВАРАПАЕВАЙ