Заместитель председателя райисполкома Евгений Бусько: «В Кореличском районе почти 25% сельхозугодий занимают мелиорированные земли, на которых выращивается 70% многолетних трав»

У Карэліцкім раёне меліяраваныя землі складаюць 15767 га, або 24,5% у структуры сельгасугоддзяў. Менавіта на гэтых землях штогод вырошчваецца да 70% шматгадовых траў і да 15% кукурузы для забеспячэння буйной рагатай жывёлы травяністымі кармамі і  трывалай кармавой базы аграпрамысловага комплексу ў цэлым. Таму меліярацыяй трэба займацца, — лічыць першы намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Яўген Бусько.

Працэсам меліярацыі трэба займацца пастаянна, бо калі спыніцца нават на кароткі тэрмін — прырода забярэ сваё: каналы хутка зарастуць хмызняком, а замест вады ў іх — глей, пакрыты травою. А потым пачынаецца разбурэнне тэхналагічных збудаванняў, і сістэма гіне. Аднавіць яе ўжо вельмі складана і затратна. Больш танна і рацыянальна падтрымліваць у працоўным стане тое, што ёсць, эксплуатаваць пабудаванае раней.

Пра гэта 19 снежня гаварыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па пытаннях развіцця беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі і правядзення меліярацыі.

«Мною імем рэвалюцыі прынята рашэнне па фінансаванні гэтых работ. Я вас папярэджваў, што мы адрываем, як я часта кажу, ад лекаў і іншага для таго, каб выратаваць землі сельскагаспадарчага прызначэння. Чаму? Таму што 8 мільярдаў долараў у нас экспарт па сельгаспрадукцыі. Чаго нам не хапае? Зямельных рэсурсаў? Дык у нас жа прастойваюць як мінімум паўмільёна гектар (больш нават) — тое, што мы намецілі па меліярацыі. Трэба выратаваць тое, што сёння можна і трэба выратаваць», — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка.

— Сёлета ў Карэліцкім раёне прывялі ў належны стан 641,7 га меліярацыйных зямель, да канца года плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 458 га. Гэта амаль у два разы больш, чым у мінулым годзе (у 2022 г. – 603,2 га), — працягвае тэму Яўген Бусько. — Сёлета на рэканструкцыю меліярацыйных сістэм і культуртэхнічную меліярацыю выдаткавана амаль 2,5 млн рублёў. Гэта немалыя грошы, таму бяздумнае выкарыстанне асушаных зямель — у прамым сэнсе закапванне дзяржаўных грошай у зямлю. Хачу адзначыць, што ў Карэліцкім раёне да меліярацыйных земляў ставяцца па-гаспадарску. Гэта можна ўбачыць на прыкладзе такіх прадпрыемстваў, як СВК «Жухавічы», СВК «Свіцязянка-2003», КСУП «Лукі-Агра», СВК «Маяк-Заполле».

Згодна з інвентарызацыяй 2019 года, у раёне амаль 3,5 тысячы га маюць патрэбу ў меліярацыі, таму тэмпы работ будуць павялічвацца. У 2024 годзе запланавана прывесці ў парадак 507 га асушаных зямель.

Усяго ў меліярацыйнай галіне раёна задзейнічана 12 адзінак спецыялізаванай тэхнікі, а таксама прыцягваецца тэхніка, якая знаходзіцца на балансе Дзятлаўскага прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Ідзе паступовае абнаўленне машынна-трактарнага парку. У 2023 годзе  набыта 10 адзінак тэхнікі. Спецыялізаванымі кадрамі арганізацыя забяспечана на 95%.

У Карэліцкім раёне для захоўвання меліяраваных зямель, праектных нормаў асушэння і недапушчэння паўторнага забалочвання пабудавана 20 меліярацыйных сістэм. Іх функцыянаванне забяспечвае цэлы комплекс гідратэхнічных збудаванняў: 1 тыс. км каналаў і водапрыёмнікаў, 2,7 тыс. км закрытай дрэнажнай сеткі, 220 водарэгулюючых і пераезных збудаванняў і шэраг іншых.

Утрымліваць меліярацыйную гаспадарку ў належным стане без дзяржаўнай падтрымкі папросту немагчыма. Пачынаючы з 2006 года па даручэнні Прэзідэнта ў краіне выконваюцца пяцігадовыя дзяржаўныя праграмы па захаванні і выкарыстанні меліяраваных зямель. Бо галоўная мэта меліярацыйнага комплексу — забеспячэнне харчовай бяспекі краіны і эфектыўная вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на меліяраваных землях.

Іна ЛЕЙКА