Учащиеся Кореличчины Матвей Горбик и Владислав Ульянко получили стипендии Белорусского фонда мира

Навучэнцы Карэліччыны: Мацвей Горбік і Уладзіслаў Ульянка — атрымалі стыпендыі Беларускага фонду міру.

Даследчая дзейнасць і каратэ

Вучань 4 «А» класа ДУА «Сярэдняя школа № 1 г.п. Карэлічы» Мацвей Горбік актыўна ўдзельнічае ў вочных і дыстанцыйных інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах. Узнагагароджаны Дыпломам І ступені міжрэгіянальнага анлайн-конкурсу па матэматыцы сярод вучняў чацвёртага класа агульнай сярэдняй адукацыі, фіналіст рэспубліканскай міжпрадметнай алімпіяды «Лабірынты ведаў. 3 клас», якую праводзіў БДПУ імя М. Танка.
Праяўляе цікавасць да навакольнага свету. Захапляецца даследчай дзейнасцю, падрыхтаваў работу «Помнікі прыроды Карэліцкага раёна», узнагароджаны Дыпломам І ступені ХVІ раённай вучэбна-даследчай канферэнцыі «Шлях да пазнання». Узнагароджаны Дыпломам І ступені Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама ў абласным анлайн-праекце «Даведнік па малой Радзіме», Дыпломам ІІ ступені ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу адукацыйных відэаролікаў «Прыродны аб’ект малой Радзімы», Дыпломам І ступені ў конкурсе часопіса «Юны выратавальнік» у намінацыі «Мая крутая знаходка». Удзельнік абласнога конкурсу даследчых работ і творчых праектаў «Я спазнаю свет».

Мацвей любіць спорт. Узнагароджаны Дыпломам ІІ ступені ў раённых спаборніцтвах па лёгкай атлетыцы «300 талентаў для Каралевы». Займаецца японскім баявым мастацтвам — каратэ, мае асабістыя дасягненні: Дыплом ІІІ ступені V адкрытага рэгіянальнага першынства клубаў па шатакан каратэ-до «Масты перамогі», 13 Дыпломаў І ступені ў рэспубліканскіх спаборніцтвах па шатакан каратэ-до.

Выдатнік вучобы і ўдзельнік конкурсаў і алімпіяд

Дзесяцікласнік Уладзіслаў Ульянка з’яўляецца выдатнікам вучобы: сярэдні бал за першую чвэрць бягучага навучальнага года склаў 9,7. Юнак пастаянна паглыбляе веды праз чытанне дадатковай літаратуры, інтэрнэт-рэсурсы.
Уладзіслаў пастаянна развіваецца і мае дасягненні ў розных галінах навукі. Прымае ўдзел у інтэлектуальных конкурсах і алімпіядах. З’яўляецца пераможцай раённага і ўдзельнікам абласнога этапа рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, удзельнікам раённага этапа ХХІV абласнога турніру па гульні «Што? Дзе? Калі?» (ІІІ месца ў складзе каманды). Удзельнік раённага этапа конкурсу творчых работ «Я — заканадацель».
— Сёння існуе шмат магчымасцяў для самарэалізацыі. І вельмі прыемна, калі твае поспехі заахвочваюць. Стыпендыя — стымул яшчэ больш працаваць над сабой, дасягаць новых вышынь, – лічыць Уладзіслаў.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота з архіваў герояў публікацыі