Старшыня Карэліцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур: «Прэзідэнты Беларусі і Расіі стаялі плячом да пляча каля Вечнага агню, як калісьці ў гады вайны нашы народы сустракалі ворага і давалі яму адпор»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка здзейсніў рабочы візіт у Расію, які аказаўся багаты на важныя падзеі. Са сваім калегам, Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным, яны абмеркавалі шэраг стратэгічных пытанняў, у тым ліку эканамічных. Але самай галоўнай падзеяй, на мой погляд, стала цырымонія адкрыцця мемарыяльнага комплексу ў памяць аб мірных жыхарах СССР — ахвярах нацысцкага генацыду ў гады Вялікай Айчыннай вайны, — адзначае старшыня Карэліцкага раённага савета ветэранаў Валянціна Кошур.
Адкрыццё знакавага месца адбылося на тэрыторыі Ленінградскай вобласці ў гонар 80-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады. Паводле сведчанняў гісторыкаў, за 900 дзён блакады ў горадзе загінула ад 400 тыс. да 1,5 млн жыхароў. Так, на Нюрнбергскім працэсе фігуравала колькасць 632 тыс. чалавек. Толькі 3% з іх загінулі ад бамбёжак і артабстрэлаў, а астатнія 97% памерлі ад голаду і холаду. Сярод іх былі не толькі расіяне, але і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў. Для некалі велізарнай краіны СССР гэта стала вялікім болем, які і сёння адгукаецца ў нашых сэрцах. Многія памятаюць злачынствы фашыстаў, але, на жаль, нехта і забыўся. У Польшчы, Прыбалтыцы і Украіне зносяць помнікі савецкім воінам-вызваліцелям, змагаюцца са святой памяццю загінулых людзей, якія шчодра пралілі сваю кроў, вызваляючы гэтыя краіны ад агульнага тады ворага. Нашы народы сядзелі ў адных акопах, гарэлі ў адных танках і разам ішлі ў атаку за нашу агульную Радзіму.
Паказальна, што Прэзідэнты Беларусі і Расіі 27 студзеня, у дзень поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады, стаялі плячом да пляча каля Вечнага агню, як калісьці ў гады вайны нашы народы сустракалі ворага і давалі яму адпор. Наш Прэзідэнт сказаў вельмі важныя словы, над якімі кожнаму з нас трэба задумацца: «Мы мірныя людзі. Мы не хочам вайны. Але перад намі зноў пастаўлена пытанне аб праве на жыццё нашай цывілізацыі, на захаванне спрадвечных каштоўнасцяў, нацыянальных культур. Чужога нам не трэба, асабліва тых дабротаў, якія не аднойчы насаджаліся нашым продкам агнём і мячом. І тым не менш. Як пасля Перамогі, так і сёння мы заклікаем да мірнага дыялогу. Але пры ўмове павагі нашай гістарычнай памяці і праўды пра тую вайну. Мы адкрытыя любым дружалюбным крокам насустрач — і ў Расіі, і ў Беларусі».
Іна ЛЕЙКА