Учащиеся СШ №1 г.п. Кореличи Алексей Самец и Илья Волчецкий на один день стали курсантами Университета гражданской защиты МЧС
У рамках прафарыентацыйнага праекта “Курсант на адзін дзень”, арганізаванага рэдакцыяй электроннага часопіса “UCP.LIVE”, 11 пераможцаў, сярод якіх шэсць дзяўчат і пяць юнакоў, наведалі Універсітэт грамадзянскай абароны МНС. Праект даў унікальную магчымасць моладзі з розных куткоў краіны на ўласным вопыце даведацца пра жыццё і падрыхтоўку будучых выратавальнікаў.
Курсантамі МНС на суткі сталі пераможцы конкурсу, вучні ДУА “Сярэдняя школа №1 г.п. Карэлічы” Ілья Валчэцкі і Аляксей Самец.
– Каб стаць курсантамі на адзін дзень, нам неабходна было адказаць на 10 пытанняў па фізіцы, матэматыцы і гісторыі, падрыхтаваных курсантамі МНС, і да канца лістапада адправіць іх на адрас рэдакцыі электроннага часопіса “UCP.LIVE”. Нам пашчасціла – і мы з вялікім задавальненнем 14-15 лютага акунуліся ў будні курсантаў МНС, – падзяліліся юнакі.
Дзень візіту ва ўстанову адукацыі быў насычаны экскурсіяй па тэрыторыі ўніверсітэта, падчас якой першы намеснік начальніка ўніверсітэта Ігар Радзькоў расказаў пра спецыфіку падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Удзельнікі праекта азнаёміліся з вучэбна-лабараторнай базай універсітэта, яго духоўна-асветніцкім цэнтрам праваслаўных традыцый беларускага народа, музеем, а таксама вучэбнай пажарнай аварыйна-выратавальнай часцю: мноства інтэрактыўных пляцовак, імітацыя землетрасення і іншых складаных умоў надвор’я, прымяненне тэхналогій дапоўненай рэальнасці.
– Нам выдалі форму курсанта. Гэта дазволіла кожнаму адчуць сябе сапраўдным выратавальнікам. Цікавым выпрабаваннем стаў удзел у занятках па пажарна-выратавальным спорце. Нам была пастаўлена задача: ліквідаваць ачаг узгарання і выратаваць пацярпелага. Запусцілі ў камеру, цалкам напоўненую дымам, праз які нічога не было відаць. Але мы не разгубіліся і пачалі дзейнічаць. Знайшлі ўзгаранне, ліквідавалі яго і прыступілі да пошукаў пацярпелага. Потым размеркавалі абавязкі. Аляксей вёў па пажарным рукаве да выхаду, а я ратаваў пацярпелага. Калі выйшлі, то нас пахвалілі, бо мы справіліся не горш чым курсанты. Быў у нас і абед. Хочацца адзначыць, што курсантаў установы вельмі смачна кормяць. Гэты дзень вельмі ўразіў, столькі ўсяго новага адбывалася! – эмацыйна адзначыў Ілья. – Усё тое, што мы раней бачылі толькі на фотаздымках і па тэлевізары, тут адбылося наяве. Цяжкавата было выконваць строгі распарадак дня. Быць курсантам – гэта вялікая фізічная нагрузка.
– Асабіста для мяне ўдзел у гэтым праекце стаў знакавай падзеяй, дазволіў не толькі пазнаёміцца з Універсітэтам грамадзянскай абароны МНС, але і натхніцца на выбар прафесіі, звязанай з забеспячэннем бяспекі і дапамогай людзям у надзвычайных сітуацыях. Уражанні засталіся толькі станоўчыя. Усё было цікава арганізавана. Курсанты быццам адна вялікая сям’я. Дзякуючы ім наведванне кожнага занятку было не сказаць што простым, але зразумелым. Тут вельмі класныя і прафесійныя выкладчыкі. На памяць нам падарылі сувеніры і сказалі, што чакаюць нас ва ўніверсітэце,– дапоўніў свайго сябра Аляксей.
Кацярына КУКАНАВА
Фота з архіва герояў публікацыі