У Карэлічах праведзена справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА «Белая Русь»

13 сакавіка ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры адбылася справаздачна-выбарная канферэнцыя раённай арганізацыі РГА «Белая Русь».

Са справаздачай аб выніках работы за перыяд з лістапада 2023 па сакавік 2024 года выступіла яе старшыня, рэдактар установы «Рэдакцыя газеты «Полымя» Іна Лейка.

Сёння ў раённай арганізацыі налічваецца 35 пярвічных арганізацый, якія аб’ядноўваюць 391 чалавека. Сярод іх — кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, іх намеснікі і галоўныя спецыялісты, паважаныя работнікі працоўных калектываў, ветэраны працы.
На рахунку «Белай Русі»— шмат карысных спраў. Ветэранам працы дараць падпіску на мясцовыя, абласныя, рэспубліканскія перыядычныя выданні і шэфствуюць над насельнікамі Лукскай бальніцы сястрынскага догляду. Да Дня сям’і і Дня маці віншуюць і ўзнагароджваюць шматдзетных маці і сем’і-юбіляры. Самы першы лёгкаатлетычны старт-крос праходзіць пад эгідай раённага савета.

Прадстаўнікі арганізацыі прымаюць удзел у рэспубліканскіх дабрачынных акцыях «Збяром дзяцей у школу» і «Белая Русь» — дзецям Данбаса», рэспубліканскім творчым конкурсе «Залатое пяро «Белай Русі».

У перыяд правядзення адзінага дня галасавання 2024 года ад раённай арганізацыі на ўчастках для галасавання прысутнічала 13 назіральнікаў і ў складзе ўчастковых выбарчых камісій — 6 прадстаўнікоў.

На працягу справаздачнага перыяду на базе чытальнай залы Карэліцкай раённай бібліятэкі працавала грамадская прыёмная арганізацыі. У кожнай інфармацыйна-прапагандысцкай групе раёна працуюць члены «Белай Русі», сустракаюцца з жыхарамі раёна па месцы работы і жыхарства.

Прамоўца назвала асноўныя задачы на прадстаячы перыяд. Гэта актывізацыя работы ў інтэрнэт-прасторы, стабільнасць дзейнасці пярвічных арганізацый, рост радоў, пошук новых праектаў, удзел у грамадска-палітычных кампаніях.
На канферэнцыі выбраны дэлегаты на V пазачарговую канферэнцыю Гродзенскай абласной арганізацыі РГА «Белая Русь».

Рады раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» папоўніліся новымі членамі.

Слова — удзельнікам канферэнцыі

Алена АРЦЮХ, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «ЦСАН Карэліцкага раёна», старшыня пярвічнай арганізацыі РА РГА «Белая Русь»:


— «Белая Русь» патрэбна для таго, каб наша краіна станавілася лепшай і мацнела. Каб людзі жылі шчасліва. Каб было цікава і пазнавальна, і з карысцю праводзіць вольны час для грамадства.
Мы ў сваю чаргу прымаем удзел у розных мерапрыемствах і акцыях,
дыялогавых пляцоўках, семінарах, курсах. На іх разглядаюцца пытанні, якія закранаюць жыццё грамадзян пажылога ўзросту, інвалідаў і сем’яў з дзецьмі.

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА