50 лет вместе: золотой юбилей совместной жизни отметила семья Шлык из г.п. Кореличи
Мабыць, няма на зямлі чалавека, які б не марыў аб тым, каб яго напаткала ў жыцці сапраўднае каханне — светлае, чыстае, адзінае да скону дзён. І калі сустракаеш на сваім шляху людзей, чые сэрцы, нягледзячы на ўзрост, на дзясяткі сумесна пражытых гадоў, прадаўжаюць свяціцца незгасальным святлом сапраўднага кахання, істота міжволі напаўняецца радасцю, бо разумееш: гэтае святое пачуццё не дазволіць знішчыць галоўную спрадвеку агульначалавечую каштоўнасць — СЯМ’Ю, дружную, надзеленую глыбокім духоўным багаццем. Асэнсоўваеш і другое: сапраўднае каханне не дапускае шматслоўнасці, яно не мае прыкрага елейнага прысмаку, а з гадамі напаўняецца асаблівым зместам. Гэта калі Ён і Яна становяцца адзіным цэлым, калі не знікае толькі ім зразумелая пяшчота ў дотыку рук, у клапатлівым поглядзе вачэй, а пастаянная патрэба быць побач ператвараецца ў абавязковасць. Унутраная радасць узрастае ўдвая, калі аднойчы давядзецца ўдыхнуць неверагодна шчырую, цёплую атмасферу іх гасціннага дома, дзе кожны куточак выпеставаны любячымі сэрцамі і выпраменьвае ціхае шчасце, якое рэдкім скарбам уплятаецца ў вяночак лёсу дзяцей і ўнукаў і закладвае ў іх душах перакананне: бацькоўскі дом — самы надзейны прычал у жыцці, а жыццё — накшталт песні. Што спяваеш, тое і пражываеш, наколькі сэрцам, настолькі і прыгожа…
Менавіта з такой радасцю пакідала я дом глыбока паважаных мною, карэліччанамі, прасторны, утульны дом Івана Аляксандравіча і Тамары Уладзіміраўны Шлык з г.п. Карэлічы, нядаўна адсвяткаваўшых сваё залатое вяселле, пра якіх без перабольшання можна сказаць: гэты немалы адрэзак часу яны пражылі сэрцам, прыгожа, мудра пераадольваючы складанасці, якія ўзнікалі. Таму і выгадавалі цудоўных сыноў, Сяргея і Аляксандра, маюць права ганарыцца нявесткамі, Алінай і Дзіянай, радавацца поспехам дарослых унукаў, Данілы і Захара, 10-гадовай унучкі Яраславы, выдатніцы, вялікай разумніцы. Чытаючы ж віншаванні ад дзяцей і ўнукаў, якія былі змешчаны ў газетах “Друг пенсионера”, “Полымя” з нагоды сямейнай урачыстасці, упэўніваешся: у кожным радку гучыць зайздросная мелодыя іх бязмернай любові да бацькоў, да дзядулі і бабулі, іх бясконцая ўдзячнасць за вялікасць душы, за падораныя імі неацэнныя па сваёй каштоўнасці ўрокі жыцця: “Залатое вяселле — гэта свята любві, мудрасці і шчасця. Вось ужо паўвека, як вы разам ідзяце па жыцці. Вы стварылі цудоўную сям’ю, якая стала надзейнай гаванню для вашых дзяцей і ўнукаў. І для нас няма большага шчасця, чым сустракаць разам ваш залаты сямейны юбілей… А чаго варты словы суседкі Л. Ліс! “…Нам пашанцавала мець побач добрых, чулых, гатовых падтрымаць у любой сітуацыі суседзяў! Дзелім разам цяжкасці і ад душы віншуем са святамі! Залатое вяселле азначае, што вы абодва знайшлі сваё золата, свайго чалавека! Сёння ў вашым доме гарыць цёплае святло дамашняга ачага, у якім грэюць сэрцы дзеці і ўнукі. Азірніцеся назад, які вялізны шлях вы прайшлі разам, колькі перажылі і якую цудоўную сям’ю стварылі!” Аб гэтым жа гаварылі ў сваіх тостах госці (а іх прыехала 28 чалавек!). Само ж вяселле, дзякуючы старанням дзяцей, нявестак і ўнукаў, сапраўды стала святам кахання, мудрасці, шчасця. Спачатку адбылася неверагодна хвалюючая цырымонія вянчання, аб чым Тамара Уладзіміраўна і Іван Аляксандравіч марылі ўсё жыццё (у савецкі час па вядомых прычынах здзейсніць мару не маглі), потым урачыстасць прадоўжылася ў аграсядзібе “Белы бусел”, звінела, як і 50 гадоў таму назад, песнямі, танцамі, жартамі. Маладым бясконца крычалі “Горка!”, а яны, прыгожыя, узбуджаныя, трошкі збянтэжаныя, падыгрывалі гасцям, свяціліся непадробнай радасцю, шчасцем, дзяліліся ўспамінамі, не хавалі пачуццяў…
У палоне ўспамінаў
У знакамітага савецкага паэта А. Дзяменцьева ёсць незвычайна чуллівыя вершаваныя радкі, якія ўспрымаюцца як парада-паратунак:
…Я воспоминанием спасаюсь,
Ухожу в любимый день иль год.
Силами в минувшем запасаюсь
Против всех сегодняшних невзгод.
В тяжкой хвори иль в навете грязном,
Когда жизнь — как молчаливый крик, —
Вспомните о чем-нибудь прекрасном,
Вновь переживите этот миг…
Тамара Уладзіміраўна і Іван Аляксандравіч таксама “силами в минувшем запасаются против всех сегодняшних невзгод”. У іх доме і любімае месца ёсць (дарэчы, увасобленае з даўняй мары ў рэальнасць) — гасціная, дзе ўсё спрыяе для адпачынку душы, дзе ўсё прадумана (у першую чаргу гаспадыняй) да дробязяў: камін, мэбля, плеценыя саламяныя крэслы-качалкі, абразы, дарагія сэрцу фотаздымкі родзічаў Івана Аляксандравіча і Тамары Уладзіміраўны, дзяцей і ўнукаў, размешчаныя на сцяне абапал каміна. Не раз, зручна ўсеўшыся ў крэслы, за кубачкам кавы ці гарбаты ўспамінаюць яны шчаслівыя імгненні сумеснага жыцця і дзякуюць Богу за той дзень 50-гадовай даўнасці, калі адбылося іх выпадковае жартаўлівае знаёмства ў рэстаране г.п. Зэльва, стаўшае для абодвух лёсаносным. Васямнаццацігадовая Тамара, ураджэнка г. Масты, пасля заканчэння Гродзенскага кааператыўнага тэхнікума атрымала накіраванне на працу ў Зэльвенскі райспажыўсаюз бухгалтарам, а ў рэстаран забегла з новымі сяброўкамі павячэраць. Іван родам з вёскі Бярэжкі, што ў трох кіламетрах ад Зэльвы, нядаўна вярнуўся з арміі, у рэстаран быў запрошаны на дзень нараджэння сябра. Іх столікі па волі лёсу аказаліся побач… Гэтага хапіла, каб успыхнула чыстае юнацкае каханне, якое за тры гады сяброўства вытрымала праверку на моц пачуццяў і прывяло да шумнага, радаснага вяселля! Смеючыся, успамінаюць гэтыя мілыя людзі, як, знаёмячыся з будучым зяцем, мама Тамары ўсклікнула: “Які высокі! А худзейшага ты не магла знайсці?!” і з першага погляду ацаніла: будзе надзейным, добрым мужам. Ваневы ж бацькі не раз чулі ад вяскоўцаў: “Ну і нявестку вам сын выбраў — маленькая, худзенькая!” Худзенькая, маленькая, аказалася ўдаленькай: хоць і гарадская, а хутка асвоіла навуку вясковага жыцця: навучылася даіць карову, карміць свіней, палоць грады. Іван пакарыў дзяўчыну памяркоўнасцю, разважлівасцю, тактоўнасцю; яго ж прывабіў няўрымслівы, па-разумнаму ўпарты характар Тамары. Яна ўмела згладжваць вострыя вуглы, цвяроза ацэньваць складаныя сітуацыі, мудра іх вырашаць. Як гэта спатрэбілася потым у жыцці!
Залатыя правілы сямейнага даўгалецця
Сёння, аглядваючыся назад, пераасэнсоўваючы перажытае, Тамара Уладзіміраўна і Іван Аляксандравіч адзінадушныя ў меркаванні: лёгкага, без сучка і задзірынкі, жыцця не бывае. Хапала складанасцей і ў іх. Яны зведалі, што значыць туліцца з маленькім сынам у здымным пакойчыку, куды пераехалі пасля чатырохгадовага пражывання ва ўтульным доме Ваневых бацькоў, каб быць бліжэй да месца работы, да дзіцячага садка. Ім добра вядомы клопаты, няхай і радасныя, звязаныя з рамонтам і пераездам у домік, куплены клапатлівымі бацькамі, а таксама клопаты, узросшыя пасля нараджэння другога сына. Дом пазней зняслі, а ў выдзеленай маладой сям’і кватэры зноў іх чакаў рамонт. Іван Аляксандравіч на той час ужо працаваў у Зэльвенскай раённай газеце, работа аднімала шмат часу, да таго ж завочна вучыўся спачатку ў Гродзенскім дзяржаўным інстытуце імя Я. Купалы, затым у Мінскай вышэйшай партыйнай школе пры ЦК КПБ, што таксама стварала пэўныя цяжкасці. Пераадолелі. І ніколі не дазвалялі сабе ва ўзаемаадносінах паміж сабою, з сынамі, з калегамі раздражняльнасці, грубасці, заўжды знаходзілі кампраміс. Нездарма нявестка Дзіяна Леанідаўна прызнаецца, што перанесла ў сваю сям’ю ад бацькоў уменне аберагаць каханне, паважаць адзін аднаго; годнасць, мудрасць, адданасць роднаснай супольнасці. А тое, што Іван Аляксандравіч прайшоў складаны шлях ад сталяра, карэктара да галоўнага рэдактара, мае званне Заслужанага журналіста РБ, быў членам Саюза журналістаў РБ, у 2014 г. узнагароджаны Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу РБ — немалая заслуга Тамары Уладзіміраўны, якой ён бясконца ўдзячны, якой заўсёды спяшаецца ў дзень яе нараджэння (18 красавіка) падарыць букецік любімых ёю пралесак…
У 1998 годзе сям’я Шлык пераехала ў г.п. Карэлічы, куды Іван Аляксандравіч быў прызначаны галоўным рэдактарам раённай газеты “Полымя”. Шэсць гадоў (толькі падумаць!) пражылі ў адным пакоі мясцовай гасцініцы. Уявіць нават цяжка! Тут выраслі дзеці, адсюль праводзілі іх у самастойнае жыццё, тут справілі для сыноў вяселлі. Тамара Уладзіміраўна працавала бухгалтарам у ДРБУ, у ПМК, галоўным бухгалтарам у аўтапарку. А калі сын Аляксандр пераехаў з сям’ёй у Карэлічы і вырашыў з жонкай адкрыць прыватны харчовы магазін, не раздумваючы, падтрымала іх рашэнне, перайшла працаваць да дзяцей, каб дапамагчы ім наладжваць сямейны бізнес, дапамагае, як вопытны бухгалтар, да сённяшняга дня. Сіла сапраўднага кахання не пакінула Івана Аляксандравіча і Тамару Уладзіміраўну ў самыя страшныя ў іх жыцці хвіліны, калі ў 2009 годзе ён перанёс аперацыю на адкрытым сэрцы. Што перанесла тады, словамі не перадаць! Малілася дзень і ноч, хавала ад дамашніх адчай і слёзы, пасля аперацыі цэлы тыдзень, нягледзячы на забароны медперсаналу, правяла ў палаце побач з ім, шаптала, як надзейнае прароцтва: “Усё будзе добра! Кепскае не павінна здарыцца, цяпер жа нам толькі жыць ды жыць: давялі да парадку, дабудавалі выдзелены райвыканкамам дом, дзе месца хапае ўсім, паставілі на ногі дзяцей, вырасцілі сад». Бог пачуў малітвы — хваробу перамаглі! Таму няма сумнення ў тым, што іх сямейнае даўгалецце грунтуецца на залатых правілах, імі перанятых ад бацькоў, просценькіх, але мудрых, і якіх павінна, на мой погляд, прытрымлівацца кожная сям’я, каб пазбегнуць разладаў. Чырвонай ніткай у іх выткана выратавальная думка-парада: вучыць жыццю не трэба, трэба выхоўваць дзяцей асабістым прыкладам, пастаянна знаходзіцца ў цеснай сувязі з бацькамі, радню шанаваць, не дзяліць — гэта твае, а гэта мае родзічы, заставацца разам і ў радасці, і ў горычы, мацаваць сувязь з пакаленнямі, шанаваць каханне і памятаць: самае галоўнае ў жыцці — сям’я. Такім прыкладам у сям’і Шлык стала тое, што ў іх доме 16 гадоў жыла цёця Маруся, якой падарылі яны шчаслівую старасць, пазбавіўшы адзіноцтва. На першае ж месца ў выхаванні, раяць яны, неабходна паставіць выпрацоўку ў характарах дзяцей адказнасці за бацькоў, данесці да іх свядомасці, што ў старасці для татаў і мамаў самае важнае — не адчуваць адзіноты, жыць, разумеючы, што яны патрэбныя, што іх памятаюць і цэняць, пастаянна дораць клопат і ўвагу.
Пажаданні ж Тамары Уладзіміраўне і Івану Аляксандравічу хачу выказаць словамі іх дзяцей і ўнукаў: самага моцнага вам здароўя, жыццёвай энергіі, актыўнага даўгалецця і доўгіх залатых гадоў.
А чытачам газеты раю радкамі з верша Ірэны Буланавай:
Никогда не слушайте слова,
Что нет любви, что это просто сказка…
Она вокруг. И в нас… она прекрасна!
Пока мы живы, и любовь жива…
Пожалуйста, не мерзните душой…
Галіна КАЛТУНОВА
Фота з архіва сям’і Шлык