Больш 200 гадоў працоўнага стажу на ўсіх

Без любові да сваёй справы, як і ў любой прафесіі, у сельскагаспадарчай галіне нялёгка дасягнуць поспеху і добрых вынікаў. Любоў да зямлі закладваецца яшчэ ў дзяцінстве асабістым прыкладам бацькоў, таму нярэдка ў сельскай гаспадарцы працуюць сямейныя дынастыі. Адна з іх — сям’я Кастусік-Пацко з аграгарадка Цырын — на працягу многіх дзесяцігоддзяў уносіць свой уклад у справу развіцця сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва «Цырын-Агра». Людміла Іванаўна Кастусік і яе два сыны Арцём і Аляксандр працуюць тут па цяперашні час бухгалтарам і механізатарамі.
На здымку: Як і ў дзень сустрэчы, так і заўжды, вялікая і дружная сям’я Кастусік-Пацко любіць збірацца разам. На цырынскай зямлі яны прыжыліся, глыбока пусцілі тут свае карані. Дзеці прадаўжаюць справу бацькоў і дзядоў, з гонарам нясуць высокае званне Хлебароба.
Заснавальнікамі працоўнай дынастыі з’яўляюцца бацькі Людмілы Іванаўны Кастусік — Іван Мікалаевіч і Ніна Уладзіміраўна Пацко. Іван Мікалаевіч нарадзіўся ў вёсцы Падгайна ў простай сялянскай сям’і. Працаваў кавалём, пазней зваршчыкам. Яго працоўны стаж склаў сорак гадоў. Лічыўся добрасумленным працаўніком у гаспадарцы, узнагароджваўся шматлікімі медалямі.
Працоўны стаж Ніны Уладзіміраўны пачаўся з сямнаццаці гадоў, працавала аператарам машыннага даення. Ёй прысвоена званне майстра машыннага даення 1-га класа.
У снежні 1961 года Іван Мікалаевіч і Ніна Уладзіміраўна пажаніліся. У сям’і выраслі дзеці: сын Іван і дачка Людміла. Іван пасля праходжання службы ў арміі вярнуўся ў гаспадарку (тады калгас «Ленінскі шлях») і застаўся працаваць вадзіцелем. Хутка і ў яго з’явілася сям’я, мае тры дачкі. Агульны працоўны стаж склаў 33 гады. Магчыма, ён прадаўжаў бы працаваць да сённяшняга дня, каб не падвяло здароўе.
Людміла пераехала ў г. Баранавічы, уладкавалася на завод гандлёвага машынабудавання загадчыкам склада. Тут сустрэла абранніка жыцця Уладзіміра Ільіча.
У 1990 годзе ў сям’і Кастусік нарадзіўся першынец — сын Арцём. Былы старшыня калгаса «Ленінскі шлях» Іван Міхайлавіч Паўловіч запрасіў маладую сям’ю ў гаспадарку, прадаставіў працу і добраўпарадкаваную двухпакаёвую кватэру. Так сям’я Кастусік змяніла гарадское жыццё на сельскае.
Уладзімір Ільіч уладкаваўся вадзіцелем, а Людміла Іванаўна — птушніцай. Пасля нараджэння сына Аляксандра атрымалі катэдж. Сыны, бачачы, як бацька з задавальненнем займаецца любімай справай, таксама далучаліся да яго працы.
Дзявятнаццаць гадоў Людміла Іванаўна была загадчыкам склада запчастак на мехмайстэрні. Уладзімір Ільіч усё сваё свядомае жыццё працаваў у калгасе шафёрам, камбайнёрам і трактарыстам. На жаль, у 2015 годзе яго не стала.
Сцяжынкай бацькоў пайшлі і два сыны. Старэйшы Арцём, закончыўшы пасля школы Навагрудскі аграрны каледж і атрымаўшы дыплом агранома, уладкаваўся на працу ў калгас трактарыстам. Ён стварыў сям’ю, у якой выхоўваецца дачка Вікторыя. Дарэчы, жонка Кацярына працуе бухгалтарам у СВК «Цырын-Агра».
Малодшы сын Аляксандр, атрымаўшы спецыяльнасць механізатара ў Навагрудскім ліцэі, таксама працуе ў мясцовым сельгаскааператыве. Жанаты, у сям’і падрастае сын.
…Нельга дакладна сказаць, колькі дзясяткаў гадоў налічвае агульны працоўны стаж усіх членаў сям’і Кастусік-Пацко ў сельскай гаспадарцы, але нават па самых сціплых падліках гэтая лічба перавышае 200 гадоў. І калі ў гаспадарках будзе заставацца больш такой моладзі, як браты Кастусік, то будуць жыць вёскі, у нашых дзяцей і ўнукаў будзе будучыня.

Святлана БУБЕН,
намеснік старшыні па ідэалагічнай рабоце
СВК «Цырын-Агра».
Фота Ганны ПАШКЕВІЧ.

Добавить комментарий