Оператор машинного доения МТК «Райца-2» СПК «Свитязянка-2003» Галина Гуцева знает секрет большого молока: «Все мы душой болеем за производство, ведь от каждого из нас зависит общий успех»

Напярэдадні  свята Працы асаблівыя словы ўдзячнасці неабходна сказаць працаўнікам малочнай галіны  –  аператарам машыннага даення. Прафесія гэта вядома з даўніх часоў, і лёгкай яе не назавеш. У стагоддзе тэхнічнага прагрэсу на прылаўкі магазінаў такія прадукты харчавання, як малако, масла, сыр, смятана паступаюць у прыгожых упакоўках. І  мы часам забываем, што за ўсім гэтым стаіць  цяжкая праца даяркі. Зрэшты, прагрэс унёс у працу гэтых людзей карэктывы – ручное даенне змянілася механізаваным, а прафесія стала называцца інакш: аператар машыннага даення. Вось толькі графік работы “гаспадынь малочных рэк”  застаўся ранейшым. З першымі пеўнямі  яны ўжо завіхаюцца з апаратамі ў руках, а дадому – глыбокай ноччу. Прычым, у любое надвор’е, у будні і святы. Бо карова – істота жывая, і мае патрэбу ў пастаянным доглядзе.

Карэспандэнт  пабывала на  адным з вядучых малочнатаварных комплексаў раёна –  “Райца-2”  у СВК “Свіцязянка-2003”, пазнаёмілася з  аператарам машыннага даення Галінай Гуцавай і даведалася, у чым сакрэт вялікага малака.

– Вядома, галоўным тут, як і ў любой справе, з’яўляецца чалавек, –  адзначыла Галіна Аляксандраўна. –  Калектыў даярак  нашага комплексу складаецца з васьмі чалавек. Усе  дружныя, працавітыя,  і кожная з работніц вартая пахвалы. Многія  аддалі жывёлагадоўлі ўжо не адзін год сваёй працоўнай дзейнасці.

Сама Галіна Аляксандраўна родам з в. Дуброва Райцаўскага сельскага Савета. Адразу пасля заканчэння школы атрымала прафесію майстра-плодаагародніка,  два гады па размеркаванні працавала на Ждановіцкім цяплічным камбінаце. Потым давялося асвоіць прафесію зборшчыка фарфоравых вырабаў на Добрушскім фарфоравым заводзе. Але і ў гэтай прафесіі не суджана было застацца. Час ішоў, вырашыла вярнуцца  ў бацькоўскі дом.  На радзіме спачатку хадзіла ў паляводства, а потым больш дзесяці гадоў працавала санітаркай спачатку ў Райцаўскай бальніцы, а потым і ў амбулаторыі.  Рашэнне змяніць прафесію і пайсці працаваць  у СВК прыйшло нечакана і раптоўна. І вось жанчына ўжо больш пятнаццаці гадоў працуе на ферме.  Сёння, праз гады пасля першай у яе жыцці дойкі, можна ўжо з упэўненасцю гаварыць аб прызванні.

– Раней думала, што прызванне – гэта калі табе хочацца стаць настаўнікам, аграномам, ветурачом. А прафесія даяркі быццам бы занадта будзённая для мары. Але цяпер жа перакананая: любімай справай можа стаць на першы погляд самае звычайнае. Калі ж яно з’яўляецца такім, то і справы ладзяцца, – прызнаецца суразмоўца.

Дарэчы і тое, што за апошнія  тры месяцы  калектыў  МТК “Райца-2”   атрымаў  3093 кілаграмы ад каровы, а гэта  ў сярэднім 33,6 кг малака гатункам “экстра” на карову.  Ёць  немалы ўклад у агульную справу і Галіны Аляксандраўны.

На пытанне, як аператары  машыннага даення дасягнулі такіх поспехаў, яна адказала:

– Усе мы душой хварэем за вытворчасць, бо агульны поспех нараджаецца з намаганняў кожнага.

У даярак няма замацаваных груп жывёл.  Двухзменка прыйшлася жанчынам па душы.   За  змену  ўтрох яны  дояць 815 рагуль.  Па старой звычцы  не завуць каровак па мянушках, бо і сюды прыйшла лічбавізацыя – замест мянушкі нумар. Кожную   і па вымені можна пазнаць, і да нораву жывёлы прызвычаіцца. Ёсць яшчэ нешта, без чаго, па  цвёрдым перакананні, поспеху не дасягнуць. Сакрэт гэты – любоў да жывёл.  Немалаважную ролю,  па словах суразмоўцы,  адыгрывае і стаўленне кіраўніцтва гаспадаркі да працаўнікоў,  забяспечанасць калектыву ўсім неабходным – ад  якасных кармоў да спраўнага  сучаснага абсталявання. Апора таксама на спецыялістаў – заатэхніка і ветэрынара, на сябровак-даярак, з якімі  можна падзяліцца  і цяжкасцямі,  і радасцю.

У клопаце і працы бяжыць жыццё. Галіна Аляксандраўна выгадавала сына Яўгенія, які ўжо парадаваў  матулю ўнучкай Ангелінкай.  Хоць і жыве сын з сям’ёй  у г. Баранавічы, па выхадных прыязджаюць  на вёску, дзе заўсёды іх чакае любячае матчына сэрца. У вольны ад працы час жанчына з цікавасцю сочыць за спартыўнымі навінамі, асабліва за раённымі.

– Вельмі люблю спорт. Калі была крыху маладзейшая, заўсёды прымала ўдзел  у раённых спаборніцтвах. Яшчэ са школы добрыя вынікі па  бегу былі.   Не раз выступала  за мясцовую медустанову,  а калі ўладкавалася на працу ў СВК, то і годнасць гаспадаркі абараняла. Мне гэта цікава. І калі ў раёнцы пішуць артыкулы пра спаборніцтвы, крос, заўсёды шукаю прозвішчы знаёмых і шчыра радуюся іх поспехам.

Так і жыве, і працуе старанная сельская даярка, радуючыся поспехам родных, блізкіх і проста знаёмых, усведамляючы, што яе праца абарочваецца карысным  прадуктам на абедзенным стале кожнага з нас.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара