Новое питание в школьных столовых: чем и как кормят кореличских детей

Пытанне, звязанае з арганізацыяй школьнага харчавання, з’яўляецца даволі сур’ёзным, бо кожны дзень закранае мільён школьнікаў.  Пілотны праект, мэта якога — акарміць дзяцей смачна і карысна, стартаваў у Беларусі два гады таму. Першапачаткова  яго пляцоўкай сталі 20 устаноў адукацыі краіны. Эксперымент аказаўся ўдалым.  І ён паказаў — больш дзяцей стала абедаць у сталовых, пакідаючы пасля сябе пустыя талеркі.

З 1 верасня 2023 года на новы прынцып арганізацыі школьнага харчавання перайшлі шэсць устаноў адукацыі  Карэліцкага раёна: СШ № 1 г.п. Карэлічы, СШ г.п. Мір імя Г.І. Сташэўскай, Жухавіцкая, Лукская, Райцаўская і Цырынская сярэднія школы. Ужо ў пачатку навучальнага года ў прыкладны двухтыднёвы рацыён харчавання былі ўключаны 47 страў са спецыяльнага меню, распрацаванага Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, якое ўключае 329 тэхналагічных карт страў і вырабаў.  Меню школьнікаў папоўнілася  дзевяццю новымі салатамі, таксама з’явілася больш  дзесяці найменняў страў з мяса, птушкі і рыбы, больш  шасці найменняў выпечкі і напояў.

Таксама перагледжаны час харчавання навучэнцаў: ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў першую змену абед прадастаўляецца не раней, чым праз 2-2,5 гадзіны ад пачатку работы ўстановы адукацыі, у другую змену — не раней, чым праз 45 хвілін ад пачатку заняткаў другой змены. Колькасць прыёмаў ежы залежыць ад часу знаходжання дзіцяці ў школе: калі вучань праводзіць на ўроках ад 3,5 да 6 гадзін, яму паказана аднаразовае харчаванне, калі ад 6 да 10 гадзін – двухразовае, у выпадку, калі дзіця вучыцца звыш 10 гадзін, яно павінна есці тры разы.

Ці можна сумясціць смачнае з карысным?

Школьнае харчаванне – вечная тэма,  як і галоўнае пытанне: ці можна сумясціць смачнае з карысным? Ці ўдалося  вырашыць гэтую дылему ў школьных сталовых раёна, якія ўжо з першага верасня 2023 года  харчуюцца па абноўленым меню,  высвятляла карэспандэнт раённай газеты.

На гадзінніку амаль апоўдні. Хутка паркуемся каля ДУА “Жухавіцкая сярэдняя школа”, каб паспець да абеду: праз 30-40 хвілін званок з урока  – і дзеці з усіх ног памчацца ў сталовую. Мне ж  трэба даведацца, якімі новымі стравамі іх  тут частуюць.

На парозе сустракае дырэктар школы Ларыса Камера, якая ў ходзе размовы  адзначыла:

– У ранейшыя гады якая задача стаяла? Накарміць. Зараз іншы падыход: накарміць смачна і з улікам смакавых пераваг дзяцей. Школа, як апорная кропка здаровага правільнага харчавання. Дзяржава ўкладвае велізарныя сродкі ў харчаванне школьнікаў, і яно абавязана быць арганізавана на высокім узроўні.  Вучні сельскіх школ харчуюцца за дзяржаўную  датацыю, і  кожнае дзіця  атрымлівае тое, што яму належыць. Лічу,  што  наша невялікая каманда работнікаў сталовай годна спраўляецца з пастаўленай  задачай.

У меню, па словах шэф-повара Наталлі Кулак, з’явілася шмат новых блюд. Стравы сталі больш складанымі, але  гатаваць іх цікавей. А ўвогуле, сучасным школьнікам можна пазайздросціць: меню як у рэстаране. Прадукты натуральныя, без шкодных дабавак, па пажыўнасці – усё ў балансе. Што тычыцца гастранамічнай стратэгіі ў гэтым пытанні, то з практыкі работы трэба адзначыць, што чамусьці рыбныя стравы рэдка калі карыстаюцца папулярнасцю ў дзяцей.  Але,  пазнаёміўшыся з арсеналам новых рэцэптаў, думаю,  што яны, бывае,  і не здагадваюцца,  з чаго прыгатавана  страва. Найбольш даспадобы вучням прыйшліся аладкі «Нежанка»,  шашлычок і нагетсы, каўбаскі «Залатая рыбка» і шмат чаго іншага. Увогуле,  прапануецца двухварыянтнае дзесяцідзённае меню,   і калі  настаўнікі, работнікі сталовай заўважаюць, што дзецям нешта не падабаецца, то, па дамоўленасці з тэхнолагамі, у яго  аператыўна ўносяцца змены.

Шэф-повар Наталля Кулак

– Так, з першага сакавіка ў дзесяцідзённае меню ўвялі Дзень беларускай кухні, а як жа без гэтага, мы ж «бульбашы», – з усмешкай на вуснах гаворыць шэф-повар Наталля Сцяпанаўна. – У гэтыя дні  гатуем   драчэну ці бліны са свіной шкваркай,  або бульбяныя аладкі са смятанай фаршыраваныя мясам. Усе гэтыя стравы заўсёды даспадобы  школьнікам.

У меню на дзень  майго наведвання ўстановы   – салата “Каляровая”, суп са свежай капусты, смажаніна па-хатняму, кампот з сухафруктаў,  хлеб і зефір.  Выглядае смачна. Але, што самае галоўнае, – гэта яшчэ і карысна!  Ацанілі  абед і самі школьнікі: задаволеныя ўсмешкі і пустыя талеркі гавораць самі за сябе. Адходы – мінімальныя, хіба што не ўсе малыя змаглі справіцца з вялікай порцыяй, але і гэтае пытанне  на кантролі.

Суфле, катлеты, запяканкі, складаныя салаты… Адназначна можна сказаць –  перамены да лепшага і з карысцю для дзяцей.

Пра тое, што цяпер у школьную сталовую хадзіць пачалі з большай ахвотай,  расказалі і самі  навучэнцы. Яны падзяліліся:  многія новыя стравы ім падабаюцца значна больш тых, што былі ў ранейшым меню.

– Мне падабаецца, як нас кормяць у школе. Асабліва добра, што цяпер нам даюць піцу, сасіскі ў  цесце,  новыя напоі, смачныя сокі. З салатаў больш за ўсё мне і маім аднакласнікам падабаецца салата са свежых памідораў і агуркоў.  Яшчэ я люблю грэчневую кашу  і бліны.  У цэлым, кормяць нас смачна і вельмі сытна, – падзяліўся дзевяцікласнік Аляксандр Талмачоў.

Станоўчую ацэнку навінкам у школьным меню дала і вучаніца дзясятага класа Аніта Шафар. Вучаніца расказала, што ёй і раней падабаліся стравы, якія гатавалі  ў сталовай. Пры гэтым кулінарныя навінкі таксама заўсёды вартыя высокай пахвалы.

СКАЗАНА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:

— Калі дзеці з малазабяспечаных сем’яў, за якіх плаціць бюджэт дзяржавы, ядуць салату з капусты, які-небудзь бульбяны суп, а катлеты або сасіскі ім у гарачае не пакладуць — гэта дзікасць сярэдневяковая! Лепш тады наогул нікога не карміць, чым у школе вось такім чынам расслойваць дзяцей. Як мне далажыў мэр Мінска, літаральна за тыдзень сітуацыя была выраўнавана. Карміць дзяцей мы будзем як належыць. Дзіця трэба накарміць — увесь сказ, і нармальна накарміць.

На нарадзе па пытаннях адукацыі, 18 жніўня 2023 года.

 

Наколькі гатовы ўсе ўстановы адукацыі перайсці на новую форму арганізацыі харчавання навучэнцаў, расказала начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч.

— Станоўчыя вынікі  пілотнага праекта па арганізацыі харчавання навучэнцаў з                1 верасня  2024 года   распаўсюдзяцца на ўсе школы раёна. Будуць уводзіцца новыя стравы і вырабы ў меню харчавання навучэнцаў ва ўсіх школах з улікам наяўнай матэрыяльна-тэхнічнай базы сталовых. Гатаваць  такія стравы будуць, як правіла, з выкарыстаннем падрыхтаванага Міністэрствам адукацыі інфармацыйнага зборніка тэхналагічных карт, страў і вырабаў,  распрацаваных з улікам смакавых пераваг навучэнцаў, якія былі вызначаны ў ходзе эксперыменту. Зборнік  размешчаны ў агульным доступе на сайце Міністэрства адукацыі. Спасылкі ёсць на сайтах галоўнага  ўпраўлення  адукацыі аблвыканкама, на сайтах устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Любы жадаючы  можа прыгатаваць стравы дома,  зыходзячы з рэцэптуры, якая там указана.

Плануецца выйсці на новы ўзровень узаемадзеяння з навучэнцамі і іх бацькамі па пытаннях арганізацыі харчавання. Гаворка ідзе аб фарміраванні культуры здаровага харчавання праз актуалізаваныя навучальныя праграмы. У школах, якія рыхтуюцца перайсці на новыя падыходы  арганізацыі харчавання,  будуць праводзіцца дэгустацыі новых страў, розныя мерапрыемствы выхаваўчага характару:  фестывалі, віктарыны, конкурсы па прыгатаванні школьнікамі страў, розныя акцыі, фотаконкурсы, выставы малюнкаў, плакатаў.

Акрамя таго, органамі кіравання адукацыі, якія арганізуюць харчаванне ва ўстановах адукацыі,  праводзіцца работа па павышэнні прафесійнай кампетэнтнасці работнікаў школьных сталовых: яны будуць накіроўвацца на курсы павышэння кваліфікацыі, – адзначыла Ірына Валер’еўна.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара