Вольга Кісцень: «Жыві і квітней, «Полымя»! Набірайся вопыту і цікавых матэрыялаў пра жыццё Карэліччыны!»

17 мая ў Карэліцкім вузле паштовай сувязі адбыўся Дзень падпісчыка. Жыхары раёна ахвотна выпісвалі раённую газету «Полымя» і дзяліліся сваімі водгукамі.
Пастаянная падпісчыца, жыхарка аграгарадка Турэц Вольга КІСЦЕНЬ расказвае:

— Сёння завітала на раённы вузел паштовай сувязі і з нагоды Дня падпісчыка хачу выказаць свае адносіны да раёнкі. «Полымя» для мяне з’яўляецца сапраўдным сябрам, з якім падтрымліваю сувязі з даўняга часу: больш трыццаці гадоў яна прыходзіць у наш дом. Чакаю з вялікім нецярпеннем, бо ўпэўнена, што матэрыялы будуць цікавымі і непаўторнымі. Мае спадзяванні апраўдваюцца: акунаюся ў жыццё раёна.

У газеце «Полымя» даецца цікавы і змястоўны матэрыял пра ўсе галіны народнай гаспадаркі. Да драбніц прадумана кожная старонка, захапляе жыццё знакамітых людзей раёна. А як патрэбны нашай душы вершы мясцовых паэтаў і віншаванні землякам са знакамітымі датамі — па-добраму радуешся за іншых людзей. А як цікава чытаць артыкулы пазаштатных карэспандэнтаў: Таісы Мухінай, Галіны Калтуновай, Марыі Беленавай, Баляслава Навіцкага і многіх іншых.

Газета «Полымя» — гэта жывая крыніца для паведамленняў. У ёй змяшчаюцца розныя аб’явы, якія асабліва патрэбны жыхарам аддаленых куточкаў; можна даведацца аб тым, што купіць і што прадаць; пра рытуальныя паслугі для тых, каго падпільнавала бяда; праграма тэлебачання, якой карыстаюцца ў пераважнай большасці людзі пажылога ўзросту, і шмат іншага, што так патрэбна чалавеку ў нашым імклівым жыцці. Праходзіць тыдзень-другі, і іншы раз ізноў можна вярнуцца да матэрыялаў, якія глыбока запалі ў душу, а рэкламныя звесткі змогуць дапамагчы вырашыць бытавыя пытанні.

Жыві і квітней, «Полымя»! Набірайся вопыту і цікавых матэрыялаў пра жыццё Карэліччыны! Усім супрацоўнікам газеты жадаю натхнення, творчага пошуку, здзяйснення ўсіх задумак!

Галіна СМАЛЯНКА
Фота Дар’і ВАРАПАЕВАЙ