Золотыми правилами семейной жизни делятся Денис и Ольга Стодольник

Сям’я – гэта адзін на ўсіх смутак і радасць, гэта крэпасць, за сценамі  якой  пануюць  любоў і разуменне. Кажуць, што кожная сям’я шчаслівая па-свойму. Цёплыя і даверлівыя адносіны, узаемапавага і  падтрымка, сямейныя традыцыі  – той самы надзейны падмурак, пра які мараць усе. Высветлім, у чым жа сакрэт  шчаслівых сямейных  адносін у сем’ях на Карэліччыне.  

Добразычлівая атмасфера пануе ў маладой сям’і Стадольнік. Дзяніс – начальнік Карэліцкага РАНС, Вольга – спецыяліст па арганізацыі закупак УАЗ “Карэліцкая цэнтральная раённая бальніца”. Іх моцная, дружная сям’я складаецца з чатырох чалавек – мамы, таты, сына і дачкі. Жывуць яны ў г.п. Карэлічы.

Сямейнае жыццё Дзяніса і Вольгі Стадольнік будуецца на ўзаемаразуменні і ўзаемапавазе. Гэтыя якасці яны імкнуцца прывіваць  сыну Уладзіславу і дачушцы Міраславе. Галоўны ў доме, вядома ж тата – ён гаспадар. А мама – захавальніца хатняга дабрабыту, стваральніца ўтульнасці і цяпла. Вольга спакойная і ўсмешлівая. Клопат пра дзяцей для яе – вялікая радасць.

– Вядома ж, быць мамай не заўсёды бывае проста, але іншага жыцця я сабе не ўяўляю, – дзеліцца маладая жанчына. – Лічу, што ў доме абавязкова павінны гучаць дзіцячыя галасы і смех.

Вольга родам з райцэнтра, а Дзяніс – з аграгарадка Лукі. Пазнаёміліся яны ў 2009  годзе на турыстычным злёце  МНС у г. Гродна. Дзяўчына на той час была адзінаццацікласніцай і  ў складзе  зборнай каманды  “Юны выратавальнік”  абараняла годнасць раёна, а юнак выступаў у саставе каманды  Карэліцкага РАНС. Паступова завязалася дружба, якая перарасла ў светлае пачуццё – каханне.

– Ужо з самага пачатку нашага знаёмства  я разумела, што Дзяніс – той мужчына, з якім сапраўды можна быць “за мужам”. Ён вельмі  клапатлівы і ўважлівы, працавіты, умее браць на сябе адказнасць, – расказвае Вольга.

Вось кажуць,  сустрэліся дзве палавінкі. Выходзіць, што ў іх  выпадку так яно і было. І  ідуць сужэнцы па жыцці ўжо больш за адзінаццаць гадоў. У іх цудоўныя  дзеткі. Можа быць, хтосьці паглядзіць на іх сям’ю збоку і не зразумее, чаму яны шчаслівыя.  А гэта вельмі проста – кахаюць адзін аднаго, любяць і радуюцца нават маленькім поспехам сваіх дзяцей.

– Вяселле згулялі  ў  2012 годзе. Я адразу зразумеў, што сустрэў тую дзяўчыну, з якой хачу звязаць свой лёс. Як кажуць, выгадаваў сабе жонку.  Мая Вольга і гаспадыня добрая, і жонка ласкавая, і маці клапатлівая,  – кажа з усмешкай Дзяніс.

Знаёмімся са Стадольнікамі малодшымі. Сыну Уладзіславу  восем  гадоў. У верасні пойдзе ўжо ў трэці клас. Вучыцца ў сярэдняй школе № 2 г.п. Карэлічы.  Любіць майстраваць, збіраць розныя канструктары, а больш за ўсё ляпіць з пластыліну, праводзіць розныя эксперыменты і назіраць за насякомымі. Як і большасці хлопчыкаў, яму падабаецца фізкультура.  А гледзячы на бацьку, ён таксама з задавальненнем асвойвае навыкі дамашніх работ. Адным словам,  ужо сапраўдны памочнік  у  справах. Калі трэба,  ён яшчэ і за малодшай сястрычкай прыгледзіць. Ёй  шэсць гадоў.  Хоць яшчэ і малая, але ўжо праяўляе цікавасць да вучобы, любіць маляваць, даглядаць за  хатнім гадаванцам катом. Увогуле, звычайныя  дзеці, у кожнага свой характар, кожнаму хочацца шмат бацькоўскіх цяпла і ласкі.

– Як і ўсе бацькі,  мы марым, каб нашы дзеці выраслі добрымі, адказнымі, спагадлівымі і прыстойнымі людзьмі. Нягледзячы на тое, што яны, бывае, штосьці не падзеляць, усё роўна   дружныя і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу адзін аднаму, – кажуць маладыя бацькі.

– Добра, што ў мужа залатыя рукі, ён умее рабіць усё, – кажа Вольга, – а калі нешта не ведае, то абавязкова навучыцца. Дзяніс вельмі творчая асоба: яму цікава сваімі рукамі ствараць  вырабы ў тэхніцы  арт-бетон, прыгожа малюе, піша вершы.

Хоць і пражылі сужэнцы трохі больш за дзесяць гадоў, але ў  іх маладой сям’і ўжо  склаліся свае  традыцыі. Яны з нецярпеннем чакаюць выхадных, бо любяць   праводзіць час разам. Усёй сям’ёй едуць на дачу, а  калі дазваляе надвор’е, адпачываюць  на прыродзе, летам ездзяць  на рыбалку, у лес у грыбы і ягады. Вядуць актыўны лад жыцця,  удзельнічаюць у розных спаборніцтвах на ўзроўні школы і раёна, прымаюць удзел у патрыятычных акцыях і раённых  мерапрыемствах, а яшчэ разам гатуюць сямейную вячэру.  Гэтыя традыцыі выхоўваюць у дзецях давер і цікавасць жыць сярод родных і блізкіх людзей.  А сумесны адпачынак спрыяе  таму,  што дзеці спазнаюць свет жывой прыроды, вучацца ставіцца да яго беражліва, акрамя таго,  гэта магчымасць гутарыць, разважаць пра важнае сам-насам або ўсім разам.

– Родныя людзі – гэта падарунак лёсу, які мы павінны шанаваць. А сям’я – наш надзейны прытулак у вялікім свеце. І кожны з нас абавязкова павінен уносіць уклад у агульнае шчасце. Сапраўдная сям’я – гэта асаблівае стаўленне адзін да аднаго, каханне, узаемапавага, дапамога  і  ўжо гадамі выпрацаваныя традыцыі,  – заключылі Дзяніс і Вольга.

Так  і выдатны класік  рускай літаратуры Леў Талстой аднойчы сказаў, што ў кожнай сям’і  свая “жывая душа”,  у якой ёсць і квітнеючы райскі сад, і крыніцы “жывой вады”, і магутныя дрэвы,  якія сыходзяцца галінамі высока ў небе, а каранямі – глыбока ў зямлі. А добрыя традыцыі падобныя да гэтых крыніц. Яны ўмацоўваюць сувязі  і  пакідаюць прыемныя ўспаміны на доўгія гады, а дзеці адчуваюць сябе шчаслівымі, бяспечнымі і любімымі.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара і з сямейнага архіва сям’і Стадольнік