Кореличчанка Анна Блиновская раскрывает секрет внутренней красоты
Жыццё на пенсіі ў кожнага сваё. Адно відавочна: яно павінна быць змястоўным і цікавым, каб чалавек у паважаным узросце не шкадаваў аб дарэмна прайшоўшых днях.
Сёння наша субяседніца — жыхарка г.п. Карэлічы Ганна Фёдараўна БЛІНОЎСКАЯ.
— Ганна Фёдараўна, як Вы праводзіце час на заслужаным адпачынку?
— Імкнуся не сядзець на лавачцы. Люблю рухацца — хаджу на трэнажоры на стадыён «Юнацтва». Там можна займацца рознымі практыкаваннямі. Можна пайсці на возера палюбавацца прыгажосцю навакольнага асяроддзя. Каля возера Быкава зрабілі лавачкі, дзе можна адпачыць.
— Па жыцці Вы чым займаліся?
— Чым толькі не займалася, моцна любіла спорт. Працавала ў ваенізаванай пажарнай ахове ў Туркменістане, а на Карэліччыне — у гандлі з 1972 па 1998 год да выхаду на пенсію.
— Вашы карані на Карэліччыне ці сюды прывёў лёс?
— Мае карані — на Навагрудчыне: вёска Аўдзеевічы. Там закончыла школу і паехала вучыцца ў Туркменістан. У 1972 годзе вярнулася — моцна цягнула на Радзіму. Карэлічы палюбіла, зраднілася з людзьмі — працавала прадаўцом ва ўнівермазе.
— Што найбольш цэніце ў людзях?
— Дабрыню, справядлівасць, шчырасць. Добрыя людзі адкрытыя, без фанабэрыстасці і хлусні. Яны падтрымаюць і дапамогуць у цяжкую хвіліну.
— Вас часта можна бачыць на раённых мерапрыемствах і ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна. Яны Вам у радасць?
— Безумоўна. Я люблю ўсім цікавіцца, нягледзячы на паважаны ўзрост. Адкрываю і даведваюся цікавае для сябе, сустракаюся з людзьмі. Шмат змястоўнага можна даведацца ў музеі, бібліятэцы, ЦСАН і на мерапрыемствах, якія арганізоўвае раённая ветэранская арганізацыя: сустрэчы, паездкі. Гэта ўзбагачае душу.
— Здароўе называюць найкаштоўнейшым дарам. Што ў гэтым накірунку Вы прадпрымаеце?
— Раніцай раблю зарадку. Люблю ўвіхацца па доме: прыбіраць у пакоях і гатаваць стравы. У двары дома ёсць мая клумба, дзе саджу кветкі і даглядаю іх.
— У свае восемдзесят Вы захавалі ўвішнасць і цікавасць да жыцця. У чым сакрэт Вашай знешняй і ўнутранай прыгажосці?
— Я жыву па прынцыпе, сэнс якога закладзены ў вершаваных радках:
Не живи уныло,
Не жалей, что было.
Не мечтай, что будет,
Береги, что есть.
— Вы любіце чытаць?
— Вельмі люблю чытаць і быць у курсе падзей, якія адбываюцца ў краіне і за мяжой. Люблю паэзію, з задавальненнем чытаю ў раённай газеце «Полымя» вершы мясцовых паэтаў.
— Што б Вы пажадалі людзям залатога ўзросту?
— Менш азірацца на свой узрост і быць у кругавароце жыцця.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Сяргея СТОЛЯРА