Рейд по социально опасным семьям состоялся в Жуховичском сельсовете

Да добрага прывыкаеш хутка. Да дрэннага прывыкнуць немагчыма, нават калі гэта датычыцца іншых людзей. Падчас адпрацоўкі Жухавіцкага сельсавета няпроста было зразумець паводзіны бацькоў, якія павінны быць у адказе за сваіх дзяцей, а ў іх атрымліваецца наадварот. Ім бы зразумець, што чалавек сям’ёю моцны, а яна — апора для шчасця.

У склад рэйдавай групы ўвайшлі прадстаўнікі камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта, інспекцыі па справах непаўналетніх раённага аддзела ўнутраных спраў, аддзела адукацыі райвыканкама. У рэйдзе прыняў удзел журналіст раённай газеты «Полымя». Былі наведаны сем’і, прызнаныя сацыяльна небяспечнымі.

Пачатак пачаткаў

 Мы наведалі  шматдзетную сям’ю. Дзеці ў ёй падрастковага ўзросту.

— Дзе дзеці будуць праводзіць лета? — цікавяцца члены рэйду.

— Дочкі на збожжаток пойдуць працаваць, сын — у працоўны лагер, — гаворыць маці.

Далей матуля прызнаецца, што моцна любіць сваіх дачок і сына і стараецца ўсё зрабіць дзеля іх шчаслівага жыцця.

Адно відавочна: дзеля шчасця ў сям’і патрэбны  лад і ўзаемаразуменне. Але пра гэта тут упэўнена не скажаш: бацька любіць выпіць, у сям’і былі скандалы. Зараз адносіны паміж сужэнцамі пачалі наладжвацца. Праўда, тры гады яны знаходзяцца ў разводзе, але жывуць разам.

У хаце ўтульна і чыста, на падворку наведзены парадак. Гаспадары працуюць у жывёлагадоўлі мясцовага сельгаскааператыва. Вось бы да іх руплівасці ўсвядоміць яшчэ адну простую ісціну: бацькі паказваюць прыклад узаемаадносін у сям’і. Меншыя штодзённа бачаць іх паводзіны і вучацца ў іх сакрэтам сямейнага жыцця.

Пад дахам дома аднаго

Што можа быць даражэй дома, куды хочацца вяртацца? У ім  жывуць родныя людзі, з якімі хочацца дзяліцца радасцямі і горычамі, і табе там заўсёды камфортна, бо гэта родны дом. Так у большасці сем’яў. Хаця ёсць такія, якія не стараюцца захоўваць нават элементарныя правілы  санітарнага стану жылых пакояў. Так было ў сям’і, якую наведала рэйдавая група. Маладая маці знаходзілася на працы, і нам давялося пагутарыць з бабуляй і на свае вочы ўбачыць стан пакояў. Як адзначалі правяраючыя, у іх ужо паспелі навесці адпаведны парадак. «Зрухі ёсць, будзем рыхтаваць да зняцця з уліку», — рэзюмавалі ўдзельнікі рэйду.

Участковы інспектар міліцыі Алег Анісімаў нагадаў аб тым, што летам у дзяцей шмат вольнага часу, і трэба прыкласці ўсе старанні з боку родных дзеля таго, каб лета было для дзяцей бяспечным.

Маці нікім не заменіш

Ролю маці ў жыцці дзіцяці няпроста пераацаніць. Яна любіць як немаўля, так і дарослых дзяцей. Любіць такімі, якія яны ёсць, не зважаючы на характар і погляды. Яе любоў не мае межаў, а цярпення хапае на ўсё, усіх, заўсёды. Гэта пра большасць маці, якія бачаць сэнс жыцця ў шчасці сваіх дзяцей.

…На парозе кватэры нас сустрэла прыгожая жанчына. Цяпер яна дома адна, муж знаходзіўся на працы, а дзіця — у Доме дзіцяці ў абласным цэнтры. Пры першай сустрэчы яе знешні выгляд не выдаваў цягу да спіртных напояў. Пры ёй —  маладосць і прыгажосць, а пра шчаслівыя імгненні жыцця з любімым дзіцем толькі марыць. Пакуль жа  час ад часу яна едзе ў Гродна на сустрэчу з сямімесячнай дачкой.

Усё згубіла гарэлка, жанчына ад алкагалізму нават лячылася. Зараз у вялікай утульнай кватэры аб роднай крывіначцы нагадвае толькі прыгожа абсталяваны дзіцячы пакой.

— Вы ўжо не адна, і аб гэтым трэба памятаць, — гаворыць намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх  райвыканкама Вольга Базар. — Трэба назаўсёды развітацца з пагубнай звычкай, якая да дабра не прывядзе. Дзіця павінна расці ў сям’і, у любові і клопаце. Маці нікім не заменіш.

Як паведамілі ў камісіі па справах непаўналетніх раённага выканаўчага камітэта, у Карэліцкім раёне на 1 ліпеня 2024 года ў сацыяльна небяспечным становішчы знаходзіцца 41 сям’я, у якой выхоўваецца 78 дзяцей. У Жухавіцкім сельсавеце — тры сям’і і сямёра дзяцей.

Галіна СМАЛЯНКА