В Кореличском районе работает спортивно-оздоровительный палаточный лагерь «Олимп»
Адпачынак на свежым паветры і ў маляўнічым месцы многім у радасць. Правесці вольны час з сябрамі — двайное шчасце, і прыхільнікі спорту лічаць сябе шчаслівымі. Па іх меркаванні, спорт — здароўе, занятак, прыгажосць.
Спартыўна-аздараўленчы палатачны лагер «Алімп» размешчаны на тэрыторыі ДАЛ «Вясёлка». Вядзём гутарку з яго дырэктарам Аляксандрам Буцкевічам:
— У лагеры — 35 спартсменаў-навучэнцаў дзяржаўнай установы «Дзіцячая юнацкая спартыўная школа Карэліцкага раёна» і 5 трэнераў-выкладчыкаў. Змена праходзіць з 10 па 18 ліпеня. Распарадак дня ўключае пад’ём у 8 гадзін і адыход да сну ў 22 гадзіны.
На працягу адпачынку ў лагеры спартсмены трэніруюцца і падарожнічаюць: да помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы Ятвезь, царкву Святога Міхаіла ў вёсцы Міратычы. Іх чакае шмат іншых мерапрыемстваў. Вечарам юнакі і дзяўчаты ходзяць на дыскатэкі і спяваюць любімыя песні каля кастра.
Задаволены адпачываючыя і харчаваннем: яны наведваюць сталовую дзіцячага аздараўленчага лагера «Вясёлка». Стравы разнастайныя і каларыйныя, і гэтая акалічнасць станоўчым чынам уплывае на здароўе і настрой юнакоў і дзяўчат.
Аляксандр Аляксандравіч у палатачным лагеры працуе з 2018 года. Напачатку быў трэнерам-выкладчыкам, выхавальнікам, а з 2021 года — кіраўніком. «У лагеры падабаецца: прырода і адпачынак мне па душы. Люблю спорт — здароўе, занятак, прыгажосць. Гэтую любоў мы прывіваем дзецям», — адзначае Аляксандр Буцкевіч.
СЛОВА — АДПАЧЫВАЮЧЫМ У ПАЛАТАЧНЫМ ЛАГЕРЫ:
Паліна ШАЎЦОВА,
навучэнка ДУ «ДЮСШ Карэліцкага раёна»:
— Мне тут вельмі падабаецца. Мы адпачываем і ходзім на экскурсіі. У мяне шмат сяброў, з якімі праводзім вольны час з карысцю.
У палатачным лагеры чацвёрты раз, і кожны раз па-асабліваму заварожваюць навакольныя мясціны, і я атрымліваю вялікую асалоду ад сустрэч з прыродай.
Максім ШЭЎКА,
навучэнец ДУ «ДЮСШ Карэліцкага раёна»:
— Я люблю спорт, займаюся гандболам. У палатачны лагер прыехаў з сябрамі. Вельмі падабаецца гэтае прыгожае маляўнічае месца. Мы знаходзімся на свежым паветры, дзе добра дыхаецца. Выхавальнікі і трэнеры з’яўляюцца добрымі дарадцамі. Ад кожнага праведзенага дзянёчка атрымліваю вялікую асалоду.
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Яраславы МАНКЕВІЧ