На планерке у председателя: помощь после урагана, благоустройство улиц и дворов, зарядная станция для электромобилей

На працягу тыдня на тэрыторыі найбольш пацярпелага ад урагану Лукскага сельсавета трэба завяршыць добраўпарадкаванне і выйсці на дапамогу іншым сельсаветам. Такую задачу перад раённымі службамі паставіў старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей на штотыднёвай аператыўнай нарадзе.

— Першачарговая задача — аказаць дапамогу людзям, асабліва адзінокім і адзінока пражываючым пенсіянерам і людзям з інваліднасцю, — акцэнтаваў увагу кіраўнік раёна. — У магазіны раёна ўжо пачаліся пастаўкі шыферу. Магчыма, камусьці трэба дапамагчы з дастаўкай і разгрузкай. Затым прыступім да аднаўлення дахаў на Лукскай сярэдняй школе і Доме культуры. На абодва аб’екты спатрэбіцца амаль 750 лістоў шыферу. Дзе-нідзе патрабуецца замена пралётаў жалезабетонных платоў. Упэўнены, што талакой парадак навядзём.

На нарадзе разгледзелі пытанне аб выкананні графікаў работ па капітальным рамонце жылых дамоў. У бягучым годзе ў раёне капрамонт будзе праведзены на 5 шматпавярховіках агульнай плошчай 3,3 тысячы метраў квадратных. Работы вядуцца рытмічна, хоць і з невялікім адхіленнем ад графіка. Завяршаецца рамонт дахаў жылых дамоў: на 8 з 10 дамоў работы скончаны. Завершана добраўпарадкаванне дваровай тэрыторыі на вуліцы Прытыцкага, 15 у г.п. Карэлічы, чакаецца на Гагарына, 4а. Праводзіцца мадэрнізацыя вулічнага асвятлення. 45 новых ліхтароў з’явілася на вуліцах Гагарына і 8 Сакавіка ў райцэнтры.

Сіламі РУП ЖКГ заменена 50 м водаправодных сетак і 40 м каналізацыйных. Актыўна ідзе падрыхтоўка да зімы. Так, у агр. Лукі і Райца дзве кацельні будуць пераведзены з дроў на больш эканамічны від паліва — пялеты. Ствараюцца запасы паліва: на складах маецца 50% ад запланаванага. Завяршыць капітальны рамонт жылфонду і дахаў дамоў у тэрмін і якасна — такое даручэнне ад старшыні райвыканкама адказным службам. Акрамя таго, неабходна актывізаваць работы па рамонце пешаходных дарожак і акосцы могілак. Гэтыя пытанні асабліва трывожаць нашых жыхароў.

Абмеркавалі на нарадзе і перспектывы пустуючых будынкаў, у якіх калісьці размяшчаліся вытворчыя аб’екты і ўстановы сацкультбыту. Некаторыя з іх прададзеныя з аўкцыёну. У інвестараў ёсць планы па ўладкаванні ў іх хостэла і аўтамыйкі.

— Пустуючыя будынкі трэба актыўна рэкламаваць, прапаноўваць бізнесменам, бо гэта і дадатковы даход у бюджэт, і дадатковыя працоўныя месцы. Акрамя таго, трэба кантраляваць стан ужо прададзеных аб’ектаў. Там павінен быць парадак, і аб’ект павінен працаваць, — сказаў Андрэй Гардзей.

Добры прыклад інвестыцый — гэта зарадная станцыя для электрамабіляў, якая неўзабаве павінна з’явіцца ў г.п. Мір.

Іна ЛЕЙКА