Делегация из города-побратима Красногорска посетила Кореличчину
9 жніўня ў Карэліцкім раённым цэнтры творчасці дзяцей і моладзі намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ірына Асташэвіч сустрэліся з дэлегацыяй рабят з горада Краснагорск Расійскай Федэрацыі.
Пабрацімскі рух, які некалькі дзясяткаў гадоў падтрымлівае Карэліччына з горадам Краснагорскам, працягваецца, набывае новыя віды і формы, спрыяе збліжэнню моладзі нашых краін. Неаднойчы дэлегацыі з гарадоў-пабрацімаў прыязджалі адзін да аднаго ў госці. Не стаў выключэннем і гэты год. Зараз, цёплымі жнівеньскімі днямі, краснагорцы абпачываюць у ДАЛ “Вясёлка”.
Падчас сустрэчы дырэктар Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей Ларыса Карась правяла экскурсію і пазнаёміла гасцей з асноўнымі напрамкамі работы ўстановы дадатковай адукацыі.
У сваёй прамове начальнік аддзела адукацыі Ірына Асташэвіч расказала пра раённую сістэму адукацыі і асаблівасці адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь:
– Школьная адукацыя ў Беларусі пачынаецца з 6 гадоў і прадугледжвае два ўзроўні: агульную базавую і агульную сярэднюю. Курс базавай школы разлічаны на 9 гадоў, сярэдняй – на 11. Паспяхова скончыўшы базавую школу, маладыя людзі маюць магчымасць працягнуць навучанне ў каледжах, ліцэях і прафесійна-тэхнічных вучылішчах, дзе адначасова атрымліваюць сярэднюю адукацыю і прафесійную падрыхтоўку. Жадаючыя могуць атрымаць агульную сярэднюю адукацыю, працягнуўшы навучанне ў школе. Атэстат аб агульнай сярэдняй або сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’яўляецца асноўным дакументам, які дае права на паступленне ў вышэйшую навучальную ўстанову.
У сістэме адукацыі Беларусі выкарыстоўваюцца дзве афіцыйныя мовы – руская і беларуская.
Ірына Валер’еўна таксама адзначыла, што сяброўства паміж Карэліччынай і Краснагорскам існуе даўно, у тым ліку ў пытанні аздараўлення дзяцей, і выказала ўпэўненаць, што ў далейшым братэрскія адносіны будуць толькі ўзмацняцца.
Яўген Мікалаевіч у сваёй прамове адзначыў, што Карэліччына заўсёды шчыра і зычліва вітае гасцей. Выказаў спадзяванне, што экскурсіі, прапанаваныя рабятам падчас адпачынку, дапамаглі паўнавартасна раскрыць каларыт не толькі нашага рэгіёна, але і вобласці, і нават рэспублікі.
У сваю чаргу госці паказалі кіраўніцтву раёна майстар-клас па народным танцам і падзяліліся сваімі ўражаннямі аб адпачынку.
Кіраўнік маладзёжнай дэлегацыі з г. Краснагорска Марыя Рэмпель адзначыла, што ў саставе дэлегацыі прыязджае ўжо трэці год запар і кожны раз па-новаму адкрывае для сябе маляўнічасць і прыгажосць Карэліцкай зямлі і наогул нашай краіны. Сёлета на адпачынак прыехалі дзесяць рабят і два выхавальнікі. Моладзь з ліку лепшых. Узрост — 14-17 гадоў, сем дзяўчат і трое юнакоў. Марыя Андрэеўна лічыць, што ніякая палітыка і эканоміка не здольныя перашкодзіць сапраўднай дружбе, і менавіта такое сяброўства — залог захавання міру і добрых адносін паміж народамі розных нацыянальнасцяў і культур і паміж краінамі.
Кіраўнік школы важатых г. Краснагорск Цімафей Шмідт адзначыў:
— Ужо с самых першых хвілін, калі мы апынуліся на тэрыторыі ДАЛ ”Вясёлка”, нам стала зразумела, што гэта райскі куток, свой асобны свет удалечыні ад гарадской мітусні і праблем. Цудоўная прырода, чыстае паветра, тут усё абсталявана і прадумана для адпачынку. Футбольнае і валейбольнае палі, добрыя альтанкі, архітэктура корпусаў. Цікавая і насычаная культурная праграма. Незабыўныя ўражанні пакінулі экскурсіі па Мірскаму замку, г.п. Мір, Свята-Елісееўскаму Лаўрышаўскаму мужчынскаму манастыру. Беларусь – гэта краіна, дзе жывуць цудоўныя людзі, куды зноў і зноў хочацца вяртацца.
Валерыя Гардаш з г. Краснагорск падзялілася:
— На адпачынак у лагер “Вясёлка” прыехала ўпершыню. Я ў захапленні ад лагера, вельмі ўдзячна ўсім, хто мае дачыненне да арганізацыі паездкі. Мы весела бавім час. Увесь лагер жыве адной вялікай сям’ёй. Мы пасябравалі з рабятамі ўсіх атрадаў і праводзім шмат часу разам.
Беларусь – гэта сапраўдная краіна буслоў, я ніколі не бачыла столькі птушак на палях. Сваёй веліччу і прыгажосцю ўразіў мяне і Мірскі замак, цяпер мне зразумела, чаму яго лічаць своеасаблівай жамчужынай краіны. Назаўсёды ў памяці застануцца добрыя, са шчырай усмешкай на вуснах, людзі вашай зямлі