В Кореличах состоялось заседание по готовности школ района к новому учебному году

На выніковым пасяджэнні з удзелам кіраўнікоў устаноў адукацыі падчас сваіх справаздач кіраўнікі рабочых камісій расказалі прысутным аб гатоўнасці ўстаноў да навучальнага года.

— Ва ўсіх школах і дзіцячых садках улетку традыцыйна праводзяцца асобныя віды работ у рамках бягучага рамонту, — адзначыла начальнік аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ірына Асташэвіч. — Асвяжаецца фарба на сценах і столях, афарбоўваецца падлога, абнаўляюцца санвузлы, рамантуюцца дахі і фасады, выконваецца дробны бягучы рамонт. Ні адна школа не застаецца  без увагі: выдзяляюцца бюджэтныя сродкі, а таксама выкарыстоўваюцца сродкі, атрыманыя ад пазабюджэтнай дзейнасці, розныя віды спонсарскай дапамогі, у тым ліку грошы  папячыцельскага савета. Сёлета вы разам са сваімі работнікамі пастараліся на славу: усе ўстановы адукацыі выдатна падрыхтаваны да новага навучальнага года, радуюць вока і ўнутранае ўбранства кабінетаў, і вонкавае афармленне прышкольных участкаў. Вялікі дзякуй за праведзеную працу.

Высокі ўзровень падрыхтоўкі ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года адзначыў і намеснік старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўген Чычкан:

— Прыемна было наведваць установы адукацыі. Іх работнікі падышлі да добраўпарадкавання з густам і стараннасцю, пастараліся зрабіць усё, каб прыбыванне дзяцей у школах было камфортным.

Намеснік начальніка аддзела адукацыі Карэліцкага райвыканкама Ала Шэўка ўручыла загадчыкам дзіцячых садкоў сертыфікаты гатоўнасці.

У новым навучальным годзе ў Карэліцкім раёне пачнуць працаваць 10 агульнаадукацыйных школ, 6 дзіцячых садкоў, Сацыяльна-педагагічны цэнтр, Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі і Карэліцкі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. За парты сядуць 1547 вучняў, з іх 114 першакласнікаў. У дзіцячыя садкі пойдуць 383 выхаванцы.