На планерке у председателя: доходы из отходов и сдобная идея для сельхозпредприятия
Як у раёне выконваецца заданне па зборы і здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў у першым паўгоддзі бягучага года, разгледзелі на аператыўнай штотыднёвай нарадзе ў старшыні Карэліцкага райвыканкама Андрэя Гардзея.
Намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама Васілій Александроў адзначыў, што ў бягучым годзе ў раёне неабходна нарыхтаваць 411 т адходаў паперы і кардона, 268 т шкла, 128 т палімераў, 84 т зношаных шын, 25 т адпрацаваных масел, 31 т электрычнага і электроннага абсталявання. Паўгадавы план выкананы па трох паказчыках: па нарыхтоўцы зношаных шын (104,3%), адпрацаваных масел (68,8%) і палімерных адходаў (56,3%). Пры абмеркаванні актуальнай тэмы асноўны акцэнт быў зроблены на збор макулатуры, шкла і абсталявання, якое выйшла са строю.
— Працэнт збору другаснай сыравіны можа вырасці, калі скласці больш гнуткі графік працы з насельніцтвам для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў, — мяркуе Андрэй Гардзей. — Акрамя таго, у раёне пачата ўкараненне кантэйнернай сістэмы паасобнага збору смецця. Пакуль сістэма наладжваецца, неабходна больш ВМР здабываць з цвёрдых камунальных адходаў на міні-палігоне «Беразавец», бо гэтыя адходы можна і трэба ператвараць у даходы.
Прааналізавалі на нарадзе і работу хлебабулачнага цэха КСУП “Малюшычы”, які адкрыты ў лютым мінулага года. Прадукцыя мясцовай міні-пякарні настолькі палюбілася пакупнікам, што ў бягучым годзе вытворчасць хлеба-булачных вырабаў вырасла ў 2 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
— За 6 месяцаў 2024 года выраблена 221,9 тыс. штук хлеба-булачных вырабаў і 518 кг пячэння, — расказаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Лазарэвіч. — Ад рэалізацыі прадукцыі атрымана 304,3 тыс. рублёў выручкі, што амаль у 3 разы больш, чым у мінулым перыядзе. Гэтая сума складае 6% у агульным аб’ёме ўсёй выручкі прадпрыемства. Рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі высокая —15%, а гэта значыць, што ў вытворчасці ёсць добрыя перспектывы для далейшага развіцця. Высокі попыт на прадукцыю дазволіў прадпрыемству разлічыцца з крэдытамі на вытворчае абсталяванне.
У планах КСУП “Малюшычы” пачаць мадэрнізацыю будынка былой Баранавіцкай сярэдняй школы, каб пашырыць вытворчасць здобы. Пакуль жа невялікі калектыў усяго з 4 майстрыц задавальняе патрэбы ў свежай выпечцы жыхароў гарпасёлкаў Мір і Карэлічы, аграгарадкоў Райца, Цырын, Турэц і Ярэмічы.
Іна ЛЕЙКА