Посмотрели, как в Кореличском районе проходит подготовка к отопительному сезону

Калі стаіць сонечнае цёплае надвор’е,  мала хто са звычайных абывацеляў задумваецца аб тым, што не за гарамі зіма. А  вось у камунальнікаў і энергазабеспячальных арганізацый гэта самая гарачая пара:  падрыхтоўка да асенне-зімовага перыяду. Падрыхтоўка да ацяпляльнага сезона 2024-2025 гг.  у раёне пачалася практычна адразу пасля заканчэння мінулага.

Якія задачы неабходна вырашаць камунальнай службе сёння, каб у асенне-зімовы ацяпляльны перыяд усё прайшло строга па вызначаным плане,  карэспандэнту раённай  газеты “Полымя” расказаў намеснік  начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва Карэліцкага райвыканкама Васілій Александроў:

Слесар-рамонтнік Васілій Стрэчань

— У адпаведнасці з зацверджаным графікам рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці Карэліцкай раённай энергагазінспекцыяй зарэгістравана 69,6%  пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і 81,9% спажыўцоў цеплавой энергіі. Праведзены шэраг маштабных работ да пачатку зімы. Так, выкананы будаўнічыя работы па рэканструкцыі кацельні на вул. Гагарына ў райцэнтры, дзе ўстаноўлены новыя высокаэканамічныя вадагрэйныя катлы.

На кацельні па вуліцы Гагарына ў г.п. Карэлічы

Працягваецца  рэканструкцыя кацельні ў ДУА “Райцаўская сярэдняя школа імя У. А. Галавача” і  ў аграгарадку Лукі. У кастрычніку плануецца завяршыць рамонтныя  работы  кацельні па вул. Гастэлы ў Карэлічах.

Да пачатку ацяпляльнага сезона нарыхтавана 5,1 тыс. кубічных метраў  дроў і шчапы. Праведзена выпрабаванне з прафілактычным рамонтам 16 адзінак (94%) з запланаваных 17-ці кацельнага абсталявання і выпрабаванне 38,9 кіламетра цеплавых сетак (100%).

Нарыхтоўка шчапы

Пры падрыхтоўцы вадаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі выканана прафілактычнае абслугоўванне  126,2 км вадаправоднай сеткі, што складае 98% ад запланаванага. Таксама выкананы 100% рамонт вадаразборных калонак,  перакладзена 0,13 км (87%) вадаправодных сетак і 0,09 км (69,2%) каналізацыйнай сеткі. Падрыхтоўка жылфонду да ацяпляльнага сезона прадугледжвае і рамонт цеплаізаляцыі, які выкананы на 100%, стыкаў сценавых панэляў — 70%, шкленне месцаў агульнага карыстання шматпавярховых дамоў — 88%,  рамонт дахаў — 100%.

Назіральныя камісіі пры абследаванні жылля з  газавым абсталяваннем  праводзяць растлумачальную работу  з гаспадарамі дамоў аб неабходнасці да пачатку ацяпляльнага сезона забяспечыць належны тэхнічны стан дымавых і вентыляцыйных каналаў з іх праверкай спецыялізаванымі арганізацыямі.

Перад спажыўцамі цеплавой энергіі  пастаўлена задача:  да 20 верасня ўсе арганізацыі раёна павінны атрымаць пашпарты гатоўнасці.

Работнік ПУП «Літаўр» Раман Лебедзеў на цеплапункце д. № 52-а па вул. 8 Сакавіка ў г.п. Карэлічы

Журналіст раённай газеты “Полымя” пабывала на рэканструяваных кацельнях і атрымала каментарый аб праведзеных работах.

Першы прыпынак  зрабілі  на вуліцы Гагарына ў г.п. Карэлічы. Тут на кацельні ўжо завершаны будаўніча-мантажныя работы: на новым будынку ўзведзены лёгкаскідваемы дах, устаноўлены вадагрэйныя васокаэканамічныя катлы на мясцовых відах паліва.  На будаўніцтва  аб’екта выдаткавана 5,5 мільёна рублёў.

Накіраваліся на кацельню па вуліцы Гастэлы, што ў райцэнтры.  Як адзначыў інжынер Карэліцкага РУП ЖКГ Міхаіл Евушка, на гэтым аб’екце праводзіцца дэмантаж першага пускавога комплексу. Стары газавы кацёл  будзе заменены  на новы. З пачаткам ацяпляльнага перыяду і да ўводу аб’екта ў эксплуатацыю ў 2025 годзе вытворчасць цеплавой энергіі будзе ажыццяўляцца катлом з выкарыстаннем прыроднага газу.

Кацельня па вул. Гастэлы ў г.п. Карэлічы

На дзвюх кацельнях, Райцаўскай сярэдняй школы імя У. А. Галавача  і    ў аграгарадку Лукі, выкананы мантаж абсталявання і ўстаноўлены пелетныя катлы. Зараз на школьнай кацельні вядуцца пусканаладачныя работы, а на кацельні ў агр. Лукі  завяршаюцца будаўніча-мантажныя работы.

Кацельня ў агр. Лукі

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара