Дэлегацыя Карэліцкага раёна прыняла ўдзел у абласным форуме “Мірная краіна: вытокі і перспектывы беларускай мадэлі развіцця”
Форум прайшоў у Смаргоні ў рамках рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі «Беларусь адзіная» і аб’яднаў прадстаўнікоў ідэалагічнага актыву вобласці, дэпутацкага корпуса, палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў і працоўных калектываў.
Фармат сустрэчы дазволіў яе ўдзельнікам абмяняцца думкамі па ключавых тэмах дыскусіі, прысвечанай Дню народнага адзінства. У зале гучалі пытанні аб важнасці і значнасці кансалідацыі беларускага грамадства, паспяховай сучаснасці і перспектывах будучыні Беларусі, аб фарміраванні палітычнай культуры і актыўнай грамадзянскай пазіцыі сярод моладзі.
Перад пачаткам мерапрыемства прысутныя пазнаёміліся з выставачнымі экспазіцыямі, дзе былі прадстаўлены гістарычныя факты развіцця рэгіёна, творчы, грамадскі і прамысловы патэнцыял.
З дыскусіяй па шырокім спектры гістарычных тэм і пытанняў выступілі выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня праўлення Беларускага таварыства “Веды” Вадзім Гігін, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета па сувязях з грамадскімі арганізацыямі, маладзёжнай палітыцы і рабоце са СМІ Яўгеній Пуставы, беларускі палітычны дзеяч, старшыня РГА “Белая Русь” Алег Раманаў.
Дыялогавая пляцоўка пачалася з абмеркавання 30-годдзя інстытута прэзідэнцтва ў нашай краіне.
Значная частка мерапрыемства была прысвечана пытанням гістарычнай памяці, нацыянальнай і грамадзянскай самаідэнтычнасці. Спікеры ў актыўным дыялогу з аўдыторыяй сумесна шукалі адказы на важныя пытанні: адкуль мы, чаму мы такія і як мы будзем будаваць, зыходзячы са свайго гістарычнага вопыту, стратэгію будучыні.
Яўгеній Пуставы вылучыў нацыянальныя прыкметы беларусаў, якія адрозніваюць іх ад іншых: чалавечнасць, талерантнасць, дабрыня. Бяспека, справядлівасць, суверэнітэт, развіццё. Так акрэслілі нацыянальную ідэю Беларусі.
Рэфрэнам падчас дыскусіі гучала важная думка: абапіраючыся на вопыт нашых гераічных продкаў, узяўшы ў саюзнікі неабходныя веды, духоўнасць і культуру, мы павінны кансалідавацца і ісці наперад упэўненымі крокамі. А для гэтага неабходна глыбока аналізаваць працэсы, якія адбываюцца ў свеце, дзяржаве і грамадстве. Калі трэба – своечасова рабіць пэўныя высновы і прымаць правільныя рашэнні.
Спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Вольга Гаўрош адзначае:
— Акцыя “Беларусь адзіная”, удзельнікам якой я стала, заклікана пашырыць уяўленне аб ролі ўз’яднання, значэнні адзінства для народа Беларусі. Гісторыя Беларусі – гэта не тэксты ў падручніках і энцыклапедыях. Гэта жыццё продкаў, якія ва ўсе часы хацелі пакінуць сваім дзецям годную спадчыну, лепшыя традыцыі беларускай культуры, якія адлюстроўваюць асноўныя рысы нацыі. Адзначу ўрачыстасць моманту і рабочую абстаноўку адначасова, якая дазволіла абмеркаваць погляды на тэму з розных бакоў. Беларуская дэмакратыя, ці ёсць месца дыскусіі і што такое канструктыўная крытыка, пра сталасць грамадзянскай супольнасці, ды шмат чаго абмеркавалі на дыялогавай пляцоўцы. І выснова адна – усе разам, талакой, беларусы прымалі рашэнні і спраўляліся з цяжкасцямі, захоўваючы сваю дзяржаўнасць. І сёння адзінства – гэта наша сіла, несумненна!
Спецыяліст аддзела кадраў Карэліцкага УКП БАН Крысціна Лаўрушчык:
– Ужо некалькі гадоў запар праводзіцца акцыя “Беларусь адзіная”. І вядома, кожны раз яна мае свае асаблівасці. Уражанні ад мерапрыемства засталіся толькі станоўчыя. Настройвалася на сур’ёзную размову, магчыма, лекцыю, а атрымалася лёгка, цікава, урачыста і святочна. Ва ўсім была прыкметная дасканалая падрыхтоўка. Што такое 17 верасня 1939 года для нашай краіны, прыклады фальсіфікацыі гісторыі, розныя інтэрпрэтацыі і міфы – гэтыя і не толькі тэмы разгледзелі на дыялогавай пляцоўцы. Працавалі адкрытыя мікрафоны – на ўсе пытанні з залы мы пачулі адказы. Увогуле мерапрыемства прайшло цікава і пазнавальна, для сябе я адзначыла некалькі новых момантаў з гісторыі станаўлення беларускай дзяржаўнасці.
Кацярына КУКАНАВА
Фота аўтара