В Кореличах отметили День Октябрьской революции (+видео)
6 лістапада ў скверы Мікалая Арцюха ў г.п. Карэлічы шматлюдна. На мітынг пад назвай “Гэты дзень у гісторыі краіны” з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі сабраліся прадстаўнікі мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, ветэраны працы, працоўных калектываў Карэліччыны.
Да мікрафона запрасілі намесніка старшыні Карэліцкага райвыканкама Яўгена Чычкана:
— 7 лістапада мы адзначым Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі, якая адкрыла дарогу чалавецтву да сцвярджэння сацыяльнай справядлівасці, роўнасці і павагі да чалавека працы. 107 гадоў таму працоўныя Расійскай імперыі на ўвесь свет заявілі аб сваім праве жыць і працаваць па сваім разуменні – без цароў і гаспадароў.
Рэвалюцыя стварыла сілу, якая натхняла і падтрымлівала барацьбу народаў за светлую будучыню. Яна з’явілася натхняльнікам да станаўлення і развіцця міжнароднага камуністычнага руху. Перамога Кастрычніка распаліла агонь рэвалюцыйнага пажару, які знішчыў Германскую і Аўстра-Венгерскую манархіі, падняла хвалю масавых антыімперыялістычных і антыкаланіяльных выступленняў на Блізкім Усходзе, у Лацінскай Амерыцы, Афрыцы.
У адным страі разам з брацкімі народамі краіны Саветаў будавалі новае жыццё і працоўныя Савецкай Беларусі. У братэрскім саюзе ўпершыню за шматвекавую гісторыю наша краіна здабыла нацыянальную дзяржаўнасць, аб’яднала гістарычныя беларускія землі. На працягу ўсёй савецкай эпохі 7 лістапада быў чырвоным днём календара, які адзначалі не толькі асаблівым колерам, але і абавязковымі дэманстрацыямі і парадамі працоўных, якія праходзілі ў кожным горадзе краіны. Для нас Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі быў і застаецца дарагой сэрцу ўрачыстасцю, сімвалам імкнення мільёнаў людзей да ўвасаблення мары аб новым свеце, заснаваным на прынцыпах павагі чалавека працы, роўнасці і справядлівасці. Наш народ ніколі не забудзе пра тое, што Вялікі Кастрычнік даў яму права на самавызначэнне і здабыў дзяржаўнасць, стаў тым падмуркам, на якім мы пабудавалі суверэнную Рэспубліку Беларусь.
У гэты святочны дзень жадаю вам і вашым родным моцнага здароўя, шчасця, спакою і міру, новых працоўных дасягненняў на карысць нашай Радзімы!
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Сонгін у сваім выступленні адзначыў, што Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – гэта не проста падзея ў гісторыі нашай краіны, гэта свята тых, хто паважае гісторыю сваёй дзяржавы, беражэ ўсё самае лепшае, што дасягнута нялёгкай працай некалькіх пакаленняў.
— Ведаючы сваё мінулае, абараняючы гістарычную праўду, паважаючы і памнажаючы дасягненні ранейшых пакаленняў мы ствараем мірную будучыню нашых дзяцей і ўнукаў, — заключыў Аляксандр Генрыхавіч.
Сакратар Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі Марыя Беленава запэўніла, што Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя – гэта важнейшая падзея ХХ стагоддзя. Зрабіўшы экскурс у гісторыю, прамоўца нагадала важнейшыя вехі таго часу. Партыйны лідар сказала аб тым, што ў юнакоў і дзяўчат таго часу было развіта пачуццё патрыятызму, а сярод тагачасных герояў у большасці былі камсамольцы і камуністы.
— Людзі імкнуліся і ўступалі ў члены партыі, бо былі адданыя ідэі, — запэўніла прамоўца.
Удзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да падножжа помніка Мікалаю Арцюху.
Святкаванне Вялікага Кастрычніка прадоўжылася ў Карэліцкім маладзёжным цэнтры культуры. Тут у фае ўдзельнікі мерапрыемства наведалі тэматычныя выставы, падрыхтаваныя Карэліцкім раённым краязнаўчым музеем, Карэліцкай раённай бібліятэкай і раённым цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі. Працягнулася урачыстасць у глядзельнай зале ўстановы культуры.
З віншаваннямі з нагоды Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі да прысутных звярнуўся старшыня Карэліцкага райвыканкама Андрэй Гардзей:
-Для многіх пакаленняў беларусаў Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – адна са значных памятных дат, сімвал пераўтварэння жыцця. Гэта падзея адкрыла новую старонку ў айчыннай гісторыі, паслужыла імпульсам для развіцця нацыянальнай беларускай дзяржаўнасці. Пераадолеўшы шматлікія выпрабаванні, беларусы занялі годнае месца ў вялікай сям’і народаў свету. Перамога Кастрычніка выклікала ў мільёнаў людзей небывалы энтузіязм, патрыятызм і гарачае імкненне будаваць справядлівую, свабодную і квітнеючую сацыяльную дзяржаву. Краіна Саветаў даказала жыццёвую сілу і перавагі сацыялістычнай сістэмы. Арганізуючы народныя масы, камуністы зрабілі ўсё неабходнае для аднаўлення ў найкарацейшыя тэрміны разбуранай вайной народнай гаспадаркі.
Новая дзяржава заваявала прызнанне і аўтарытэт у народаў свету, стала адной з заснавальнікаў арганізацыі Аб’яднаных Нацый, увайшла ў дзясятку найбольш развітых краін свету, забяспечыўшы раўнапраўе і гарманічнае развіццё прадстаўнікоў больш чым 100 нацый і народнасцяў, якія пражывалі на яе тэрыторыі.
Дзякуючы Вялікаму Кастрычніку былі створаны ўмовы для рэалізацыі на практыцы асноватворных правоў чалавека, якія ўпершыню атрымалі рабочыя і сяляне: права на працу і на адпачынак, права на жыллё, адукацыю, сацыяльнае забеспячэнне ў старасці, ахову здароўя, выбарчае права і іншыя. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніцкай рэвалюцыі шырылася барацьба за мір, мацнела інтэрнацыянальная салідарнасць. З імем рэвалюцыі мы звязваем шматлікія перамогі, здзяйсненні і працоўныя дасягненні нашага народа, якія і дагэтуль працягваюць заставацца прадметам нашага асаблівага гонару.
Сёння Рэспубліка Беларусь упэўнена ідзе ўласным шляхам развіцця. Стваральная праца, імкненне да сацыяльнай справядлівасці, павага да гісторыі і традыцый – галоўныя фактары кансалідацыі беларускага грамадства.
Напярэдадні святочнай даты прыміце шчырыя пажаданні моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, міру і дабра, новых працоўных дасягненняў на карысць Рэспублікі Беларусь!
Па традыцыі рады Карэліцкай раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі папоўнілі новыя яе члены: начальнік аддзела эканомікі Карэліцкага райвыканкама Таццяна Бусько, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Таццяна Русак, упраўляючы справамі Мірскага сельвыканкама Сняжана Ханько, першы сакратар ГА “БРСМ” Таццяна Шэўчык, псіхолаг Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтьва Карэліцкага раёна Алена Акулік, наглядчык УК “Карэліцкі раённы краязнаўчы музей” Дзмітрый Шэўка. Уручыла партыйныя білеты і выказала словы віншавання лідар кампартыі Марыя Беленава.
Музычныя нумары ў выкананні работнікаў устаноў культуры раёна сталі цудоўным завяршэннем святочнай праграмы.
Кацярына КУКАНАВА
Фота Сяргея СТОЛЯРА і Іны ЛЕЙКІ