Капитан МФК «Кореличи» Александр Кужелевич: «В этом сезоне играем под девизом «Маленький город — большие надежды»

23 лістапада пачнецца першы тур Чэмпіяната Гродзенскай вобласці па міні-футболе. У першай гульні сыграюць МФК “Карэлічы” і клуб з г. Воранава. Перад пачаткам тура пагаварылі з капітанам карэліцкай каманды Аляксандрам Кужалевічам.

— Якія планы ў нашай каманды на сезон?

— У мінулым годзе мы задалі высокую планку, заняўшы чацвёртае месца ў вобласці, таму ў гэтым апускацца ніжэй нельга. Задача — заняць як мага вышэйшае месца ў групавым этапе, зарабіць як мага больш ачкоў, выйсці ў фінал і пазмагацца за прызавое месца.

— Як праходзіла падрыхтоўка да сезона?

— У працэсе трэніровак нічога не змянілася. Займаемся двойчы на тыдзень, рабілі ўпор на фізічную падрыхтоўку, набіраліся сіл. Каб праверыць іх, зладзілі ў Навагрудку невялікі сяброўскі турнір, запрасілі яшчэ тры моцныя каманды — дзве навагрудскія і адну з Ліды, сталі трэцімі.

— Ці ёсць змены ў саставе каманды?

— Узмацніліся палявымі гульцамі. Іх імёны пакуль раскрываць не будзем, але іх можна будзе ўбачыць ужо на першых двух матчах. Да трэніроўкаў прыцягваем яшчэ і карэліцкіх, і навагрудскіх юнакоў, можна сказаць, рыхтуем сабе змену.

— Першая гульня будзе з клубам з Воранава. Як ацэньваеце свае магчымасці?

— Гэта моцная каманда. За тры гады мы іх ні разу не абыгралі: у Воранава і зала невялікая, і члены каманды даволі моцныя. Мы настроены перарваць гэтую серыю няўдач.

Аляксандр выказвае словы падзякі Карэліцкаму райвыканкаму, сектару спорту і турызму Карэліцкага райвыканкама і ўсім балельшчыкам, якія падтрымліваюць каманду.

— У гэтым сезоне мы выбралі для сябе новы дэвіз: “Маленькі горад — вялікія надзеі”, — дадае Аляксандр.

Сачыць за навінамі МФК “Карэлічы” можна ў сацыяльных сетках Укантакце https://vk.com/mfk_korelichi і Instagram https://www.instagram.com/mfc_korelichi?igsh=NjY0MGRwb3c3dTR2. Анлайн-трансляцыі гульняў будуць ажыццяўляцца на Ютуб канале https://youtube.com/@mfckorelichi?si=5snl12yZsNJyArns

Сяргей СТОЛЯР

Фота прадастаўлена МФК “Карэлічы”