В Кореличском районе завершается подъем зяби
Узняцце зябліва — адна з галоўных восеньскіх сельскагаспадарчых работ. І таксама як любая работа ў полі, яна павінна быць выканана своечасова, бо зябліва, узаранае ў час, — залог добрага ўраджаю яравых зерневых культур. Па дадзеных на 22 лістапада, на Карэліччыне паднята 12486 га зябліва, што складае 81% ад запланаваных 15385 га. Цалкам завершаны работы ў СВК “Маяк-Заполле”, “Свіцязянка-2003”, ААТ “Карэлічы-Лён”, СВК “Жухавічы” і ДП “Племзавод Карэлічы”. Мы накіраваліся ў племзавод, каб пацікавіцца, як праходзяць апошнія восеньскія работы.
З неба імжыць. Разам з галоўным аграномам прадпрыемства Іванам Кошурам прыязджаем на поле каля аграгарадка Палужжа. Зусім нядаўна тут чакалі свайго часу сабраныя буракі, якія ўжо вывезены, а на глебе мільгае аранжавымі маякамі энерганасычаны “Беларус 3522”. За рулём — вопытны механізатар Мікалай Станкевіч. Галоўны аграном кажа, што Мікалай Мікалаевіч узараў амаль 80% племзаводскіх палёў, але сам механізатар сціпла паціскае плячыма: “Гектары не лічу. Працую, вось і ўсё”.
— Зямля — наша карміцелька, — кажа Мікалай Мікалаевіч. — Ад таго, як мы яе апрацуем, колькі ўгнаенняў дадзім, як пасеем, залежыць ураджай. Таму важна зрабіць усё правільна.
Размова заходзіць пра тэхніку. За рулём гэтага трактара Мікалай Станкевіч шчыруе ўжо 11 гадоў. Расказвае, што апарат радуе магутнасцю:
— Усё ж гэта тэхніка, таму здараецца рознае. Бывае, што-небудзь і зламаецца. Але хутка рамантуем сваімі сіламі. Няхай ён ужо і не новы, але мы яшчэ папрацуем!
Развітваюся з механізатарам і распытваю агранома, у чым жа карысць абавязковага восеньскага ворыва.
— Дзякуючы яму ў глебе натуральным шляхам адбываецца мноства карысных працэсаў: паляпшаецца паветраны і пажыўны рэжым, ствараюцца спрыяльныя ўмовы для жыццядзейнасці мікраарганізмаў. Падняцце зябліва забяспечвае закладку ўгнаенняў, адыгрывае вырашальную ролю ў барацьбе з хваробамі і шкоднікамі. Да таго ж дае вялікую арганізацыйна-эканамічную перавагу, бо значна зніжае аб’ём вясенне-палявых работ, забяспечвае больш якасную перадпасяўную апрацоўку глебы, пасеў сельгаскультур у лепшыя агратэхнічныя тэрміны.
Іншымі словамі, ад своечасовай апрацоўкі глебы шмат у чым залежыць прадуктыўнасць сельгаскультур. Перавагі зяблевай апрацоўкі глебы ў аптымальныя тэхналагічныя тэрміны бясспрэчныя.
Таксама цікаўлюся пасеянымі азімымі культурамі. У племзаводзе азімы клін складае 620 га, з якіх 455 га азімай пшаніцы, 100 га азімага трыцікале і 65 га азімага ячменю. Таксама пасеяна 170 га азімага рапсу. Іван Кошур кажа, што ўсе азімыя пасеяны ў аптымальныя тэрміны.
— У гэтым годзе парадаваў ураджай цукровых буракоў, — кажа галоўны аграном. — З плошчы 200 га накапалі 20087 тон пры ўраджайнасці 1004 ц/га. На сённяшні дзень вывезлі ўсе караняплоды на прыёмны пункт. Цяпер працуем над ураджаем будучага года. Пад цукровыя буракі будучага ўраджаю цалкам унесены мінеральныя і арганічныя ўгнаенні.
Сяргей СТОЛЯР
Фота аўтара