Здесь помогают поверить в себя. Побывали в центре коррекционно-развивающего обучения и реабилитации Кореличского района
Мы жывём у няпросты і імклівы час. Патрэбна прапусціць праз сябе безліч інфармацыі, усюды паспець своечасова і ўсё запланаванае зрабіць. А яшчэ праявіць нераўнадушша і дабрыню да тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і дапамозе.
З нагоды Дня інвалідаў Рэспублікі Беларусь журналісты раённай газеты «Полымя» накіраваліся ў Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна і Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна, каб на свае вочы ўбачыць, чым жывуць наведвальнікі.
У фае Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Карэліцкага раёна звяртаю ўвагу на выставу пад назвай «Восень у рознакаляровым». Тут працы дзяўчынак і хлопчыкаў, якія вучацца ва ўстанове адукацыі. Кожная з іх заварожвае па-свойму, і гэта не выпадкова: восень — цудоўная пара года, якая не пакідае раўнадушным.
Далей знаёмімся з класамі: у чацвёртым, дзе вучацца ад другакласнікаў да чацвёртакласнікаў, на паліцах — развіваючыя гульні. Маюцца ноутбук, тэлевізар, дошка, парты — усё для вучобы. Сцены пакоя афарбаваны ў колер сонца.
Наведваем клас для вучняў дзявятых і дзясятых класаў і кабінет для харчавання і правядзення заняткаў па дадзеным накірунку — усюды цёпла, утульна, камфортна.
— У гэтым годзе зноў мяркуем стварыць навагоднюю прыгажосць на вокнах, — гаворыць дырэктар Цэнтра Алена Ашманкевіч. — Спачатку наклеілі яловыя лапкі, дабавілі ліхтарыкі, а далей будзем думаць… Удзельнікі творчай групы ставяць сваёй мэтай перадаць усю навагоднюю атмасферу чараўніцтва, каб дзяўчынкі і хлопчыкі змаглі адчуць шчаслівыя імгненні.
Між іншым Алена Аляксандраўна ўдакладняе, што яна па адукацыі псіхолаг, ведае методыку працы з дзецьмі, прапускае праз сэрца ўсе абставіны жыцця кожнага наведвальніка Цэнтра. Выпадковыя людзі ва ўстанове адукацыі не затрымліваюцца надоўга. «Трэба маральна настроіцца — і тады ўсё атрымаецца», — гаворыць дырэктар.
Наведвальнікі Цэнтра — дзяўчынкі і хлопчыкі ад 9 да 18 гадоў, усіх 16. 12 вучацца ва ўстанове адукацыі, 4 — на даму. Першую палову дня праводзяць на занятках, другую — на мерапрыемствах. Заняткі выхаваўчыя, аздараўленчыя, па інтарэсах. Яны любяць маляваць і размалёўваць, рабіць розныя рэчы, гуляць у дыдактычныя гульні. Сталі традыцыйнымі святы: 1 верасня, Новы год, 23 лютага, 8 Сакавіка, Апошняга званка.
Ва ўстанове адукацыі дзеці атрымліваюць збалансаванае харчаванне. Харчуюцца двойчы ў дзень: у 9.45 і 13.30. У меню: розныя супы і кашы, мясныя стравы, сокі, садавіна, ёгурты, прысмакі і іншае.
У Цэнтра маюцца сапраўдныя сябры: аказваюць дапамогу і падтрымку аддзел адукацыі райвыканкама, ААБ «Беларусбанк», аптэка № 65, раён газазабеспячэння, індывідуальныя прадпрымальнікі Валерый Дзмітровіч і Актай Мамедаў. Да ліку нераўнадушных можна аднесці таксама работнікаў, якія працуюць у гэтай установе: дырэктар, намеснік па асноўнай дзейнасці, загадчык гаспадаркі, педагог сацыяльны, тры настаўнікі, тры выхавальнікі, чатыры памочнікі выхавальнікаў, якія імкнуцца зрабіць усё, каб дзеці адчувалі сябе як дома.
— Гэта маё дзецішча,— прызнаецца Алена Аляксандраўна. — Тут працую дваццаць адзін год. Стаяла ля вытокаў стварэння і адкрыцця Цэнтра. Прадаўжаю ўсё рабіць для таго, каб яго наведвальнікам тут было камфортна, хвалююся за кожнага. У гэтым годзе ўстанову заканчваюць пяць выпускнікоў, і хочацца, каб у іх усё атрымалася, каб яны вызначыліся ў жыцці.
У раёне паслугамі спецыяльнай адукацыі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ахоплены 327 дзяцей, з іх — 33 дзіцяці-інваліды. Каб яны лепей адаптаваліся ў соцыуме, штогод праводзяцца экскурсіі ва ўстановы сацыяльнага абслугоўвання, у паркі, скверы, школьныя музеі, магазіны, у выставачную залу рамесніцкай дзейнасці Карэліцкага РЦКіНТ, раённыя бібліятэку і краязнаўчы музей і іншыя мясціны.
Ва ўстанове праводзяцца мерапрыемствы па фарміраванні ў вучняў здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання. Так, у гэтым навучальным годзе праведзены мерапрыемствы па фарміраванні асноў бяспечнай жыццядзейнасці, гендэрным выхаванні, спартыўныя святы, Дні здароўя, тэматычныя захапленні, выставы творчых работ, мерапрыемствы па патрыятычым выхаванні і іншыя. Штогод у ЦКРНіР летам працуе аздараўленчы лагер «Радуга».
Галіна СМАЛЯНКА
Фота Кацярыны КУКАНАВАЙ