Престижная премия «Народная марка» впервые присуждена продукции Кореличского сырцеха

Ёсць на свеце прадукты вельмі смачныя. Ёсць дзіўна карысныя. І хоць першае не заўсёды спалучаецца з другім, шчаслівыя супадзенні ўсё ж такі бываюць. Сыры, вырабленыя на Карэліччыне,   — адны з такіх.  Яркім сведчаннем гэтаму з’яўляецца ганаровы тытул народнай любові і прызнання “Народная Марка”,  які сёлета ўпершыню  прысвоены прадукцыі,  вырабленай карэліцкімі сыраробамі. У прэміі “Народная Марка” адсутнічае прафесійнае журы, і толькі спажыўцы вырашаюць, якія брэнды могуць прэтэндаваць на высокі статус народнага прызнання.

Сыраробы Алена Дземянчук, Юрый Трынёў і Яніна Сурага

Старшы майстар Алена Гімпель

— “Народная Марка” — штогадовая прэмія спажывецкага прызнання, якая вызначае лідзіруючыя брэнды тавараў і паслуг краіны, —  гаворыць начальнік Карэліцкага  сырцэха   “Навагрудскія дары” ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”  Ларыса Рапавец. — Асаблівую значнасць ёй  надае тое, што прагаласаваць можа кожны жадаючы. Быць у ліку фіналістаў народнага прызнання для мяне асабіста і ўвогуле для ўсяго нашага калектыву з’яўляецца  сапраўдным гонарам. З кожным годам вытрымліваць канкурэнцыю становіцца  больш складана. Аднак мы не здаёмся  і годна ўваходзім у лік лепшых сыраробаў вобласці і краіны дзякуючы назапашанаму вопыту і традыцыям, якіх мы прытрымліваемся  з году ў год. І галоўнае — усё, што мы робім, робім з душой.

Без любові, без працы немагчыма выпусціць якасны прадукт. І з гэтым немагчыма не пагадзіцца:  2024 год паклаў у скарбонку  карэліцкіх сыраробаў не адну ўзнагароду.   Так, у жніўні,  падчас малочнага фестывалю–2024 “Паспрабуй якасць на смак”, які прайшоў у г. Навагрудак,  Карэліцкі сырцэх быў  удастоены прэстыжных узнагарод. Сёлета  адразу два  сыра — “Адыгейскі класічны“ і  “Сулугуні класічны“— удастоены Дыпломаў І ступені. На міжнароднай выставе-кірмашы ў сталіцы нашай краіны “Прадэкспа-2024” у лістападзе  сыр “Адыгейскі”  стаў уладальнікам залатога медалю.

Толькі за апошнія трыццаць гадоў шмат што змянілася ў вытворчасці сыроў у Карэлічах. У першую пяцігодку прэзідэнцтва дзеючага Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі  пачалося будаўніцтва  і адкрыццё цэху, дзе пачалі вырабляць паўцвёрдыя сыры. У 2001-2005 гадах пашырылася геаграфія экспарту прадукцыі:  прадпрыемства пачало прадаваць за межы краіны казеін. Гэта дазволіла ўмацаваць свае пазіцыі. У  2006-2010 гадах акцэнт быў зроблены на людзей: яны атрымалі  стабільны сацыяльны пакет. У 2011-2015 гадах у  сем’ях 44 работнікаў цэха выхоўвалася 36 дзяцей. Заўсёды для дзяцей работнікаў ладзіліся навагоднія ранішнікі, як і зараз,  аказвалася матэрыяльная дапамога шматдзетным сем’ям, бацькам, якія выхоўвалі дзяцей з інваліднасцю, а таксама маці, якія выхоўвалі дзяцей адны.

Карэліцкі вытворчы ўчастак філіяла  “Навагрудскія дары” ААТ “Лідскі малочна-кансервавы камбінат”   сёння  паспяхова працуючае прадпрыемства. Павялічаны штат работнікаў, а на вытворчых месцах усё часцей можна бачыць моладзь. Прадукцыя карыстаецца попытам і ў раёне, і ў краіне, і за яе межамі.

– Вынікам працы бягучага  года задаволены, – расказвае Ларыса Рапавец. –  Працуем на поўную загрузку – а гэта і канчатковы прадукт, і заработная плата працаўнікоў.

Вытворчая магутнасць участка – 100 тон малака ў суткі. За 10 месяцаў бягучага года на перапрацоўку паступіла 17229 тон малака, у тым ліку 9117 тон з Карэліцкага раёна. Выраблена 281 тона сыроў, 674 тоны казеіну.

Вытворцы казеіну Наталля Логіш і Алена Федаровіч

Безумоўна, візітнай карткай Карэліцкага сырцэха з’яўляюцца сыры “Адыгейскі класічны” і “Сулугуні класічны”.  Попытам таксама карыстаюцца “Пікантны з прыправамі”, “Адыгейскі вэнджаны”,  а таксама “Саломка сырная да піва”. Папулярны і  экспартуецца за межы нашай краіны вырабляемы  ў нас казеін.

– Увогуле, работнікі  імкнуцца, трымаюць марку, – адзначае начальнік цэха. – Наша прадукцыя карыстаецца шырокім попытам. Трэба сказаць, 100%  вырабляемай прадукцыі, пераважна  сыроў,  рэалізуецца на ўнутраным рынку краіны.  Казеін жа  ідзе на экспарт. На рынку моцна замацаваліся пазіцыі  мяккіх сыроў. Калектыў  настроены на выніковую працу. У нашай справе кажуць: калі сыр плача, майстар смяецца. Гэта значыць, у сыры шмат тлушчу. Вось і мы будзем старацца рабіць так, каб наша прадукцыя часцей пускала слязу. А значыць, была якаснай і запатрабаванай спажыўцом.

Праца на вытворчым участку вядзецца бесперабойна. Малако ператвараецца ў сыры. І робяць гэта сыраробы, лабаранты, аператары лініі і наладчыкі абсталявання  вытворчасці харчовай прадукцыі, машыністы вакуум-упаковачнай машыны, аператары ЭВМ, слесары і вадзіцелі.  Працуюць па-майстэрску.

Старшы лабарант Марына Хілімон

– З прыёмнай лабараторыі сыравіннага падраздзялення пачынаецца вытворчы працэс, – расказвае інжынер-лабарант Марына Хілімон. –  Мая задача правесці ўваходны кантроль малака: вызначыць кіслотнасць, шчыльнасць і гэтак далей. Калі ўсе паказчыкі ў норме, малако прымаецца. Сёння ўвесь працэс камп’ютарызаваны. Аднак гэта не здымае адказнасці з чалавека.

Лабараторыя спрацавала – за справу прымаецца прыёмшчык малочнай прадукцыі Святлана Пукелік.

Прыёмшчык Святлана Пукелік

Сыравіну падабралі – далей пайшоў працэс: паспяванне малака, падрыхтоўка да згортвання, прэсаванне, пасолка, паспяванне, упакоўка – сыр гатовы! І ўсё пад пільным кантролем сыраробаў.

Паспяховая праца сырцэха – гэта вынік зладжаных дзеянняў дружнай каманды, якая ведае і любіць сваю справу. Па словах  Ларысы Рапавец, самыя сучасныя тэхналогіі, добрыя ўмовы працы і побыту, дастойная заработная плата, сацыяльныя гарантыі, магчымасць прафесійнага росту і творчага патэнцыялу работнікаў – вось той капітал, з якім можна ўпэўнена крочыць у будучыню. Сённяшні калектыў – гэта вопытныя работнікі, і кожны з іх  добрасумленна працуе на карысць прадпрыемства.

Калі прафесія – справа ўсяго жыцця

Заўсёды захапляешся цярпеннем, працавітасцю і ўпартасцю тых, хто ўсё жыццё працуе на адным месцы. Сёння не часта сустрэнеш людзей з адным запісам у працоўнай кніжцы, і такімі работнікамі можа пахваліцца далёка не кожнае сучаснае прадпрыемства. А вось у Карэліцкім сырцэху сярод «доўгажыхароў» – кладаўшчык склада гатовай прадукцыі  Іна Міхайлоўская.  Жанчына добра ведае сваю справу.  Яно і зразумела: больш за 35 гадоў працуе на прадпрыемстве.

Родам жанчына з в. Забалацце Карэліцкага раёна. Пасля заканчэння школы вывучылася на лабаранта хіманаліза  ў  г. Навагрудку, потым вырашыла ўдасканаліцца ў прафесіі і паступіла  ў Пінскі тэхнікум мяса-малочнай прамысловасці.

– Прыйшла  на працу ў 1988 годзе – і засталася на ўсё жыццё. Тут усё роднае і знаёмае да драбніц. За гэты час  давялося працаваць на розных участках: была сыраварам, потым працавала ў маслацэху, была і прыёмшчыкам малака. Каб сёння мне прапанавалі змяніць месца працы, то не змагла б, бо ўжо душой і сэрцам прыкіпела, – гаворыць суразмоўца.

Прадпрыемству давялося перажыць розныя часы і пераадолець розныя шляхі свайго развіцця. У 2012 годзе прайшла маштабная мадэрнізацыя вытворчасці: быў зроблены капітальны рамонт вытворчых памяшканняў, з’явілася новае абсталяванне, якое дазволіла аўтаматызаваць працу прадпрыемства. А дзякуючы калектыву, лічыць жанчына, удалося выстаяць і атрымаць новы віток развіцця.

Цяжкай сваю працу яна не лічыць, галоўнае — правільна засяродзіць свае ўнутраныя сілы, а вось паслядоўнасць, уважлівасць і адказнасць — у прыярытэце.

Па стажу працы на ўчастку Іна Рыгораўна — адна з самых дасведчаных і граматных работнікаў, заўсёды гатова прыйсці на дапамогу пачынаючым, камунікабельная, умее ладзіць з людзьмі. Гэта цэняць калегі па працы, паважаюць у калектыве. Акрамя таго,  яе праца  неаднаразова  адзначалася кіраўніцтвам прадпрыемства.

— Поспех людзей у працы — камандны поспех, — лічыць жанчына. — Усё трымаецца на правільным кіраўніцтве, а майстры сваёй справы — залаты фонд прадпрыемства.

Іна Міхайлоўская прызнаецца, што любіць сваю прафесію, хоць тут не заўсёды бывае лёгка. А лепшы адпачынак для яе — праца на свежым паветры, вечар сярод родных і блізкіх людзей.

Кацярына КУКАНАВА

Фота аўтара