Віншаванне з Нараджэннем Хрыстовым святароў Ежы і Сяргея
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, умілаваныя парафіяне, паважаныя жыхары Карэліцкага раёна. Урачыстасць Божага Нараджэння святкуецца заўсёды ў супольнасці блізкіх людзей. Можна сказаць, што гэта сямейнае свята абавязковае, і так ёсць, бо на яго з’язджаюцца дзеці, унукі, родныя і блізкія. У гэты час светкавання пануе радасць, любоў, супакой, а таксама ўдзячнасць Богу за гэты перажыты год, а таксама родным і блізкім за іх прысутнасць. Кожны з нас мае за што быць удзячным. На вігілійнай урачыстай вячэры католікі маюць звычай дзяліцца белым аплаткам (незаквашаным хлебам) і складаць адзін аднаму пажаданні на наступны год. Найважнейшым пажаданем з’яўляецца Божае благаслаўленне, гэта значыць, што мы хочам, каб Бог адарыў шчасцем тую асобу, якой мы гэтага жадаем, бо Божае благаслаўленне яно вечнае і трывалае, а не такое шчасце, якое мы сабе ўяўляем, якое сёння ёсць, а заўтра яго няма. Чалавек не вечны, а Бог Быў, Ёсць і Будзе. Для гэтага вельмі важна запрашаць Бога ў нашае жыццё, у жыццё нашых родных і блізкіх, а таксама ў нашае асяроддзе, каб Бог мог ператварыць нас са знішчальнага ў вечнае.
Бог спаслаў свайго Сына Езуса Хрыста з адной мэтай – каб людзі нанова змаглі стаць дзецьмі Бога. “Таму што ўсе, каго вядзе Дух Божы, – гэта Сыны Божыя. Вы ж не прынялі духа няволі, каб зноў баяцца, але прынялі Духа ўсынаўлення, у якім мы клічам: «Абба, Ойча!». Гэты самы Дух сведчыць нашаму духу, што мы дзеці Божыя. А калі дзеці, то і спадкаемцы. Спадкаемцы Божыя, спадкаемцы разам з Хрыстом, калі толькі мы церпім разам з Ім, каб разам з Ім і ўславіцца. Думаю, што цярпенні цяперашняга часу нягодныя той славы, якая павінна выявіцца ў нас” — Рым 8, 14-18. Вось гэтая праўда павінна нам адкрыць вочы, каб мы не жылі ў цемры, але адкрыліся на Бога і Яго ласку, дзякуючы якой можам стаць спадкаемцамі Бога, атрымаць дом нябесны, дзе замест цярпення чакае нас вечная слава. Быць спадкаемцам — гэта атрымаць усё тое, што мае Бог, а Бог мае вечнае жыццё, бо найкаштоўнейшае, што ў кожна чалавека ёсць, гэта жыццё, толькі без Бога яно хутка канчаецца. Для гэтага трэба выбраць, хто з’яўляецца маім айцом: Бог ці д’ябал? Быць спадкаемцай д’ябла — гэта атрымаць вечную смерць і мукі.
Не ўсе хочуць падняць вочы і паглядзець на зорку якая прывяла трох мудрацоў да месца, у якім нарадзіўся Езус Хрыстус. Месца, дзе зараджаецца новае жыццё, паводле Бога. Вочы людзей глядзяць уніз, бо пад цяжарам сваіх грахоў, няўдач або цярпенняў ім цяжка паглядзець на Бога і пайсці за ім, каб атрымаць новае жыццё, якое прынёс нам Езус. Чалавек перастаў мець сапраўдную радасць, бо задавальняе сябе прыемнасцямі гэтага свету, а яны прыносяць радасць толькі на кароткі час, а пазней расчараванне на ўсё жыццё. Радасць, якую дае нам Езус, яна надоўга застаецца ў нашым жыцці, напрыклад, радасць з нейкага цуда ў нашым жыцці, або радасць, калі мы пачуем словы Бога: “Адпускаюцца табе твае грахі, ідзі з супакоем і больш не грашы”. Такую радасць мы знойдзем толькі ў месцы, дзе жыве Бог, і гэтым месцам ёсць Касцёл.
Дарагія браты і сёстры ў Хрысце, умілаваныя парафіяне, паважаныя жыхары Карэліцкага раёна. Жадаем вам Божага благаслаўлення, сапраўднай радасці, моцнага здароў’я, добразычлівых людзей на вашым шляху, больш радасных моу вашых сем’ях пануе любоў і адзінства, вернасць і шчасце, а таксама вера, якая дапаможа вам вытрываць у цяжкіх жыццёвых момантах. Будзьце шчаслівыя ў Новым Годзе! На гэты святочны час няхай вас благаслаўляе Бог Усемагутны Айцец, Сын і Дух Святы. Амэн.
Вашыя любячыя святары Айцец Ежы і Айцец Сяргей.