Выдатны тэмп уборачнай задаюць у СВК “Жухавічы” (+відэа)

Хлебаробы тут працуюць старанна, не шкадуючы сіл і часу. Нягледзячы на напружаныя будні, аграрыі маюць намер укласціся ў вызначаныя тэрміны. На палях сабрана каманда сапраўдных прафесіяналаў. Таму асноўныя паказчыкі на высокім узроўні. Ураджайнасць зерневых у СВК “Жухавічы” самая высокая ў Карэліцкім раёне – 70,3 %.

Для таго, каб асабіста прыняць удзел у жніўным працэсе, карэспандэнт газеты “Полымя” наведала ўрочышча Грушка каля вёскі Лемнікі. Ужо здалёк заўважаем камбайны. Рухаюцца яны павольна, няспешна. Бо, як вядома, на ўборцы ўраджаю галоўнае не хуткасць, а якасць.

Упраўляючы аддзяленнем №3 СВК “Жухавічы” Аляксандр Аляксеевіч Яцкевіч падзяліўся сакрэтам высокай ураджайнасці зерневых:

– Сёлета, сапраўды, ураджайнасць вышэй леташняй. Былі ўнесены мінеральныя ўгнаенні, выканана неабходная тэхналогія апрацоўкі і аховы зерневых. Усё, што залежала ад нас, мы зрабілі. Цяпер застаецца спадзявацца на добрае надвор’е.

На жніве каля вёскі Лемнікі працуюць 5 камбайнаў, на адвозцы зерня – 4 аўтамабілі. Адразу заўважаем новенькі камбайн “Палессе 12А1” 2017 года выпуска, які першы сезон выйшаў на жніво. На ім працуе экіпаж Мікалая Міхайлавіча Камеры з памочнікам Міхаілам Аляксеевічам Ясевічам.

Мікалай Міхайлавіч працуе на ўборцы ўраджаю амаль 15 гадоў. Ён сапраўдны майстар сваёй справы. Сёлета капітан хлебнай нівы перадае вопыт і веды памочніку Міхаілу Ясевічу, навучэнцу Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа. Як кажуць, ад тэорыі трэба пераходзіць да практыкі.

– Устойлівасць і вытрымка, працоўная загартоўка, уменне дасягаць пастаўленых мэт, зладжаная работа ў камандзе і, зразумела, першыя заробленыя грошы. Вось што даюць мне ўрокі ўборачнай, – з гонарам дзеліцца малады памочнік камбайнера.

СВК “Жухавічы” – сапраўдная кузня сямейных экіпажаў. Толькі на адным полі мы налічылі іх тры. На “Лексіёне-560” працуе экіпаж Аляксандра Міхайлавіча Бондара з сынам Міхаілам Аляксандравічам. На камбайне “Палессе GS12” – Сяргей Мікалаевіч Пракопаў з сынам Вячаславам Сяргеевічам. Яшчэ адзін экіпаж, Аляксандр Тадэвушавіч Маркевіч з зяцем Сяргеем Аляксандравічам, працуюць на камбайне “Джон-Дзір Т-670”.

На адвозцы зерня таксама ўсё зладжана. Рэйс за рэйсам робяць аўтамабілі з раніцы да вечара па ўжо звыкламу маршруту. Васілій Рыгоравіч Камера, Ігар Канстанцінавіч Сайкоўскі, Аляксандр Мікалаевіч Гірэйка і Алег Кліменцьевіч Ясевіч адвозяць зерне на збожжасушыльны комплекс.

Паназіраўшы за зладжанай працай аграрыяў на жніве, стала зразумела, што ўраджай 2017 года ў надзейных руках.

Аксана ЯНУШ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий