25 верасня — Сусветны дзень фармацэўта
У 2009 годзе ў Стамбуле саветам Міжнароднай фармацэўтычнай федэрацыі быў заснаваны Сусветны дзень фармацэўта. У 2017 годзе дзень фармацэўта праходзіць пад лозунгам “Ад навуковых даследаванняў да практычнай аховы здароўя. Нашы фармацэўты — да вашых паслуг”.
Напярэдадні прафесійнага свята карэспандэнт газеты “Полымя” сустрэўся з маладымі правізарамі цэнтральнай раённай аптэкі №65 г.п. Карэлічы Аляксандрай Шайдзянковай і Кацярынай Лоскат, якія ў пачатку жніўня пачалі сваю працоўную дзейнасць.
– Раскажыце пра сябе: дзе вы нарадзіліся, скончылі сярэднюю школу, дзе атрымалі вышэйшую адукацыю?
Аляксандра:
– Нарадзілася я ў гістарычным мястэчку Мір. Скончыла 11 класаў Мірскай сярэдняй школы. У 2012 годзе паступіла ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на фармацэўтычны факультэт, на якім толькі другі год праводзіўся набор. Паступала я па мэтавым накіраванні, таму адпрацаваць мне трэба 5 гадоў.
Кацярына:
– Родам я з цудоўнага горада Гродна. У 2012 годзе скончыла 11 класаў гімназіі №9 г. Гродна. Пасля выпускных экзаменаў і цэнтралізаванага тэсціравання набрала дастатковую колькасць балаў для паступлення ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на фармацэўтычны факультэт, які існуе доўгі час і мае добрую вучэбную базу. Вучылася на бясплатнай аснове і па размеркаванні трапіла ў г.п. Карэлічы.
– Напэўна, любімымі прадметамі ў школе ў вас былі біялогія і хімія? Хто дапамог зрабіць вам выбар на карысць фармацыі?
Аляксандра:
– Я стопрацэнтны гуманітарый: біялогія, хімія, беларуская мова, па якой я прымала ўдзел у алімпіядах, – гэта сапраўды маё. І мама, і тата скончылі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы па спецыяльнасці хімік-біёлаг. Менавіта яны дапамаглі вызначыцца мне з будучай прафесіяй. Дома ў нас шмат кніг па хіміі і біялогіі, якія замест буквара сталі маімі першымі падручнікамі.
Кацярына:
– Шчыра кажучы, біялогію ў школе не любіла. Вывучала, бо ведала, што яна спатрэбіцца для паступлення. Хімія мне вельмі падабалася. Да таго ж, мама – настаўнік хіміі. Таму дома ў мяне быў асабісты рэпетытар.
– Якімі якасцямі, на ваш погляд, павінен валодаць фармацэўт?
Аляксандра:
– Перш за ўсё, халоднасць розуму. У аптэку прыходзіць шмат людзей са сваімі праблемамі, хваробамі. Трэба ўмець эмоцыі і перажыванні пакідаць за дзвярыма. А яшчэ для фармацэўта важныя такія якасці, як камунікабельнасць, уважлівасць, уменне выслухаць і жаданне дапамагчы людзям.
Кацярына:
– Я магу сказаць, што фармацэўт у нейкай ступені псіхолаг. Неабходна ўменне знайсці падыход да кожнага кліента, а кліенты, як вядома, бываюць розныя. Да ўсіх трэба адносіцца аднолькава, незалежна ад узросту, сацыяльнага становішча. Да таго ж у прадстаўнікоў нашай прафесіі павінен быць матэматычны склад розуму: іншы раз разлічыць неабходную дазіроўку не так і лёгка.
– Пра цяжкасці выбранай прафесіі скажыце пару слоў.
Аляксандра:
– Шчыра кажучы, я бачу толькі станоўчае. Асабліва тут, на маім першым працоўным месцы, дзе мяне сустрэлі выдатна: добры калектыў, які вучыць і дапамагае набыць неабходны вопыт. Першыя дні адчувалася фізічная стомленасць, але ўжо прывыкла.
Кацярына:
– Мяне крыху турбуе той момант, што многія людзі ідуць адразу ў аптэку, не атрымаўшы кваліфікаваную дапамогу ўрача. Толькі ўрач можа паставіць правільны дыягназ. Увогуле, усё выдатна: цэнтральная раённая аптэка №65 – добрае месца для атрымання неабходнай практыкі.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.