Учащиеся Кореличского районного Центра творчества детей и молодежи с праздничным концертом посетили Новогрудский психоневрологический дом-интернат
Цёплая сустрэча і сардэчны прыём чакалі навучэнцаў Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія 2 снежня з канцэртнай праграмай “Спяшайцеся дзень пачаць з дабра” наведалі Навагрудскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў.
Каля 200 чалавек сабраліся ў актавай зале дома-інтэрната, каб павітаць юных артыстаў з г.п. Карэлічы. Для дзяцей, якія займаюцца ў танцавальнай студыі “Капрыз” і студыі вакальнага спеву “Расінка”, гэта было першае выступленне на вялікай сцэне. Яны, безумоўна, хваляваліся, але дзякуючы радушнаму прыёму юныя артысты хутка асвоіліся. Кожны падрыхтаваны нумар навучэнцаў Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі праходзіў на “ўра”: насельнікі дома-інтэрната не толькі адорвалі дзяцей бурнымі апладысментамі, але нават падпявалі і падтанцоўвалі.
Удзельнікі танцавальнай студыі “Капрыз” выканалі “Сучасны танец”, харэаграфічныя нумары “Лебедзь” і “Вінаватая хмарка”, а юныя выканаўцы са студыі вакальнага спеву “Расінка” падарылі гледачам песні “Я малюю”, “Ластаўка”, “Ветразь мары” і іншыя.
Для пражываючых дома-інтэрната таксама была праведзена цікавая гульня “Ядомае-неядомае”, удзел у якой з задавальненнем прынялі ўсе без выключэння.
– Так цёпла нас яшчэ нідзе не сустракалі. Насельнікі дома-інтэрната самі творчыя, актыўныя, непасрэдныя людзі, таму яны радаваліся як дзеці. Свята, безумоўна, атрымалася для ўсіх. Трэба было толькі бачыць узнёслы настрой і адчуваць эмоцыі нашых юных артыстаў, – падзялілася ўражаннямі дырэктар Карэліцкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Ларыса Віктараўна Карась.
Аксана ЯНУШ.