Кореличский районный краеведческий музей приглашает в зимнюю сказку

Ці хто калі задумваўся, сімвалам чаго для чалавека з’яўляецца ёлка? А сімвалізуе яна жыццё, здароўе, шчасце. Немалаважнае значэнне набылі эстэтычныя рысы святочнага навагодняга дрэва, якое выклікае толькі радасць, добрыя надзеі і пачуцці. Ужо хутка гэтая прыгажуня з’явіцца ў кожным доме, хутка адбудзецца доўгачаканае свята — Новы год.
Карэліцкі раённы краязнаўчы музей сваёй выставай «Навагоднія цуды» вырашыў паспрабаваць перанесці вас у крыху ранейшы Новы год, у тыя часы, калі само ўпрыгожванне ёлкі было яшчэ адным святам, асабліва для дзяцей. І, галоўнае, сямейным, калі яшчэ адным галоўным сімвалам свята быў тэлевізар. У прысутных будзе магчымасць пазнаёміцца з паштоўкамі 70-80 гг. мінулага стагоддзя, убачыць тых жа гадоў касцюм маленькай Снягуркі, цацкі, якімі ўпрыгожвалі ёлку, фотаздымкі навагодніх свят.
Падчас выступлення экскурсавода будзе магчыма даведацца аб самой гісторыі Новага года, аб тым, хто ж такія валачобнікі, ды і пра іншыя зімовыя святы, абрады, гульні і забавы.
Новы год заўсёды ўсяляе ў нас надзею на лепшае, дорыць мноства падарункаў і прыемных эмоцый. У гэты перыяд мы можам з лёгкасцю адчуць сябе героямі казкі. Усе мы ўспамінаем дзяцінства, успрымаючы тое, што адбываецца вакол, вачыма дзіцяці.
Усім так хочацца верыць у Дзеда Мароза і Снягурку, якія абавязкова прыйдуць да нас у госці і ў тое, што недзе далёка ў халодных краях жыве Снежная Каралева. Некаторыя могуць не пагадзіцца, але ў душы гэта адбываецца з кожным. І вінаваты ва ўсім Новы год — час спаўнення запаветных жаданняў. Галоўнае — настройвацца толькі на добрае, тады і ўсе жаданні спраўдзяцца.
Запрашаем усіх жадаючых наведаць выставу, якая будзе дзейнічаць да 15 студзеня 2018 года.
Віталій СМАЛЯНКА,
галоўны захавальнік фондаў
УК «Карэліцкі раённы краязнаўчы музей».

Добавить комментарий