«Творчество делает мою жизнь наполненной». Рецепт активного долголетия от кореличчанина Василия Чертко

Душою ніколі не пагаджаюся з тымі людзьмі, якія скептычна ставяцца да свайго сталага ўзросту, вызначаючы ў ім толькі адмоўныя бакі: старасць, хваробы, незадаволенасць жыццём. Вядома, усё гэта нейкім чынам накладвае адбітак на агульны эмацыянальны стан нашага сэрца, на наша светаўспрыманне, але ўсё ж многае залежыць ад саміх нас, варта толькі нешта змяніць, пераключыць у сваёй істоце, асмеліцца кінуць выклік гадам, паспрабаваць знайсці станоўчае ў статусе пад назваю “пенсіянер”. А гэта ў першую чаргу — магчымасць больш увагі ўдзяляць сабе, сваім любімым захапленням, аб чым так марылася ў маладосці! Не заседжвацца, старацца дарыць пазітыўны настрой людзям, памятаючы мудрыя словы рымскага філосафа Сенекі: “Як байка, так і жыццё, цэніцца не за даўжыню, а за змест”.
Васіль Уладзіміравіч Чартко, кіраўнік танцавальнага калектыву “Спадчына”, існуючага пры Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці, менавіта такі чалавек, не падуладны ўзросту.

Яго жыццё — яркі доказ таго, што і ў 75 гадоў (столькі гадоў яму спаўняецца 1 лютага) можна даць фору маладым, захоўваць актыўную жыццёвую пазіцыю, быць запатрабаваным у прафесіі, заставацца носьбітам спрадвечных духоўных каштоўнасцей, дазваляючых называцца Чалавекам з вялікай літары. Менавіта такімі меркаваннямі прасякнуты выказванні ў адрас юбіляра тых, хто працуе і працаваў поплеч з ім, а таксама шматлікіх паклоннікаў яго незгасальнага, іскрамётнага таленту, да якіх, не сумняваюся, далучыцца і вялікая армія чытачоў раённай газеты.

Прыміце, Васіль Уладзіміравіч, з нагоды Вашага 75-годдзя наш своеасаблівы букет, складзены са слоў Любові і Прызнання, Захаплення і Удзячнасці, Павагі і Глыбокай Пашаны да Вас, Чалавека, не падуладнага ўзросту.

Іна Міхайлаўна Санчук, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама: “Васіль Уладзіміравіч — сапраўдны самародак у сваёй справе, залаты скарб з фонду прафесійнага майстэрства, гонар, а калі дакладней, брэнд роднай Карэліччыны. Больш за 50 гадоў на сцэне! Яго імя ведалі не толькі ў раёне і рэспубліцы, але і на прасцягах былога Савецкага Саюза. Яму, хлапцу з правінцыі, пераможцы Усесаюзнага конкурсу сярод маладых культарганізатараў, апладзіравалі Масква, Адэса, Мінск, Гродна. З аўтарскай праграмай “Несцерка на масоўцы” Васіль Уладзіміравіч пакарыў Ленінград і не толькі. Звязаўшы лёс з мастацкай самадзейнасцю яшчэ ў школьныя гады, усё жыццё прысвяціў служэнню на ніве культуры, прайшоўшы ўсе этапы па службовай лесвіцы: ад інструктара, мастацкага кіраўніка да дырэктара Карэліцкага РДК і Палаца культуры ў в. Заполле. Поспехі, шматлікія ўзнагароды (сярод іх — Ганаровы знак Міністэрства культуры РБ) не паўплывалі на яго характар, ён застаецца чалавекам незвычайнай сціпласці, адданасці абранай прафесіі, няўрымслівасці, дабрыні, прыкладам для маладога пакалення. Побач з ім камфортна, ён умее разважыць, падтрымаць, падказаць, працягнуць руку для дапамогі. Унікальным майстэрствам у розных жанрах — танцавальным, дэкламатарскім, гумарыстычным, драматычным — Васіль Уладзіміравіч не перастае здзіўляць гледачоў, таму яго выступленні выклікаюць заўсёды шквал авацый. Вялікі дзякуй Вам, Васіль Уладзіміравіч, за працу, за любоў да прафесіі, людскасць вашага няўрымслівага сэрца. Моцнага Вам здароўя, даўгалецця, творчых поспехаў. Заставайцеся, як і раней, каралём сцэны, дарыце радасць людзям!”
Наталля Мікалаеўна Гароднік, дырэктар дзяржаўнай установы “Карэліцкі раённы Цэнтр культуры і народнай творчасці”: “Добры, неймаверна шчыры чалавек, у яго талент — ад Бога. Ён жыве з зайздроснай верай у тое, што прафесія работніка культуры вельмі патрэбная людзям, не раз даказваючы гэта на асабістым прыкладзе. Васіль Уладзіміравіч для нас, прадстаўнікоў малодшага пакалення, — узор высокай унутранай культуры, адданасці любімай справе. Нягледзячы на значныя поспехі ў працы, ніколі не дапускае фанабэрыстасці, ганарыстасці ва ўзаемаадносінах, заўсёды жыццярадасны, тактоўны, таварыскі. Паспявае і танцавальным гуртом кіраваць, і ў хоры ветэранаў працы спяваць, і ў канцэртах удзельнічаць. Дай Бог яму здароўя, творчага плёну і надалей! Вы патрэбны нам!”
Тамара Антонаўна Ліпская, жыхарка вёскі Стрэльнікі: “З 1983 да 2012 года танцавала ў пары з Васілём Уладзіміравічам у пастаўленай ім жа “Тудараўскай кадрылі”. Вялікі дзякуй яму за тое, што навучыў многіх вясковых дзяўчат танцаваць. Ён быў і ёсць для нас сапраўдны геній сярод работнікаў культуры. Заўсёды жыццярадасны, вясёлы, умеў знайсці падыход да кожнага ўдзельніка мастацкай самадзейнасці. Не перадаць, як успрымала публіка нашу кадрылю, з якой аб’ездзілі паў-Беларусі! На жаль, па прычыне хваробы давялося пакінуць калектыў, але так часта ўспамінаю той шчаслівы час, і не раз сняцца рэпетыцыі, канцэрты, радасныя твары гледачоў. Нізкі паклон нашаму незабыўнаму карэліцкаму Несцерку за яго талент, за яго светлую душу, за любоў да сваёй прафесіі. Няхай яшчэ доўга ззяе зорка яго творчага натхнення!”
Таісія Анікая, галоўны бухгалтар СВК “Маяк-Заполле”: “1984 год… Па размеркаванні прыехала на работу ў калгас імя Чапаева (уключаны пазней у склад калгаса “Маяк”) і адразу ж пад уплывам Васіля Уладзіміравіча стала актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці Тудараўскага Дома культуры. Цяжка ў гэта паверыць сёння, што на рэпетыцыі пасля працоўнага дня бегалі ў Тударава пехатою, так падабаліся нам заняткі, так падабаўся наш кіраўнік, якога не мелі права падвесці! Ён самародак у сваёй справе, рэдкі чалавек па душэўных якасцях. Здавалася, што ён умеў усё! Галоўная каштоўнасць, перададзеная ім у падарунак нашаму сённяшняму пакаленню, — уменне цаніць беларускую нацыянальную культуру, захаваць яе для патомкаў. Вось з каго трэба браць прыклад сучаснай моладзі, вось у каго вучыцца адданасці абранай прафесіі. Доўгага Вам веку, Васіль Уладзіміравіч!”
Толмач А. М., жыхарка г. п. Карэлічы: “Васіль Уладзіміравіч — артыст ад бога. Яго амплуа складана вызначыць, бо ў розных жанрах сцэнічнай культуры ён аднолькава таленавіты. У 75 гадоў танцуе так, што не дакажуць і маладыя! Папулярнасць Чартко не меншае з гадамі, яго выступленні любяць гледачы рознага ўзросту, нездарма ж год назад на шоу “Танцы со звездами” ён са сваёй напарніцай атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. Сапраўды народны артыст Карэліччыны! Да таго ж — цудоўны муж, бацька, гаспадар, цікавы суразмоўца, аднолькава паважлівы да ўсіх. Здароўя Вам, творчага гарэння, шчасця ў доме!”
Аксана Басюк, загадчык аддзела метадычнай работы Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, член танцавальнага калектыву “Спадчына”: “Васіль Уладзіміравіч — гэта чалавек з душой беларускага народа, які дасць фору цяперашняй моладзі, які падае яркі прыклад ва ўсім: у працы, сяброўстве, паводзінах, сямейных адносінах. Дзякуй Вам за гэта! Жывіце да 100 гадоў!”
Яфрэмава Н. С., удзельніца хору ветэранаў працы, старшыня раённага Савета ветэранаў: “Гэта чалавек, які верны сваёй прафесіі ўсё жыццё. Адказнейшы ва ўсім, пастаянна, нягледзячы на ўзрост, знаходзіцца ў творчым пошуку. Майстэрства яго як работніка культуры заслугоўвае самай высокай ацэнкі, таму што яно струменіцца ад сэрца, ад душы. Лічу, што вялікая адказнасць у творчай дасканаласці Васіля Уладзіміравіча. Цудоўная жанчына — жонка Зінаіда Міхайлаўна, — яго галоўны крытык, галоўная апора і падтрымка. Доўгага вам сямейнага жыцця, паважаныя людзі! Няхай бясконцай будзе крынічка таленту Васіля Уладзіміравіча, якая наталяе нас гаючым аптымізмам.”
Міхаіл Башко, рэжысёр Карэліцкага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці: “Васіль Уладзіміравіч —шчаслівы ўладальнік рэдкай энергіі і пазітыўнай энергетыкі. У яго вучуся многаму: уменню бачыць зверхзадачу таго, што робіш; майстэрству рэжысёрскай справы, самаадданасці ў прафесіі, імкненню пастаянна самаўдасканальвацца. Чалавек старой закалкі, ён захаваў у сваёй асобе ўсё лепшае ад пакалення савецкага часу: любоў да людзей, апантанасць у працы, сціпласць, дабрыню сэрца, нераўнадушша. Для нас, маладых, ён — прыклад у прафесіі. Не закрыўся ў шкарлупіне ўзросту, прадаўжае дарыць асалоду людзям, быць узорам таго, як жыць і любіць жыццё. Няхай яшчэ доўга сагравае людзей сваім гаючым талентам непаўторны Васіль Уладзіміравіч!”
Пяць гадоў назад артыкул аб В. У. Чартко з нагоды яго 70-годдзя я заканчвала словамі, якія ў якасці пажадання пішу і сёння: “З юбілеем Вас, Народны Артыст Карэліччыны. Няхай сцелецца Ваш век шчаслівым абрусам. Няхай танцуецца і спяваецца Вам доўга-доўга на радасць усім нам!”
Галіна КАЛТУНОВА.
Фота Караліны КУЧУК.

Добавить комментарий