О демографической ситуации в Кореличском районе читайте ЗДЕСЬ
Дэмаграфічная сітуацыя на Карэліччыне, медыцынскае абслугоўванне і правядзенне ўсеагульнай дыспансерызацыі насельніцтва – асноўныя тэмы, на якія была звернута ўвага падчас правядзення пасяджэння савета па дэмаграфічнай бяспецы Карэліцкага раёна, якое адбылося на мінулым тыдні ў актавай зале цэнтральнай раённай бальніцы.
. – Сёння, калі па ўсёй рэспубліцы востра стаіць дэмаграфічнае пытанне, мы добра разумеем, наколькі каштоўна кожнае чалавечае жыццё, – адкрыў пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Віктаравіч Шкадаў. – На сённяшні дзень высокі ўзровень развіцця медыцыны дазваляе выявіць хваробу на ранняй стадыі, што ў большасці выпадкаў гарантуе 100-працэнтнае выздараўленне пацыента. Наша ж галоўная задача – зрабіць усё магчымае, каб не ўпусціць той самы момант, калі хвароба толькі пачынае развівацца. Менавіта для гэтага існуе ўсеагульная дыспансерызацыя, якая дапаможа ў значнай ступені зменшыць магчымасць развіцця найбольш небяспечных захворванняў. Таму ўсе кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў Карэліччыны павінны цвёрда карыстацца наступным правілам: падпісваць заяву на водпуск толькі пасля таго, як работнік пройдзе планавы прафілактычны агляд.
Аб тым, які ўзровень смяротнасці назіраецца на тэрыторыі раёна, ад якіх захворванняў і ў якім узросце паміраюць жыхары Карэліччыны, расказаў намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай часці Аляксей Аляксандравіч Каўцэвіч.
– Толькі за 14 дзён чэрвеня Карэліцкі раён страціў 15 жыхароў. Па выніках 5 месяцаў 2018 года агульная смяротнасць склала 208 чалавек, з якіх 88 мужчын і 120 жанчын, – прывёў статыстычныя дадзеныя А. А. Каўцэвіч. – Сярэдні ўзрост памерлых у раёне склаў 75,5 гадоў: мужчын – 68,6 гадоў, жанчын – 80,5. У параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года назіраецца станоўчая дынаміка, але сёння мы павінны прыкладаць усе намаганні, каб узровень смяротнасці ў раёне толькі змяншаўся.
Па словах намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай часці, вялікую трывогу выклікае смяротнасць насельніцтва раёна ў працаздольным узросце, якая за 5 месяцаў бягучага года склала 25 чалавек.
– Асноўнай прычынай смяротнасці жыхароў раёна, якія не дасягнулі пенсіённага ўзросту, з’яўляюцца захворванні сардэчна-сасудзістай сістэмы, – адзначыла галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ Алена Паўлаўна Майсак.
– Таму кожны з нас павінен не толькі ведаць свой артэрыяльны ціск, але і пастаянна кантраляваць яго і пры неабходнасці прымаць лекі. Спадзяванні на тое, што ўсё пройдзе само сабой, могуць прывесці да трагічных наступстваў. Перш за ўсё кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў павінны быць зацікаўлены ў здароўі сваіх работнікаў. А медперсанал Карэліцкай ЦРБ заўсёды гатовы падтрымаць ініцыятыву сельгаспрадпрыемстваў і арганізацый Карэліччыны: калі неабходна, медработнікі заўсёды прыедуць у тую ці іншую гаспадарку раёна, памераюць артэрыяльны ціск, правядуць прафілактычныя гутаркі з работнікамі.
Аб медыцынскім абслугоўванні і правядзенні дыспансерызацыі насельніцтва Цырынскага і Райцаўскага ўрачэбных участкаў расказалі загадчык Цырынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Уладзімір Мікалаевіч Клімчак і загадчык Райцаўскай амбулаторыі Мікалай Іванавіч Клімко, якія не толькі прывялі статыстычныя дадзеныя па дэмаграфічнай сітуацыі на адпаведных урачэбных участках, але і расказалі аб тых мерапрыемствах, якія накіраваны на стабілізацыю і зніжэнне смяротнасці мясцовага насельніцтва.
– Напярэдадні ўборачнай кампаніі праз вас хочацца звярнуцца да працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёна: праверце тэрмін дзеяння вашых вадзіцельскіх пасведчанняў і, калі неабходна, прайдзіце медыцынскую камісію загадзя, – звярнулася да намеснікаў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна па ідэалагічнай рабоце галоўны ўрач Карэліцкай ЦРБ. – Увогуле, без вашай дапамогі мы не зможам наладзіць якасную работу па дыспансерызацыі насельніцтва раёна. Таму ўчастковыя тэрапеўты і загадчыкі мясцовых ФАПаў і амбулаторый павінны працаваць з вамі ў цеснай сувязі.
Аксана ЯНУШ.
Фота аўтара.