18 августа в ЗАГСе Кореличского района случился свадебный бум
Вяселле – справа важная, таму кожнаму з маладых хочацца, каб гэты дзень запомніўся надоўга. А калі яшчэ і дата прыгожая, якая, напрыклад, выпала на жнівень гэтага года, то чараўніцтва не пазбегнуць. Ажыятаж вакол 18.08.2018 не мінуў і Карэлічы, дзе зарэгістраваць свой шлюб хацелі не толькі мясцовыя пары.
У мінулую суботу ЗАГС Карэліцага раёна быў напоўнены вялікім натоўпам гасцей і шчаслівых маладых, якіх наперадзе чакае ўжо іншае, сямейнае, жыццё. Акрамя дзвюх мясцовых пар, у Карэлічы завіталі жыхары Нясвіжа, Баранавічаў, Навагрудка і нават Мінска. Такі ажыятаж вакол нашага ЗАГСа нездарма – месцаў на гэты дзень у сваіх гарадах ужо не было. Ці то маладыя празмерна прымхлівыя, ці то проста так супала, але факт застаецца фактам – усю краіну накрыла вясельным бумам.
– Непрыхаваныя пачуцці шчасця, радасці і кахання напаўняюць кожную пару, якая ўваходзіць у наш ЗАГС з жаданнем стварыць сям’ю. Большасць з іх адказна і старанна рыхтуюцца да цырымоніі шлюбу. Для некаторых нават дата правядзення вяселля з’яўляецца немалаважнай дэталлю, – расказвае выконваючы абавязкі начальніка аддзела ЗАГС Аксана Канстанцінаўна Абрамчык.
Традыцыйна папулярным часам для рэгістрацыі шлюбаў з’яўляюцца ліпень, жнівень і верасень. У мінулым годзе закаханыя не маглі прайсці міма 07.07.2017. Сёлета самай прыгожай і запатрабаванай датай стала 18.08.2018, якая мае ў складзе тры васьмёркі.
– Паколькі гэтая дата выпала на суботу, адсюль і такі ажыятаж сярод закаханых. Васьмёрка лічыцца знакам бясконцасці, і ў адносінах да заключэння шлюбу гэта вельмі сімвалічна, – дадае Аксана Канстанцінаўна. – Што тычыцца асабіста мяне, то не магу сказаць, што я прымхлівая. Аднак на ўсе прыгожыя даты гляджу так, як і ўсе маладыя. Ды і што тут такога, калі закаханыя хочуць дадаць у свае адносіны яшчэ больш рамантыкі і наогул зрабіць іх бясконцымі?
Вось і маладая сям’я Пархамовічаў з Карэліч лічыць таксама:
– Мы заўсёды хацелі ажаніцца менавіта ў жніўні. Калі заўважылі, што гэты месяц багаты на такую прыгожую дату, то падумалі: А чаму б і не? Калі пытаюць, ці спадзяёмся мы дзякуючы васьмёркам на шчаслівы шлюб, адказваем так: “Не спадзяёмся. Мы верым, што гэта так і будзе”, – пераканана нявеста Юлія.
Цікава, што ў маі бягучага года ў Карэліцкім аддзеле ЗАГС не было зарэгістравана ніводнага шлюбу. Адразу прыгадваецца прымаўка пра тое, што маладыя будуць век маяцца… Відаць, ад граху падалей ісці на рызыку не захацеў ніхто. Але ж ці ад даты залежыць будучыня маладых?
– Даты, якімі б прыгожымі яны ні былі, не з’яўляюцца гарантыяй шчаслівага сямейнага жыцця. Кахайце адзін аднаго, паважайце, і без усялякага чараўніцтва лічбаў ваш саюз будзе моцным і доўгім, – дае параду супрацоўнік ЗАГСа. І як пяе Лявон Вольскі: “Што тут дадаць? Хіба што нічога…”
Даведка “Полымя”
З 1 студзеня па 18 жніўня 2018 года ў Карэліцкім раёне зарэгістравана 85 шлюбаў (аналагічны перыяд 2017 года – 77). 4 шлюбы заключаны з прадстаўнікамі замежных краін: 2 – Расійскай Федэрацыі, 1 – Туркменістана і 1 – Рэспублікі Узбекістан. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб мужчын складае 31 год, жанчын – 28. Самаму маладому жаніху было 19 гадоў, нявесце – 15. Старэйшы ўзрост жаніха – 64 гады, нявесты – 56.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара