Юные каратисты открыли первый день фестиваля «Бастионы мира» ярким показательным выступлением
25 жніўня ў Навагрудку стартаваў дзявяты культурна-спартыўны фестываль каратэ-до шотакан «Бастыёны свету». Юныя каратысты з розных куткоў Беларусі прадэманстравалі публіцы выдатныя прыёмы і валоданне целам.
Карэліцкія «белыя тыграты» і іх трэнер Аляксандр Абадзінскі разам з аб’яднанай камандай клубаў Беларускай федэрацыі шотакан каратэ-до пад кіраўніцтвам заслужанага майстра спорта, чэмпіёнкі свету і Еўропы Святланы Вількінай здзівілі гледачоў надзвычайным майстэрствам і энергетыкай.
Пасля выступлення юныя «зоркі» каратэ разам з настаўнікамі вырашылі яшчэ і ўмацаваць дух новымі ведамі. Яны завіталі ў Навагрудскі гістарычна-краязнаўчы музей і ў фэнтазі-сядзібу на возеры Літоўка.
А ўжо заўтра, 26 жніўня, асноўныя мерапрыемствы фестываля пройдуць у Карэліцкім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Пачатак спаборніцтваў — а дзясятай гадзіне раніцы. Урачыстае адкрыццё пройдзе з 14.00 да 15.00. Працяг спаборніцтваў — з 15.00 да 18.30.
Калі у вас будзе вольны час, абавязкова завітайце ў нядзелю ў наш Дом культуры. Такое відовішча нельга абмінуць увагай!
Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара