Аграрии ГП «Луки-Агро» собрали рекордный урожай кукурузы (фото+видео)

Восень няўмольна набліжаецца да экватара. Але гарачая пара, якая распачалася яшчэ вясной падчас пасяўной, працягваецца. Аграрыі ДП “Лукі-Агра” ў поўнай ступені выкарыстоўваюць кожны сонечны дзень, каб якасна папрацаваць на ўборцы кукурузы і цукровых буракоў.

Па выніках агульнараённай зводкі гаспадарку можна па праве лічыць кукурузнай скарбонкай Карэліччыны. Менавіта лукскія аграрыі атрымалі найвышэйшую ўраджайнасць царыцы палёў як на сілас, так і на зерне.

Гаварыць пра ўборку кукурузы мэтазгодна толькі тады, калі ўбачыш гэты працэс асабістымі вачыма. Таму ў суправаджэнні галоўнага агранома ДП “Лукі-Агра” Анатолія Канстанцінавіча Анікія накіроўваемся ва ўрочышча Сельская гара на завяршальны этап абмалоту кукурузы на зерне.

– Кукуруза ўжо поўнасцю паспела. Паглядзіце, як пачаткі добра сфарміраваліся, – з задавальненнем адзначае галоўны аграном. – Ды і вільготнасць зярнят складае 25-27%, што значна ніжэй, чым у мінулым годзе. Да ўборкі кукурузы на зерне сёлета запланавана 235 га, з якіх засталося абмалаціць толькі 40 га на гэтым полі. На сілас здрабнілі 215 га, у сіласныя траншэі заклалі 13580 тон. У бліжэйшыя дні плануем скончыць уборку.

Але перад тым, як атрымаць выдатны ўраджай, аграрыямі гаспадаркі было зроблена шмат. Па-першае, у глебу ўнесены ўсе неабходныя мінеральныя ўгнаенні, а менавіта азот, фосфар, калій. Па-другое, насенне кукурузы было пасеяна ў аптымальныя тэрміны згодна з тэхналагічнымі патрабаваннямі. Гэта дазволіла маладым парасткам узяць дастатковую колькасць вясновай вільгаці і годна перанесці летнюю засуху.



– Сёлета не дабралі зерневых, але плануем кампенсаваць за кошт царыцы палёў. Плануем, што агульны кукурузны намалот складзе каля 3100 тон залатых зярнят, –
дзеліцца Анатолій Канстанцінавіч. – У гаспадарцы ёсць свой камбікормавы цэх, таму кукурузная мука будзе ўводзіцца ў рацыён буйной рагатай жывёлы, свіней. Увогуле, кукуруза – найлепшая крыніца энергіі.

Увесь сёлетні зерневы ўраджай царыцы палёў абмалаціў велізарны «Лексіён», які зусім нядаўна быў задзейнічаны на жніве. За штурвалам “карабля” – перадавік на ўборачнай зерневых Андрэй Мікалаевіч Штэйн. Але пасля пераабсталявання камбайн ужо беражліва збірае залатыя зярняты ў бункер, а кукурузную масу здрабняе і вяртае зямлі ў выглядзе каштоўных пажыўных рэчываў.

Прыкладна тое ж самае адбываецца і на ўборцы цукровых буракоў: буракаўборачны камбайн “Holmer” здрабняе бацвінне і раскідвае. Салодкія карані лічацца выдатным папярэднікам. Вясной пад цукровыя буракі ўносіцца вялікая колькасць угнаенняў, да таго ж зварот складае каля 50 працэнтаў.

– 500 ц/га – мінімальная ўраджайнасць, ад якой мы будзем адштурхоўвацца, – адзначае галоўны аграном. – Тэмпы ўборачнай кампаніі залежаць перш за ўсё ад хуткасці вывазу буракоў з поля. Сёлета да 15 верасня, калі надбаўка да закупачнай цаны складала 20 працэнтаў, здалі дзве з паловай тысяч тон. Увогуле на сённяшні дзень вывезена каля 4 тысяч тон, астатні ўраджай чакае свайго часу ў буртах. Цукрыстасць каранёў складае 16,3%, але спадзяемся, што гэты паказчык яшчэ павялічыцца.

Галоўным героем салодкай эпапеі ДП “Лукі-Агра” бягучага года з’яўляецца трактарыст-машыніст Уладзімір Міхайлавіч Тананка, які ўмела кіруе камбайнам “Holmer”.

Восень – незвычайная пара, калі адно поле, аддаўшы ўраджай, рыхтуецца да зімовага сну і стаіць нерухома, а другое – зелянее маладымі лісточкамі азімых зерневых культур.

– Ведаеце, кожны аграном мяне зразумее: мала проста акінуць вокам тое ці іншае поле. Неабходна паглядзець каранёвую сістэму расліны, а яшчэ, можа прагучыць дзіўна, пагаварыць з маладымі парасткамі, спытаць, як у іх справы, – адзначае Анатолій Анікій. – Зерневы ўраджай наступнага года заклалі ў аптымальныя тэрміны, да 27 верасня. Таму расліны змогуць набраць усе неабходныя мікраэлементы для паспяховай зімоўкі.

На сённяшні дзень ні адна адзінка тэхнікі ДП “Лукі-Агра” не стаіць без справы. Акрамя ўборачнай кампаніі, аграрыі гаспадаркі рыхтуюць глебу да зімы, а таксама заняты на заключным этапе корманарыхтоўкі, калі сянаж прасуецца ў стрэйч-плёнку. У выніку атрымліваецца выдатны якасны корм на будучы зімовы перыяд.

Аксана ЯНУШ
Фота і відэа аўтара

Добавить комментарий