СПК «Свитязянка-2003» доказал молочное лидерство на деле, благодаря формуле 4К — кадры, корма, корова, комфорт
? Пачатак новага года – традыцыйны час падвесці вынікі работы мінулых 365 дзён і намеціць планы на будучыню. У чарговы раз лідарам 2018 года па асноўных паказчыках жывёлагадоўлі, флагманам малочнай галіны Карэліччыны па праве можна назваць СВК “Свіцязянка-2003”, дзе перадавыя тэхналогіі ў сукупнасці з кадравым патэнцыялам і выдатна арганізаванай вытворчасцю апраўдалі сябе ў поўнай ступені.
Калі гаварыць пра абласны ўзровень, то жывёлаводы Карэліччыны паказалі чацвёрты вынік па такім паказчыку, як сярэдні надой ад адной каровы: 6032 кг малака пры сярэдняй лічбе па Гродзеншчыне 5427 кг.
Па выніках 2018 года СВК “Свіцязянка-2003” атрымала 15868 кг малака, што складае 103,8% да ўзроўню мінулага года. Сярэдні надой на умоўную карову па гаспадарцы склаў 9188 кг, а гэта плюс 193 кг да паказчыка 2017 года.
На рабатызаванай ферме “Літараўшчына” атрыманы найвышэйшы ў раёне надой на адну карову – 9958 кг малака, што больш паказчыка 2017 года на 197 адзінак. Такі вынік, безумоўна, заслугоўвае асаблівай увагі на абласным узроўні. На малочнатаварным комплексе “Райца-2” з агульным пагалоўем дойнага статку, які складае 770 кароў, надой малака на адну ўмоўную рагулю па выніках мінулага года склаў 9433 кг малака. А гэта плюс 185 кг да выніковай лічбы 2017 года.
Характэрнай рысай малочнай вытворчасці МТК “Райца-2” з’яўляецца спалучэнне колькасці прадукцыі з яе якасцю. Яскравым доказам гэтага служыць прыярытэт гатунку экстра пры рэалізацыі малака. Калі ў 2017 годзе дзяржаве прададзена 87,5% прадукцыі гатункам экстра, то на працягу мінулага перыяду гэты паказчык узрос да 99,8%. Зразумела, такі рост спрыяе павелічэнню прыбыткаў ад рэалізацыі малака.
Безумоўна, дасягнутыя паказчыкі – гэта вынік шматгадовай плённай і добрасумленнай працы каманды спецыялістаў, ад прафесіяналізму якіх залежыць вельмі шмат. Такім чынам, першым складальнікам малочнага поспеху гаспадаркі з’яўляецца граматнае кіраўніцтва старшыні СВК “Свіцязянка- 2003” Уладзіміра Галавача і каманды спецыялістаў гаспадаркі, а таксама адказнае стаўленне да выконваемых абавязкаў работнікаў малочнага комплексу. На сённяшні дзень МТК “Райца-2”, які быў уведзены ў эксплуатацыю ў жніўні 2012 года, абслугоўваюць 43 чалавекі, многія з якіх працуюць на ферме з моманту яе адкрыцця. Адным словам, вопытныя кадры вырашаюць шмат.
Другі складальнік вялікага малака “Свіцязянкі” – забеспячэнне буйной рагатай жывёлы якаснымі і збалансаванымі кармамі.
– У штодзённы рацыён кароў, які раздзелены на ранішняе і дзённае кармленні, уваходзяць сянаж, сілас, камбікорм і мінеральныя дадаткі, – расказвае памочнік загадчыка МТК “Райца-2” Галіна Сіроціна. – Штомесячна рацыён жывёл пераглядаецца галоўным заатэхнікам гаспадаркі Віктарам Саўкам, які карэкціруе меню кароў у залежнасці ад перыяду года і фізіялагічнага стану жывёл.
Па словах галоўнага агранома СВК “Свіцязянка-2003” Аляксандра Мяцеліцы, корманарыхтоўчая кампанія-2018 для аграрыяў гаспадаркі прайшла на выдатна: нарыхтавана 22 тысячы тон сенажу, 19 тысяч тон сіласу, тысяча тон сена. Паспяхова карыстаюцца аграрыі “Свіцязянкі” і сучаснай тэхналогіяй прасавання сенажу ў стрэйч-плёнку. Такім чынам, для атрымання высокіх надояў у гаспадарцы забяспечана добрая база высакаякасных кармоў.
Прадуктыўнасць дойнага статку напрамую залежыць ад здароўя буйной рагатай жывёлы. Таму за фізіялагічным станам кароў пільна сочаць ветурачы гаспадаркі.
– Адным з важнейшых аспектаў поспехаў малочнай галіны з’яўляецца аднаўленне дойнага статку, – адзначае галоўны ветурач СВК “Свіцязянка-2003” Уладзімір Борыс. – Для таго, каб павялічыць выхад цялят, у хуткім часе на МТК “Райца-2” з’явіцца апарат ультрагукавых даследаванняў.
Такім чынам, малочны поспех СВК “Свіцязянка-2003” – гэта вынік некалькіх складальнікаў, якія ў суме даюць простую формулу 4К: кадры, кармы, карова, камфорт. У “Свіцязянцы” да пералічанага дадаюцца выкарыстанне сучасных тэхналогій і інвестыцыі, укладзеныя ў развіццё жывёлагадоўчай галіны, патэнцыял якіх далёка не вычарпаны.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара