В День памяти воинов-интернационалистов представители учреждений района навестили их матерей

Штогод апошні месяц зімы нагадвае нам пра адну з самых сумных дат – 15 лютага. У гэты дзень трыццаць гадоў таму савецкія войскі пакінулі жудасны Афганістан, які захапіў у вечны палон тысячы хлапечых лёсаў. І, здаецца, час лечыць, але ёсць тыя, чые сэрцы кожны год будзе пранізваць бясконцы і пякучы боль.

14 лютага аддаць даніну памяці і падзякаваць за геройскую службу сына да Валянціны Георгіеўны Кузьміцкай, якая жыве ў вёсцы Крышылоўшчына Карэліцкага раёна, прыйшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, старшыня РА ГА “Беларускі саюз жанчын” Іна Санчук і намеснік ваеннага камісара па тэрытарыяльнай абароне Карэліцкага раёна ваеннага камісарыята Навагрудскага і Карэліцкага раёнаў Валянцін Васько. Разам са старшынёй Лукскага сельсавета Людмілай Іванаўнай Ваўчок і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДП «Лукі-Агра», старшынёй прафсаюзнай пярвічкі прадпрыемства Наталляй Мардзіловіч прадстаўнікі ўлады пасмяротна ўручылі сыну жанчыны – Мікалаю Кузьміцкаму – юбілейны медаль, які быў зацверджаны Прэзідэнтам Беларусі ў канцы мінулага года. Галоўная мэта візіту заключалася ў тым, каб падзякаваць жанчыне за добрае выхаванне сына, яго смеласць і адданасць Радзіме падчас неаб’яўленай вайны ў Афганістане.
На карэліцкай зямлі памятны медаль “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана” атрымаюць 65 чалавек, якія тры дзясяткі гадоў таму адважна абаранялі інтарэсы нашай Радзімы.

Да Яўгеніі Васільеўны Федаракі, сын якой Васілій Федарка загінуў у Афганістане ў 1984 годзе, завіталі работнікі Карэліцкага раённага Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, якія разам з прадстаўнікамі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Карэліцкага раёна ўручылі жанчыне кветкі і памятныя падарункі. Найбольш кранальным момантам сустрэчы сталі словы прадстаўнікоў малодшага пакалення – вучаніц сярэдняй школы №2 Мілісы Манкевіч і Веры Таўлуй. Дзяўчаты адзначылі важнасць служэння Радзіме і тое, з якім патрыятызмам маладыя салдаты ішлі на вайну. Пасля слоў бязмернай падзякі ўсе прысутныя ўшанавалі памяць герояў хвілінай маўчання.

Гавораць, што чалавек жывы тады, калі жыве памяць аб ім. Безумоўна, тое, што зрабілі савецкія салдаты падчас вайны ў Афганістане, забыць немагчыма. А сучаснаму пакаленню помніць пра гэта асабліва важна, бо толькі так у чалавецтва будзе шанц на мірнае жыццё.

Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара