В Кореличах танцуют все: от 6 и до 60. Репортаж из хореографического зала (фото+видео)

Восем гадзін танцаў нон-стоп кожны дзень… Менавіта ў такім рытме працуе танцавальная зала пры Карэліцкім раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці. Раней за ўсіх на заняткі прыбягаюць пяшчотныя вучні-пачаткоўцы, пазней — дзяўчаткі-падлеткі, вечарам — жанчыны, якія вырваліся нарэшце з адвечнага кола ”сям’я-работа-кухня”.

Выкладчыкі Карэліцкай дзіцячай школы мастацтваў Ірына Бяляк і Людміла Кудрыцкая працуюць у творчым тандэме даўно і досыць плённа. І самае галоўнае — гараць той справай, якой займаюцца. А інакш проста не атрымаецца, запэўніваюць харэографы: дзеці табе не павераць, не пацягнуцца.

Карэліцкія танцоры загартаваны не толькі раённай і рэспубліканскай сцэнай, але і міжнароднымі фестывалямі. Яны неаднойчы прывозілі ўзнагароды з абласных і рэспубліканскіх конкурсаў, узыходзілі на пераможныя п’едэсталы расійскіх гарадоў Краснагорск і Навасібірск. Ім па плячы народныя і класічныя танцы, гісторыка-побытавыя і сучасныя. Сёння карэліччане не могуць уявіць сабе ніводнага раённага свята без іх яркіх і бліскучых выхадаў.

— Я танцую яшчэ з дзіцячага садка, — расказвае пяцікласніца Ксенія Карчэўская. — Таксама займаюся вакалам, вучуся іграць на фартэп’яна. Як усё паспяваю? Калі справа падабаецца, то ніякая стомленасць не дазволіць прапусціць заняткі.

Ксенія разам з сяброўкамі з цікавасцю разглядае родны танцавальны зал, які за месяц інтэнсіўнага рамонту ператварыўся ў казачна-ружовае і ўтульнае месца сустрэч.

— Ружовы — мой любімы колер, — кажа Аляксандра Навумчык. — Мы з дзяўчынкамі калі ўвашлі сёння, проста войкнулі: вельмі прыгожа. А люстраная сцяна — асаблівае задавальненне: можна танчыць і глядзець на сябе.

— Абнавіць танцавальную залу патрэбна было даўно, — расказвае начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Карэліцкага райвыканкама Іна Санчук. — Зразумела, што нашы дзеці і выкладчыкі павінны займацца любімай справай у камфортных умовах. Таму з раённага бюджэту і фонду пазабюджэтнай дзейнасці аддзела было выдаткавана амаль 18 тысяч рублёў. Была заменена падлога, пафарбаваны сцены і столь, устаноўлены танцавальныя станкі і люстраная сцяна, заменена электраправодка і свяцільнікі, на вокнах — жалюзі. Хутка з’явіцца і шафа-гардэроб для сцэнічных касцюмаў і верхняй вопраткі. Рамонтныя работы праводзіла гаспадарчая група аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, а таксама РБП-12.

…Не паспелі пачаткоўцы развітацца з выкладчыкамі, як у залу ўбягаюць старэйшыя вучні, сярод якіх, дарэчы, адзін хлопчык. Пасля размінкі гаманлівая чародка падбягае да станкоў. Дзеці старанна цягнуць насочкі, трымаюць спіны, плаўна ўздымаюць рукі. Ні даць-ні ўзяць, “Лебядзінае возера” ў мініяцюры.

Выкладчыцы падыходзяць да кожнай, яшчэ і яшчэ раз паказваюць, як трэба рабіць чарговае “па”. Так, без любові да дзяцей і бязмежнага цярпення наўрад ці танец зможа ажыць на сцэне і захапіць гледача.

Але на гэтым сёння ў не па гадах энергічнай Ірыны Бяляк працоўны дзень не заканчваецца. Роўна ў 18.00 да яе на заняткі фітнесам прыходзяць жанчыны.

— Што нам даюць танцы і фітнес? — карэліччанкі здзіўлены пытаннем. — Ды ўсё! Эмоцыі, разрадку пасля працы, адпачынак ад руціны. Два разы на тыдзень не ідзём, бяжым у залу!

У многіх з іх больш за 10 гадоў танцавальна-спартыўнага стажу: кагосьці прывяла сяброўка, а кагосьці запісаў сын. Амаль хорам карэліччанкі кажуць: “Для чаго танцуем? Хочам, як Ірына Станіславаўна быць, такімі ж “энэрджайзерамі”!

Іна ЛЕЙКА
Фота і відэа  аўтара