Дан старт кормозаготовительной кампании
У пачатку тыдня на Карэліччыне пачалася касавіца, якая і дала старт корманарыхтоўчай кампаніі бягучага года. Не толькі выканаўшы, але па некаторых паказчыках і перавыканаўшы даведзены ў мінулым годзе план, Карэліцкі раён стаў адным з перадавікоў корманарыхтоўкі-2018. Сёлета аграрыі Карэліччыны таксама плануюць паказаць добрыя вынікі ў нарыхтоўцы кармоў на бягучы зімовы перыяд. Аднак нельга не дадаць: ход корманарыхтоўчай кампаніі ў значнай ступені будзе залежыць ад надвор’я.
— Падчас корманарыхтоўчай кампаніі 2019 года сельгаспрадпрыемствам раёна ў цэлым неабходна высушыць 11000 тон сена, закласці 154405 тон сенажу і 158420 тон сіласу, – адзначыў начальнік аддзела арганізацыі вытворчасці і механізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Карэліцкага райвыканкама Генадзій Белы. – Сёлета да нарыхтоўкі кармоў у раёне прыступілі на тыдзень пазней, чым у мінулым годзе. Некаторы час было дастаткова холадна. Аднак на сённяшні дзень склаліся спрыяльныя ўмовы для росту траў: дастаткова вільгаці і цяпла. Як паказаў раённы агляд корманарыхтоўчай тэхнікі, кіраўніцтва ўсіх гаспадарак адказна падыйшло да яе рамонту і абслугоўванню. Як вынік, сёння амаль усе гаспадаркі раёна актыўна ўключыліся ў нарыхтоўку кармоў, а менавіта косяць травы і закладваюць сянаж у сянажныя траншэі.
З самага пачатку тыдня да касавіцы прыступілі аграрыі КУСП “Чарняхоўскі-Агра”. Дарэчы, яны адны з першых у раёне пачалі закладваць сянаж.
– Касіць злакавыя ва ўрочышчы Лыкавічы пачалі ў панядзелак. Праз два дні, у сераду, пасля таго, як яны падвяліліся, прайшлі граблі, і да працы прыступіў “Ягуар”. Затым здрабнёная зялёная маса адвозілася на ферму “Лыкавічы”, дзе трамбавалася ў сянажную траншэю, – расказвае аб першых кроках корманарыхтоўкі-2019 упраўляючы ўчасткам №1 Юрый Кірэеў. – Для таго, каб у поўнай ступені забяспечыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы якаснымі кармамі, запланавана нарыхтаваць 1670 тон сена, 14035 тон сенажу і 13600 тон сіласу. Аднак працаваць неабходна хутка, каб правесці першы ўкос у сціслыя тэрміны. Менавіта зараз самы спрыяльны час, бо травы знаходзяцца ў фазе бутанізацыі. Увогуле, на першы ўкос ускладаем вялікія надзеі.
Для паспяховага правядзення корманарыхтоўчай кампаніі гаспадарка мае ўсю неабходную тэхніку: 4 касілкі, 4 грабель, 2 корманарыхтоўчыя камбайны, машыны для адвозкі зялёнай масы і інш.
– Безумоўна, тэхніка мае асаблівасць ламацца. Спрагназаваць гэта немагчыма, – з веданнем справы адзначае Юрый Кірэеў. – Аднак інжынерная служба гаспадаркі заўсёды на падхваце. Увогуле, вельмі важна, каб спецыялісты розных галін працавалі ў адной звязцы. Тады і агульным вынікам кожны будзе задаволены.
Калі для вопытнага ўпраўляючага ўчасткам распачаўшаяся корманарыхтоўка не дзясятая і нават не дваццатая па ліку, то для чацвёртакурсніка Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Марка Катовіча, які падчас майго прыезду таксама знаходзіўся на полі, гэта толькі першыя крокі ў будучую прафесію. Пасля заканчэння каледжа малады спецыяліст прыйдзе на працу ў КУСП “Чарняхоўскі-Агра” ў якасці памочніка ўпраўляючага ўчасткам, таму самы час ад тэорыі пераходзіць да практыкі.
Гледзячы на імклівы рух тэхнікі ва ўрочышчы Лыкавічы, стала зразумела, што ў корманарыхтоўку механізатары гаспадаркі не ўвайшлі, а літаральна ўварваліся. Пакуль стаіць добрае надвор’е, трэба працаваць. Дарэчы, прагноз сіноптыкаў для аграрыяў раёна застаецца самай актуальнай інфармацыяй, за якой сочаць бадай што ўсе працаўнікі палёў.
Аксана ЯНУШ
Фота аўтара