Работники КСУП «Луки-Агро» первыми на Кореличчине приступили к уборке рапса

Не так даўно карэліцкія аграрыі ўвайшлі ў адзін з самых адказных і, бадай што, найпрыемнейшых перыядаў аграрнага цыкла – уборачную кампанію, якая дазваляе пабачыць рэальны вынік шматмесячнай напружанай працы. Першы на чарзе – азімы рапс, да абмалоту якога ўжо прыступілі пяць гаспадарак раёна: КУСП “Чарняхоўскі-Агра”, КСУП “Малюшычы”, КСУП “Лукі-Агра”, СВК “Жухавічы” і КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”. Сёння-заўтра ўборка рапсу пачнецца і ў астатніх сельгаспрадпрыемствах Карэліччыны.

З пачатку ліпеня першымі ў раёне да абмалоту алейнай культуры прыступілі працаўнікі КСУП “Лукі-Агра”, якія на раніцу аўторка дасягнулі найвышэйшых у раёне вынікаў: з запланаваных 230 га ўбрана 142 гектара, альбо 62%, намалочана 454 тоны чорнага золата пры ўраджайнасці 32 ц/га.

– Першапачаткова ўбіраем тыя ўчасткі, якія пацярпелі ад спякоты. Па меры паспявання алейнай культуры пераходзім на іншыя плошчы, – адзначае вядучы аграном-аграхімік КСУП “Лукі-Агра” Павел Тананка. – Увогуле, сёлета рапсу не хапіла вільгаці. Але перазімавала алейная культура добра. Усё, што залежыла ад нас, мы зрабілі: у неабходныя агратэхналагічныя тэрміны тройчы падкармілі рапс азотнымі ўгнаеннямі, правялі апрацоўкі ад шкоднікаў і хвароб. Аднак надвор’е дыктуе свае ўмовы. Дарэчы, у мінулым годзе да ўборкі прыступілі значна пазней. Сёлета ж да канца тыдня плануем абмалаціць усе плошчы. Якая будзе канчатковая ўраджайнасць азімага рапсу, даведаемся крыху пазней. Аднак па меры пераходу на лепшыя ўчасткі яна ўзрастае.

Ва ўрочышчы Камяніца непадалёк ад вёскі Вышкава, дзе давялося асабіста пабачыць, як у кузавы МАЗаў сыплецца чорнае золата ўраджаю-2019, на ўборцы рапсу працавалі два камбайнавыя экіпажы: на “Лексіёне” – Андрэй Штэйн з памочнікам Аляксеем Гоцкам, на “Джон-Дзіры” – Аляксандр Зуська і Андрэй Крапіўніцкі. Як толькі бункеры камбайнаў напаўняліся алейнымі зярнятамі, да іх пад’язджалі аўтамабілі, якія імчалі рапсавы ўраджай на зернесушыльны комплекс. Дарэчы, вадзіцелі КСУП “Лукі-Агра” Ігар Шыран і Сяргей Валько распачалі ўборачную-2019 на нядаўна набытых МАЗах 555026.

Аксана ЯНУШ
Фота аўтара