10 жніўня карэліцкія спартсмены гатовы прыняць самыя складаныя выклікі “Свята мора” на Аўгустоўскім канале

Каманда з 10 карэліччан прыме ўдзел у Адкрытым чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па “балотным футболе” і спаборніцтвах па пляжным валейболе.

Камандзір аддзялення ПАСП-12 Карэліцкага РАНС Віталій Сідаркевіч на Аўгустоўскі канал ездзіў раней толькі на адпачынак з сябрамі. Былыя візіты ў маляўнічае месца са славутай гісторыяй пакінулі ў карэліччаніна самыя лепшыя ўражанні: “Тут ёсць абсалютна ўсё для выдатнага адпачынку для любога ўзросту. Спадзяюся, што падчас “Свята мора” мы паспеем і добра выступіць на спартыўных змаганнях, і ацаніць насычаную культурную праграму мерапрыемства разам з краявідамі. Але гэта будзе няпроста, бо я ўдзельнічаю як у “балотным футболе”, так і ў пляжным валейболе. Чулі, што супернікі сур’ёзныя, але каманда ў нас моцная і настроена паказаць годныя вынікі”.

Толькі як турыст наведваў Аўгустоўскі канал і яшчэ адзін прадстаўнік Карэліччыны – рамеснік з Міра Эрнст Гінак, а зараз будзе абараняць гонар раёна ў спаборніцтвах па пляжным валейболе: “Гэты від спорту даволі няпросты і патрабуе вялікіх намаганняў. Але я звыклы з маленства да фізічных нагрузак, мой тата Аляксандр Гінак – інструктар па спорце КСВУП “Птушкафабрыка “Чырвонаармейская”, майстар спорту па рукапашным боі – навучыў нас з братам не баяцца цяжкасцяў і імкнуцца да перамогі. Тым больш, упэўнены, што настрой на “Свяце мора” будзе панаваць адмысловы, пазітыўны і добразычлівы, і мы ўсё адолеем!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара, Эрнста Гінака і з архіва “Гродзенскай праўды”