Как мёдом намазано! В агрогородке Цирин прошёл самый сладкий фестиваль этого лета (фоторепортаж)
На мінулым тыдні аграгарадок Цырын стаў цэнтрам самага смачнага і вясёлага фестывалю Карэліччыны – “Мядовага фэсту”. Свята праходзіць трэці год запар і набірае ўсё большую папулярнасць, прыцягваючы на цырынскую зямлю не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з іншых раёнаў. Сёлета арганізатары таксама падрыхтавалі разнастайную праграму, якая не дала сумаваць пчалярам і ўсім аматарам карыснага ласунку.
Пачалося мерапрыемства з круглага стала, дзе ўласным вопытам і сакрэтамі майстэрства падзяліліся пчаляры Карэліччыны. Так, у жыццё Міхаіла Адамавіча Русака гэтая справа ўвайшла пяцьдзясят чатыры гады таму. Аднойчы, яшчэ будучы студэнтам Гродзенскага музычнага вучылішча, хлопец прыехаў у родную вёску Дуброва, дзе неспадзявана для сябе ўбачыў нешта падобнае да сабачай будкі…
– Уваходжу ў хату, абдымаю матулю і адразу пытаюся, калі яна паспела завесці сабаку і чаму мне аб гэтым не сказала, – узгадвае той далёкі час мужчына. – А праз секунду чую, што гэта не будка, а… вулей! Менавіта з таго часу і пачалася справа ўсяго майго жыцця.
Першыя “жыхары” вулея з’явіліся на гаспадарскай ліпе, якая расла непадалёк ад хаты, а крыху пазней да Міхаіла Адамавіча ўвогуле прыляцеў цэлы рой. Вядома, спачатку справа не ладзілася: што з імі рабіць, як даглядаць? Але з цягам часу занятак прыносіў усё большае задавальненне і неўзабаве адзін вулей ператварыўся ў трынаццаць. Рабіць бізнес з улюбёнай справы жыхар вёскі Дуброва не хацеў: першапачатковай мэтай было дзяліцца мёдам з роднымі. У прынцыпе, так і сталася: смачны ласунак любяць і дзеці, і ўнукі, а сам Міхаіл Адамавіч на поўную сілу выкарыстоўвае карысныя якасці мёду з уласнай пасекі.
– Кожную раніцу мы з жонкай бяром шклянку цёплай вады і дадаем туды лыжку мёду. Ведаеце, для страўніка гэта вельмі карысная рэч, – дзеліцца рэцэптам Міхаіл Русак. – Акрамя гэтага, мы дадаём мёд у аўсянку, але не гарачую, а крыху астылую – іначай мёд губляе свае карысныя ўласцівасці.
А вось пастаянны ўдзельнік “Мядовага фэсту” Валерый Лісоўскі з Карэліч займаецца пчалярствам з 2003 года. На сённяшні дзень пасека мужчыны налічвае больш за семдзясят вулляў, а сам ён з’яўляецца ўдзельнікам Салігорскага міжрэгіянальнага аб’яднання пчаляроў “Бортнік” і членам Ваўкавыскага кааператыва “Наш мёд”.
– Самым папулярным у насельніцтва з’яўляецца чамусьці цёмны мёд, – уводзіць у курс справы Валерый. – Мабыць, гэта звязана з тым, што шмат людзей лічаць, быццам бы ў светлы мёд нешта падмешваюць – муку, напрыклад. Але гэта, вядома, няпраўда. Увогуле, якасць мёду залежыць ад добрасумленнасці пчаляра, ад яго зацікаўленасці ў добрым прадукце.
Нягледзячы на вялікую колькасць вулляў, часу на догляд за імі Валерыю хапае. Да таго ж дапамагае жонка і сын, якія цалкам падзяляюць інтарэсы карэліцкага пчаляра.
Удзел у цырынскім фестывалі дапамог Валерыю Лісоўскаму не толькі рэалізаваць прадукцыю, але і атрымаць Дыплом І ступені ў намінацыі “Чэмпіён смаку”, які ў мужчыны ўжо далёка не першы.
Дарэчы, у спаборніцтве на самы смачны мёд уладальнікамі Дыпломаў ІІ і ІІІ ступеняў сталі Павел Макарэвіч і Уладзімір Шамкаловіч суадносна.
На працягу свята гасцей чакалі інтэрактыўныя гульні і конкурсы, канцэрт у выкананні творчых калектываў Карэліцкага раёна, а таксама алея майстроў “Творчы вулей”, дзе можна было набыць вырабы майстроў народнай і сучаснай прыкладной творчасці. Кулінарная пляцоўка пад гучнай назвай “Нам тут мёдам намазана” запрашала дарослых і маленькіх аматараў мёду на пачастунак ад кулінараў, а на пляцоўцы “Кніжны рой” можна было прачытаць цікавыя і малавядомыя факты пра пчол.
– На “Мядовы фэст” ходзім трэці год запар, – расказваюць жыхаркі Цырына Алена і Жанна. – Тут весела, цікава і да таго ж – смачна. Увогуле, мёд ужываем не толькі ў ежу, але і з карысцю для арганізма: робім кампрэсы, якія спрыяюць больш хуткаму выздараўленню.
Зрабіць здымак у выглядзе пчалы або з бочкай мёду можна было на пляцоўцы “Фотавулей”, падрыхтаванай супрацоўнікамі Карэліцкага раённага краязнаўчага музея. Дарэчы, менавіта тут мы сустрэлі гасцей са сталіцы – Аксану і Яўгенія з маленькім сынам Ільёй.
– На выхадныя мы з мужам вырашылі завітаць да маёй матулі, – расказвае Аксана, – і падумалі: а чаму б не схадзіць на фестываль? Тут смачна, цікава і весела. Галоўнае, што сыну падабаецца – бачыце, як смяецца?
Напрыканцы фестывалю журы падвяло вынікі конкурсу на самую лепшую страву з мёдам, у якой Дыплом І ступені атрымала Людміла Гушчэня, другое месца засталося за Ганнай Раманчук, а “бронзавым” прызёрам стала Варвара Таўлуй.
Вікторыя КАСЦЮК
Фота аўтара
? ФОТАГАЛЕРЭЯ ?