Маленькі калектыў, значныя вынікі. Карэліцкі філіял КУП па забеспячэнні палівам «Гроднааблпаліва» традыцыйна спрацаваў на «выдатна»

У Карэліцкім філіяле КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва” – невялікі калектыў, усяго 19 чалавек. Затое поспехі – значныя, а праца ідзе дружна і зладжана.

“Прыгажосць і парадак” – першая думка, калі заходзіш на тэрыторыю філіяла. Выдатныя ўмовы створаны на прадпрыемстве і на кожным працоўным месцы. А галоўнае атмасфера ў калектыве – зусім сямейная, дзе слова “ўзаемападтрымка” – не пусты гук. Тут не ведаюць, што такое “цякучка” кадраў. Нездарма за два апошнія гады калектыў практычна не змяніўся.

“Па добрай традыцыі і сёлета ўсе асноўныя вытворчыя і планавыя паказчыкі мы выконваем, – дзеліцца поспехамі філіяла галоўны бухгалтар Святлана Лазарэвіч, якая, між іншым, на гэтай пасадзе працуе на прадпрыемстве ўжо 24 гады. – Нагадаю, мы займаемся рэалізацыяй брыкету і дроў, вырабам і продажам піламатэрыялаў і пліткі. Таксама да нас звяртаюцца, калі патрэбна распілоўка круглага лесу, колка дроў, транспартныя паслугі. На прадпрыемстве ёсць склад-магазін з будаўнічымі матэрыяламі, бытавой тэхнікай і мэбляй. Наконт лічбаў за сем месяцаў бягучага года. Аб’ём вытворчасці прадукцыі, работ і паслуг павялічыўся на 7,5% у параўнанні з аналагічным мінулагоднім перыядам, прадукцыйнасць працы – на 10,9%. Насельніцтву рэалізавана 1506 тон брыкету, 1248 кубічных метраў дроў”.

Адміністрацыйна-ўпраўленчы апарат філіяла

“Накірункаў дзейнасці і працы ў нас, сапраўды, хапае, – дадае галоўны эканаміст Таццяна Карпаленка. – А так як нашы будні найперш звязаны з абслугоўваннем насельніцтва, то нярэдка працоўны дзень бывае ненармаваны. І тут вельмі дапамагае ўзаемавыручка, якой адрозніваецца наш калектыў. Напрыклад, вадзіцелі філіяла часам на працу выязджаюць у пяць гадзін раніцы, а вечарам могуць яшчэ накіравацца ў дальнюю вёску даставіць дровы альбо брыкет. І тут без каманднага духу ніяк”.

У такім рэжыме якраз і працуе на прадпрыемстве 22 гады вадзіцель Уладзімір Карніла. Ён, дарэчы, сёлета ўзнагароджаны Падзячным пісьмом КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва”. Мужчына родам з вёскі Кісялі Баранавіцкага раёна, школу скончыў у гарадскім пасёлку Гарадзішча. З дзяцінства цікавіўся тэхнікай і машынамі, а бацька навучыў яго такарнай справе. Пасля адслужыў у арміі ў Барысаве і Мінску, адвучыўся ў Лідскім індустрыяльным тэхнікуме (цяпер – каледж), адкуль атрымаў накіраванне на Мірскую аўтабазу. Тут спачатку быў дыспетчарам, а затым у 1986 годзе перавёўся ў вадзіцелі. А ўжо ў снежні 1997 года перайшоў на сённяшняе месца працы. За дзесяцігоддзі за баранкай Уладзімір Карніла вадзіў у асноўным “ЗІЛы”, а цяпер зранку і да вечара кіруе “МАЗам”. На рэпліку “Няпростая ў вас прафесія. Можа, лепш было застацца токарам?”, мужчына ўпэўнена адказвае: “Усё склалася ў жыцці добра. Ёсць умовы, калектыў цэніць. Галоўнае, каб былі заказы, а мы яшчэ папрацуем”.

Вадзіцель Уладзімір Карніла

На сваім месцы адчувае сябе і дрывакол Міхаіл Макас. Менавіта ён у мінулым годзе прадстаўляў родны філіял на Дошцы гонару КУП па забеспячэнні палівам “Гроднааблпаліва”. На прадпрыемства мужчына прыйшоў у ліпені 2007 года. Ураджэнец карэліцкай вёскі Любанічы, пасля 10 класа Цырынскай школы ён паступіў у Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча металістаў на слесара-рамонтніка, затым два гады адслужыў у Томску, а да 1985 года працаваў па спецыяльнасці ў беларускай сталіцы на заводзе “Інтэграл”, пакуль не вярнуўся ў Карэлічы. Льнозавод, аўтабаза, калгас у Луках і, нарэшце, мясцовы філіял ДП “Гроднааблпаліва” – такая прафесійная біяграфія мужчыны на малой радзіме. “З раніцы станок наладзілі – і наперад, за працу. Увесь час – на свежым паветры, толькі ў маразы і непагадзь пераходзім у памяшканне”, – так расказвае пра свой дзень на прадпрыемстве Міхаіл. Адзначае, што калектыў падабраўся душэўны, і ўсім напярэдадні свята жадае здароўя і добрага настрою.

Дрывакол Міхаіл Макас

Да віншаванняў прыядноўваецца і дырэктар філіяла Іван Будзейка. На пасаду ён заступіў толькі сёлета ў жніўні, але, кажа, з першых дзён адчуў, што на прадпрыемстве працуюць прафесіяналы і адданыя справе людзі: “Накіроўваю работнікам і ветэранам вытворчасці самыя шчырыя словы падзякі! Жадаю плёну ва ўсіх сферах жыцця, няхай праца прыносіць задавальненне і спрыяе дабрабыту, а ў сям’і пануюць павага, любоў і ўзаемапаразуменне!”

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара