КСУП «Царука» будуе новую гісторыю на надзейным фундаменце

Бульбяны край, прынёманскія краявіды, зямля, слаўная гераічнай гісторыяй і знакамітымі ўраджэнцамі. На прасторах КСУП “Царука” можна знайсці шмат цікавага як у мінулым, так і сучасным, упэўнены дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Мікалаевіч ЛЕЙКА.

Дырэктар Аляксандр Лейка. Фота Аксаны Януш

– Год у нас пачаўся адметна – у студзені гаспадарка адзначыла сямідзесяцігадовы юбілей. І хоць мяне ў якасці кіраўніка лёс звёў з гэтым краем у 2016 годзе, за непрацяглы час я пранікся асаблівай прыязнасцю і павагай да гэтай зямлі і яе людзей. Нездарма наша сельгаспрадпрыемства названа ў гонар славутага земляка, ураджэнца вёскі Вялікая Вобрына Героя Савецкага Саюза Уладзіміра Царука, а ў 1971 годзе ўзнагароджана значнай дзяржаўнай узнагародай – ордэнам Знак Пашаны. Нашы аграрыі і сёння не баяцца цяжкасцяў і выклікаў. Калі перад імі ставяць сур’ёзную задачу, то яны складаюць багата намаганняў для яе выканання.

Усяго ў калектыве – 222 работнікі, людзі самадастатковыя ў прафесіі. Для многіх з іх прынёманская зямля – малая радзіма, ёсць і працоўныя дынастыі.

Штогод нашы работнікі адзначаюцца ўзнагародамі. Сёлета на ўзроўні раёна вылучаны трактарысты-машыністы Мікалай Мароз і Анатолій Малышка, вадзіцель Мікалай Жук, галоўны бухгалтар Дзіна Варэнік, з маладых спецыялістаў – электрык Віктар Барадзін.

Але будуем мы не толькі калектыў, але і новыя сельгасаб’екты. У мінулым годзе распачалася рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Быковічы” на 172 галавы.

Таксама сярод прыярытэтаў на сучасным этапе стаіць арганізацыя вытворчасці сельгаспрадукцыі на стабільнай індустрыяльнай, прамысловай аснове. Бо фундамент мінулых дасягненняў – гэта, вядома, добра, але без навейшых тэхналогій не абысціся.

Трактарыст-машыніст Віталій Мазюк

З планамі на будучыню зразумела, а вось якія лічбы маем за 10 месяцаў бягучага года. У параўнанні з мінулым годам не на шмат, але ўсё ж больш атрымалі малака – 4442 тоны, зерня таксама – 5288 тон. Кармоў нарыхтавана 8973 тоны. Што датычыцца брэнда нашай гаспадаркі – бульбы, то яе ў нас сёлета 1411 тон.

Вядома, ёсць над чым працаваць, як і жаданне з магчымасцямі, а, галоўнае, надзейныя і вопытныя кадры. Разам мы і будуем новую гісторыю гаспадаркі.

Марына КАЗЛОВІЧ
Фота аўтара